ГЛЕБА – чыстая, ГРЫБЫ – брудныя

Аматарам «ціхага палявання” трэба ўлічваць акалічнасці прыроды.

На фоне адносна невялікіх узроўняў забруджвання глебы назіраюцца дастаткова высокія ўзроўні забруджвання харчовай прадукцыі лесу. 80 працэнтаў радыенуклідаў асела ў лясной посцілцы і 5-сантыметровым пласце зямлі. Адпаведна найбольшы ўзровень утрымання радыенуклідаў характэрны для расліннасці, чыя каранёвая сістэма знаходзіцца на гэтым узроўні.

Моцнымі накапляльнікамі застаюцца грыбы і ягады. Пры іх зборы трэба ўлічваць здольнасць назапашвання цэзію-137. Рэкамендуем збіраць грыбы слабанакопліваючыя (апёнак восеньскі, грыб-парасон стракаты, дажджавік) і сярэдненакопліваючыя (лісічка, белы грыб, падбярозавік, падасі-навік). Асобныя часткі пладовых цел таксама адрозніваюцца: у грыбоў з моцна развітай ножкай утрыманне радыенуклідаў у капялюшыках у 1,5-2 разы вышэйшае, чым у ножках. Лепш збіраць маладыя грыбы. Сабраныя «дары лесу” павінны прайсці моцную кулінарную апрацоўку: вымочванне на працягу 12 гадзін з наступным адварваннем (3-6-разовае 10-хвіліннае кіпячэнне са зменай вады пасля кожнага).

З восеньскіх лясных ягад найменшай здольнасцю назапашваць радыецэзій валодаюць каліна і ажыны, найбольшай – брусніцы і журавіны. Ягады «чысцейшыя” ў сухіх умовах вырастання, у ліставых лясах ці ў змешаных з ліставымі драўніннымі пародамі сасновых. Перад ужываннем дары лесу неабходна ачысціць ад прыліпшых часцінак лясной посцілкі, моху, глебы і некалькі разоў прамыць у праточнай вадзе. Пры перапрацоўцы трэба ведаць, што прыгатаванне варэння і кампоту не змяняе агульнага ўтрымання цэзію-137. Зніжаецца толькі яго ўдзельная вага за кошт павелічэння аб’ёму пры дабаўленні цукру і вады.

На падставе вынікаў шматгадовых даследаванняў рэкамендуем устрымацца ад збору грыбоў і ягад у лясных масівах Мікашэвіцкай зоны – Мікашэвіцкае, Сінкевіцкае, Сітніцкае, Краснавольскае лясніцтвы, а таксама ў Дзятлавіцкім і Вулькаўскім. Выяўлены «брудныя” грыбы і ў традыцыйна чыстых мясцінах – Багданаўскім, Лунінскім, Лобчанскім, Лунінецкім лясніцтвах. Усе грыбы трэба перадаваць на радыеметрычны кантроль. Непажадана збіраць і ўжываць у ежу зялёнкі, сыраежкі, грузды, рашотнікі, узровень забру-джвання якіх высокі паўсюдна. Спрыяльныя для «ціхага палявання” масівы Чучавіцкага, Борскага, Баравікоўскага, Бастынскага, Багданаўскага лясніцтваў.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па нумарах тэлефонаў: 2-67-95 і 690-94-28 у абласной лабараторыі радыяцыйнага кантролю ДЛГУ «Лунінецкі лясгас”.

Іван ВАСІЛЕЎСКІ, загадчык лабараторыі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть