“Фотапіс” Палесскага краю

У пачатку кастрычніка у адной з рэспубліканскіх газет убачыў копіі цудоўных фотаздымкаў палесскага жыцця пачатку мінулага стагоддзя.


Чорна-белыя, разнастайныя па сюжэту і тэматыцы, яны зацікавілі сваёй асаблівасцю. На іх – прырода, сялянская праца і быт, дзеці, кірмашы і нават легкавыя аўтамабілі, дызайну якіх пазайздросцілі б сённяшнія аматары. Усе фотаздымкі выкананы з вялікай любоўю і з добрым густам. Аўтар не ставіў сабе мэту патрапіць на конкурс ці атрымаць ганарар. Ён проста “фотапісаў” бачныя малюнкі жыцця людзей таго часу, зберагаў, каб сёння мы маглі іх убачыць. Гэта 80-гадовая гісторыя нашага Пінска-Лунінецка-Столінскага Палесся. Глядзіш і не верыш, што гэтыя падзеі і людзі з таго цяпер ужо далёкага часу… Аўтарам здымкаў з’ўяляецца ўраджэнка вёскі Парахонск Пінскага раёна Зофія Хаментоўска, з роду князёў Друцка-Любецкіх, якія мелі маёнтак і ў Луніне. Лёс “пакідаў” фатографа па свеце – яна жыла ў Польшчы, Англіі, Аргенціне. Паўсюль вазіла з сабой калекцыю негатываў, якіх у яе была не адна сотня… У кастрычніку-лістападзе фотавыстава экспанавалася ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь. Яе арганізавалі фонд “Археалогія фатаграфіі” пры супрацоўніцтве з Польскім Інстытутам у Мінску. Многія наведвальнікі выказвалі шчырае здзіўленне асаблівасцю ракурсаў на некаторых фотаздымках. “Выхапленыя” кароткія імгненні з жыцця прывабліваюць сваёй непаўторнасцю, дакументальнасцю і гістарычнасцю. 30 лістапада выстава “Паміж кадраў. Фатаграфіі 1925-1945”перамясцілася ў музей Пінска. Падчас адкрыцця на ёй прысутнічала віцэ-консул Рэспублікі Польша ў Брэсце пані Ганна Домска-Лучак, а таксама начальнік аддзела культуры Пінска Мікалай Лукашэнка. Выстава будзе працаваць да 30 снежня.

Мікалай ПАНАСЮК, краязнаўца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть