“Філалагічная ВОСЕНЬ”

Звычайныя прадметныя тыдні ў ліцэі ператвараюцца ў сапраўдныя фестывалі, прыцягваючыя нават сваімі назвамі: «Фізіка-матэматычная зіма”, «Хіміка-біялагічная вясна”, а пачынаецца навучальны год з «Філалагічнай восені”. Расказвае загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Барысаўна ТРЭГУБАВА:
– Шматлікія мерапрыемствы праводзім у адпаведнасці з праектам «Выхаванне нацыянальна свядомай моўнай асобы з прадуктыўным мысленнем і актыўнай жыццёвай пазіцыяй праз арганізацыю прадметных тыдняў”. Апошнім часам справы асобнай навучальнай установы далучаюцца да рэспубліканскіх падзей, абвешчаных у гонар нацыянальных літаратурных дзеячаў. Сёлетні Год Багдановіча пачалі яшчэ вясной з тагачаснымі 10-класнікамі. У бібліятэцы і двух кабінетах беларускай мовы правялі выставы кніг і публікацый; конкурсы плакатаў, малюнкаў і насценных газет; вызначылі лепшых чытальнікаў твораў паэта. Пераможцай з вершам «Пагоня” стала Насця Гатоўчыц, цяпер вучаніца 11 «Ж” класа. З 10-класнікамі, якія прыйшлі ў ліцэй, у верасні-лістападзе працягваем інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя генію беларускай паэзіі. Лепшае сачыненне пад незвычайнай назвай «Багдановіч – Богам дадзены” напісала вучаніца 11 «А” класа Галіна Баліцкая, праца якой прадстаўлена на раённы конкурс.
Самымі памятнымі падзеямі застаюцца і сустрэчы з вядомымі беларускімі літаратарамі. Фотаімгненні цікавых сустрэч з пісьменнікамі, якіх называем паслядоўнікамі класікаў, адлюстраваны ў рукапісных часопісах, што захоўваюцца ў кабінеце. З ліцэйскага летапісу – і гэты здымак пераможцаў аднаго з тэматычных конкурсаў «Філалагічнай восені-2010”.

НА ЗДЫМКУ: выпускніцы ліцэя Ульяна ТРЭГУБАВА, Насця МАКЕЙЧЫК, Ірына МАКСІМОВІЧ, Юлія ГРУДЗЬКО, Насця КАХОВІЧ – цяпер студэнткі розных ВНУ Беларусі.