ГАЗІФІКАЦЫЯ РАКІТНА ВЕРАГОДНАЯ,
але не такая хуткая, як гэтага хацелася б вяскоўцам
Жыхары Ракітна звярталіся ў шэраг інстанцый з просьбай аб газіфікацыі вёскі. Пытанне разглядалася ў РУП «Брэстаблгаз”, абласным Камітэце па архітэктуры і будаўніцтву, райвыканкаме. Пракаменціраваць становішча папрасілі намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра ЦЕЛЬПУКА:
– Газіфікацыя Ракітна магчыма пасля завяршэння работ у Кажан-Гарадку у 2011 годзе з будаўніцтвам ўчастка газаправода высокага ціску працягласцю 2,2 кіламетра і шафавы размеркавальны пункт сумарным разліковым коштам 470 мільёнаў рублёў.
Хацелася б паведаміць жыхарам раёна, што па стану на 1 студзеня гг. з 2168-мі вёсак, пасёлкаў, аграгарадкоў на Брэстчыне прыродны газ пададзены толькі да 365-ці паселішчаў. Гэта складае 16,8 працэнта ад агульнай колькасці сельскіх населеных пунктаў. Пры распрацоўцы Праграмы развіцця газіфікацыі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 годы на будаўніцтва падводзячых газаправодаў па сельскай мясцовасці, улічваліся звароты грамадзян. Брэсцкі аблвыканкам заявіў 388,9 мільярда рублёў з інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі, у тым ліку 291,5 мільярда – на газіфікацыю аграгарадкоў і 97,4 мільярда – вёсак і пасёлкаў.
Але плануецца накіраваць на Брэстчыну толькі 87,1 мільярда рублёў, што складае адпаведна 29,9 і 22,4 працэнта ад агульнай патрэбнасці. Улічваючы абмежаванасць выдзяляемых сродкаў, яны будуць накіраваны ў першую чаргу на будаўніцтва падводзячых газаправодаў да населеных пунткаў, якія пераўтвораны ў аграгарадкі за перыяд 2006-2010 годы. Уключыць у праграму газіфікацыю Ракітна не ўяўляецца магчымым.
Адзін з варыянтаў задаволіць запыт вяскоўцаў – прыцягнуць сродкі Праграмы жыллёвага будаўніцтва. Аднак цяпер яна яшчэ не зацверджана, адсутнічаюць сродкі нават для распрацоўкі кварталаў жыллёвай забудовы. Між тым, у гэтым выпадку для Ракітна неабходна запланаваць узвядзенне не менш як 11-ці жылых дамоў для СВК «Дварэцкі”. Тады, у адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама ад 05.02.2010 г. №91, можна пракладваць газаправод да будынкаў, якія ўзводзяцца, з разліку 200 метраў на адзін жылы дом.
Цяпер КУП «ЛунінецрайУКС” сумесна з СВК «Дварэцкі” прапрацоўваюць магчымасць будаўніцтва такіх жылых дамоў у Ракітна.
Калі гэта пытанне будзе вырашана, пракладка падводзячага газаправода да населенага пункта і вулічных размеркавальных газаправодаў да дамоў, што ўзводзяцца, можа быць уключана ў Графік фінансавання і будаўніцтва пазапляцовачных інжынерных сетак газазабеспячэння і збудаванняў на іх, уключаючы газарэгулятарныя пункты да жылых дамоў індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва і сельскагаспадарчых арганізацый, якія ўзводзяцца за кошт інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі і ўласных сродкаў УП «Брэстаблгаз”.