ГОД ВЫНІКОВЫ, ГОД ВЫЗНАЧАЛЬНЫ

На пасяджэнні гаспадарчага актыву раёна падведзены вынікі работы за мінулы год.

Аналізуючы сацыяльна-эканамічнае развіццё Лунінеччыны, старшыня райвыканкама В.М. Агіевіч адзначыў, што 2010-ты быў вельмі няпростым для рэальнага сектара эканомікі. Тым не менш, дасягнуты прыкметны прырост прамысловай прадукцыі. Практычна ўся яна рэалізавана спажыўцам. Даведзеныя прагнозныя паказчыкі па тэмпах росту аб’ёмаў прамысловай прадукцыі выканалі ААТ “Лунінецкі малочны завод”, “Палессеэлектрамаш”, “Лунінецлес”, “Палімер”, дзяржаўныя прадпрыемствы “Уніформ”, “Лунінецкі рамонтна-механічны завод”, райспажыўтаварыства.

Адначасова ішло абнаўленне асартыменту выпускуемых вырабаў. Захавана станоўчая дынаміка знешнегандлёвай дзейнасці. Экспартныя пастаўкі ажыццяўляліся ў 14 краін свету. У абнаўленне асноўных сродкаў інвесціравана больш як 76 мільярдаў рублёў. Павялічылася выручка ад рэалізацыі прадукцыі, а па выніках года прамысловымі прадпрыемствамі атрымана 27 мільярдаў рублёў чыстага прыбытку.

Менш абнадзейваючай была сітуацыя ў аграпрамысловым сектары. Тэмп росту валавай прадукцыі тут склаў 104 працэнты – прагнозны паказчык застаўся не выкананым. Сярод прычын – недастатковыя тэмпы развіцця жывёлагадоўчай галіны. Заданне па тэмпах росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі забяспечылі толькі СВК “Вулькаўскі світанак”, “Гарадоцкі” і “Велута”. Пяць сельгаспрадпрыемстваў не дасягнулі ўзроўню папярэдняга года. Ад рэалізацыі прадукцыі атрыманы страты., хаця гэтая лічба ў параўнанні з 2009 годам утрая меншая.

Вялікія спадзяванні ўскладваюцца на рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гг. Сёлета будзе завершана ўзвядзенне малочна-таварных ферм у СВК “Гарадоцкі” і СП “Аграграніт”, рэканструкцыя – у СВК “Дзятлавіцкі”. Пачнецца будаўніцтва яшчэ 5 МТФ у “Лунінскім”, “Новым Палессі”, “Дварэцкім”, “Міжлесскім” і “Рэдзігерва-Агра”. Мяркуецца, што, дзякуючы гэтаму, удасца больш як на 30 працэнтаў павялічыць вытворчасць малака.

Ад стану спраў у рэальным сектары эканомікі залежыць развіццё сацыяльнай сферы. Будаўнічую галіну невыпадкова называюць лакмусавай паперкай становішча ў грамадстве. У гэтым сэснсе Лунінеччына адчувае сябе ўпэўнена. З году ў год павялічваюцца тэмпы жыллёвага будаўніцтва. Летась уведзены ў строй больш як 50 тысяч квадратных метраў жылля. Распачата ўзвядзенне 2 дамоў па канструктыўнай схему “шырокі крок”. У канцы мінулага года сфарміраваны два новыя ЖБК. А ў графік сёлетняга – уключаны чатыры шматпавярхоўкі ў Лунінцы і дзве – у Мікашэвічах.

Істотным набыткам сацыяльнай сферы стала адкрыццё новай раённай бальніцы. Сёлета ў першым квартале мяркуецца завяршыць работы на будаўніцтве Лядовай арэны, а да канца года – увесці ў строй плавальны басейн. У планах – новы Дом культуры, школы ў Вульцы 2, прыбудова да СШ №1 у Лунінцы, гасцініцы ў Лунінцы і Мікашэвічах.

Прыкметна палепшыла летась работу КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ”. Добрых слоў заслужылі калектывы КУВ ВКГ “Водаканал”, гандлёвых прадпрыемстваў райспажыўтаварыства, транспартнікі.

Удзячныя словы адрасаваў кіраўнік раёна медыкам, работнікам культуры, адукацыі, сацыяльнай абароны насельніцтва, фізкультурнікам і спартсменам. Адначасова былі акрэслены задачы на 2011 год, на працягу якога трэба павялічыць вытворчасць прамысловай прадукцыі на 109, селськагаспадарчай – на 110 працэнтаў. Сярэднемесячная заработная плата па раёне павінна дасягнуць 1 мільёна 320 тысяч рублёў.

“Вышэйшай мэтай эканамічнага развіцця дзяржавы з’яўляецца чалавек. Патэнцыял чалавека – гэта патэнцыял дзяржавы. Менавіта таму мы будзем імкнуцца да шматкратнага памнажэння яго дабрабыту” , – зазначыў Васіль Міхайлавіч.

У рабоце актыву браў удзел намеснік старшыні аблвыканкама М.А. Крывецкі. Звяртаючыся да лунінчан, Мікалай Анатольевіч заклікаў больш смела і па-дзелавому брацца за рэалізацыю Дзяржаўных праграм, накіраваных на павышэнне жыцця народа.

Пасля гэтага былі ўшанаваны пераможцы раённага спаборніцтва. Сёлета імі сталі калектывы: ААТ “Лунінецкі малочны завод” (дырэктар С.Ф. Карпец), УБП “Перасоўная механізаваная калона №7” (начальнік У.П. Канапацкі), СВК “Велута” (С.М. Наварыч) і “Вулькаўскі світанак” (У.І. Соц), філіяла “Мікашэвіцкае РГТ” райспажыўтаварыства (А.І. Кулак), аўтапарка №10 (С.М. Кіндрук), Лахвенскага сельвыканкама (Л.А. Пашкевіч), Язвінскай урачэбнай амбулаторыі (В.В. Мірошкіна), народнага ансамбля песні і музыкі “Шляхцічы” ГДК (Г.Ф. Шэўчык), Кажан-Гарадоцкай СШ (С.Р. Бірыла). Заслужанай узнагародай сталі Ганаровыя пераходныя сцягі і Дыпломы райвыканкама.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть