ГАСПАДЫНЯ БАГДАНАЎСКІХ НІЎ

Ускраіна Багданаўкі. Ціхі ветрык гойдае цяжкае калоссе на
жытнёвым полі, якое цёмнай стужкай на дзве часткі падзяляе пясчаная дарога.
Спякотнае сонца так пазалаціла нівы, што на фоне блакітнага неба яны выглядаюць
сапраўдным скарбам…

Гул  лёгкага матора
ўрываецца ў размераны рокат працуючых удалечыні камбайнаў. Гэта на скутэры да
месца вядзення жніва пад’ехала галоўны аграном СВК “Багданаўка” Яўгенія
Антановіч. Тое, што жанчына займае такую адказную пасаду ніколькі не здзівіла,
уразіла, што яна – адзіны спецыяліст у агранамічнай службе гаспадаркі.

– Так атрымалася, што аграномаў у нас больш няма. Таму
даводзіцца быць яшчэ і насенневодам і спецыялістам па абароне раслін. Асабліва
складана сумяшчаць апошнюю пасаду. Работу з ядавітымі пестыцыдамі і гербіцыдамі
недасведчаным людзям не даверыш. Тут і да бяды нядоўга. Таму ў маі, калі
праводзілі асноўную апрацоўку пасеваў ад пустазелля і шкоднікаў, штодзень
знаходзілася ў полі. З дому выязджала раніцай 
на трактары з механізатарамі, а вярталася позна вечарам …

– Няўжо зараз, падчас жніва, жыццё спакайнейшым стала?

У адказ – лёгкая ўсмешка, на стомленым твары:

– Гэта, можна сказаць, галоўны экзамен, які падводзіць
вынік нашым папярэднім старанням. Таму не шкадуем сіл і часу, каб своечасова і
без страт убраць вырашчанае. Калі параўноўваць з леташнімі намалотамі, то
сёлетнія – значна большыя.

– Работа для вас – асноўнае, а хто дома ўпраўляецца? Жывёлу
на асабістым падворку трымаеце?

– Усё як у людзей – ёсць карова, свінні, птушка…
Даглядаюць іх у асноўным муж, ды малодшая дачушка, якая перайшла ў 10-ты клас.
Старэйшыя дочкі летась займелі свае сем’і. Адна ў сталіцы жыве, другая – у
Брэсце. Шчаслівы гэта быў год для нас – два вяселлі згулялі… Цяпер вось
радуемся першай унучцы, якая нарадзілася ў чэрвені.

– Хацелі б, каб малодшая дачка па вашых слядах пайшла, і
з цягам часу, як і вы, галоўным аграномам стала?

– Не. Пасада галоўнага агранома – не кожнай жанчыне пад
сілу. Магчыма, калі б служба была поўнасцю ўкамплектава, я б іншай думкі
прытрымлівалася. За 30 год у гаспадарцы ў розных умовах працавала. Калі хапала
спецыялістаў, была аграномам-насенневодам. Гэта мая любімая работа, менавіта яе
лічу ў агранаміі па-сапраўднаму жаночай… Агранамічную службу гаспадаркі
ўзначальваю сем год.  Без памочнікаў
працаваць вельмі цяжка, а яшчэ крыўдна, што за сумяшчальніцтва даплат не
робяць, маўляў, нельга.

– Затое ў вас ёсць скутэр. Спадзяюся, ён – службовы?

– Асабісты. Яго купіла сястра, якая летась у госці з
Санкт-Пецярбурга прыязджала, калі ўбачыла, што я па рабочых справах на
веласіпедзе езджу. Новую тэхніку асвоіла хутка, толькі шкада, што даху ў ёй
няма: ад ветру, дажджу і холаду не абароніць.

Ххх

На мінулым тыдні СВК “Багданаўка” амаль завяршыла жніво
збожжавых і зернебабовых – з 950 гектараў убралі 936. Пры ўраджайнасці 28,2
цэтнера з гектара працуючыя на нівах экіпажы камбайнаў у складзе Васіля і
Фёдара Ільючыкаў, Сяргея Ільючыка і Мікалая Савіча, Паўла Ярмольчыка і Сяргей
Кавалевіч намалацілі 2638 тон зерня. Нягледзячы на тое, што ў гаспадарцы
найвышэйшая ў раёне нагрузка на камбайн – з уборкай тут не зацягнулі. У полі
застаюцца 14 гектараў пакуль яшчэ недаспелых бабовых.  

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть