ГЛЯДЗІЦЕ НА ЗЯМЛЮ, КАБ УБАЧЫЦЬ НЕБА

Настаўнік гісторыі Лобчанскай СШ Уладзімір Мікалаевіч ЯКАВЕЦ выхоўвае ў вучняў павагу да гістарычнага мінулага, без якой немагчыма стварэнне будучыні.

Прыгадаўшы аналогію з вядомым кінагероем, пытаю педагога, які выкладае і першаклашкам, ці часта называюць “вусатым нянем”? У адказ усміхаецца: у пачатковыя класы прыйшоў у 1992-ім пасля заканчэння Пінскага педагагічнага вучылішча, апошнія сем год выкладае гісторыю, не адмаўляючыся, праўда, ад замен на ўроках малодшых школьнікаў.

Яго захапленне прадметам выходзіць за рамкі класнага пакоя. Грунтоўныя навукова-даследчыя работы, якія вучні пад кіраўніцтвам гісторыка рыхтуюць на раённыя алімпіяды, па вартасці высока ацэньваюцца калегамі. Актыўна працуе з дакументамі ў архівах, занатоўвае расповяды старажылаў. Выкладчык і юных вяскоўцаў прывучае глядзець уважліва пад ногі. Да пошукавай работы прыцягвае дзяцей канкрэтнымі прыкладамі цікавых знаходак:

– Дзяўчынка палола градкі ў агародзе. Раптам перад вачамі зазіхацеў сонечны зайчык. Капнула глыбей – знайшла манету 1736 года. Гэтыя грошы ўжываліся пры Пятры І і пасля яго смерці. Манета не належыць да нумізматычнай рэдкасці, але ж для нашай вёскі – сапраўдная каштоўнасць… Адзін з вучняў на сотках, дзе садзілі бульбу, выявіў лашчыла – прыстасаванне накшталт невялікай сякеры для апрацоўкі скуры – каменнага веку. Гэты ўчастак размешчаны паміж Лобчай і Дубаўкай, што пацвярджае меркаванне археолагаў аб наяўнасці старажытнай стаянкі чалавека ў нашай мясцовасці… Другому вучню трапіліся рэшткі стралы. Кажу: у цябе будуць перакідацца, зламаеш, лепш аддай у кабінет гісторыі. Нахабнік выставіў умову: пастаўце “дзясятку” за год! Але ацэнкі выстаўляю па ведах. Складана зразумець цяперашніх вучняў – мы ў школу ўсё аддавалі бескарысліва…

Настаўнік прапаноўваў дзецям перадаць знойдзеныя рэчы ў раённы краязнаўчы музей: занатуюць прозвішчы дарыцеляў, аб чым будзе прыемна даведацца землякам. Але і ў гэтым выпадку не знайшоў ўзаемаразумення з прадстаўнікамі сучаснага пакалення. Сам жа ён шчаслівы падзяліцца знаходкамі з многімі людзьмі. Пры разбурэнні старога будынка школы знайшлі дакумент, які быў закладзены пры яе будаўніцтве. На тоўстай цялячай скуры друкаваныя лацінскія літары, якія няцяжка было перакласці з польскай мовы, сведчылі:

“Гэта падзея адбылася 3 дня ліпеня месяца 1938 года ў вёсцы Лобча Лунінецкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства, у трэці год пасля смерці стваральніка польскай дзяржавы – Юзэфа Пілсудскага, калі (ідзе пералік кіраўнікоў Польшчы. – Аўт.)… старастам павета быў Казімір Вейза, інспектарам устаноў асветы – Чэслаў Бандурскі, войтам гміны – Віктар Махчынскі, дырэктарам школы – Валер’ян Трапейка, солтысам сельскай грамады – Мікалай Дземянчук. У гэты дзень ксёндз Казімір Ваньковіч з Луніна асвяціў вуглавы камень школы-помніка, унесенай у склад устаноў адукацыі на Палессі, якія ўведзены пры спрыянні ўрада Рэчы Паспалітай і Таварыства дапамогі будаўніцтву грамадскіх школ памяці вялікага маршала Польшчы Юзэфа Пілсудскага, імем якога яна будзе названа. Акт падпісаны на вечную памяць”.

Каштоўны пергамент перадалі ў раённы музей адукацыі. Прадстаўлены ў ім будуць і яшчэ амаль 50 дакументаў Лобчанскай СШ: спіс сярэдніх і пачатковых школ за 1940 год, улік класа-камплектаў вучняў за 1944-1945 навучальны год, пратаколы педагагічнага савета за 1950-1954 гг., кніга важатага за 1954 год, а таксама рэчы: чарнільная ручка і футляр для фарбаў 60-ых гадоў, вучнёская форма дзячынкі і хлопчыка, іншыя рарытэты. У школе, новы будынак якой узведзены ў 1985 годзе як для “васьмігодкі”, з цяжкасцямі размешчаны прадметныя кабінеты, таму для захоўвання архіўнага багацця не хапае месца.

Цікаўлюся ў настаўніка, што асабліва кранула пры знаёмстве са сведчаннямі гісторыі школы, выпускніком якой быў і ён? На пытанне – такі просты і адначасова ёмісты адказ: – Штосьці трэба пакінуць у мінулым, напрыклад, выключэнне са школы за ненаведванне заняткаў па прычыне “працы пастухом грамадскага статка”. Штосьці і цяпер можа служыць урокам. Уражаны лічбай, што ў 1946 годзе 4-ы клас закончылі 209 вясковых дзяцей ! Ці такі факт: вучань выключаны са школы… за нецэнзурную лаянку. Аднавіць бы такую экалогію душы!

Выхаванне школьнікаў адбываецца і праз зносіны з людзьмі, якія годна вытрымалі ваенныя выпрабаванні. Запісваючы ўспаміны аднавяскоўцаў пра абаронцаў Айчыны, вучні сутыкаюцца з прыкладамі вышынь чалавечага духу. Настаўнік спадзяецца, што такія сустрэчы прымусяць прагматычных дзяцей ХХІ стагоддзя задумацца аб вечных катэгорыях маральнасці.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть