Гаспадары ШЛЯХОЎ ЗНОСІН
Начальнік дыстанцыі пуці Мікалай Адамавіч ШЫРЧАНКА прадстаўлены да звання «Ганаровы чыгуначнік”. Аб’ектыўна ацэньваючы вынікі работы калектыву ў першым паўгоддзі, кіраўнік адзначае:
– Абслугоўваем 351,3 кіламетры галоўных шляхоў, 110,9 – станцыйных, 50,6 – прыёма-адправачных, яшчэ на працягу 9,8 кіламетра – асобныя прадпрыемствы і арганізацыі. На шляхах дыстанцыі знаходзяцца 359 стрэлачных пераводаў, у тым ліку 114 – на галоўных, 229 – станцыйных, 16 – пад’язных. З 75-ці пераездаў 58 знахозяцца на галоўных шляхах, 6 – станцыйных, 11 – прыёма-адправачных. Не дапушчана пратэрміноўкі капітальнага рамонту. Сярэдняя грузанапружанасць на ўчастках склала 13 мільёнаў тон на кіламетр.
Згодна з загадам аб вытворчасці летніх пуцявых работ, сярэдні рамонт выкананы на працягу 1,1 кіламетра, 2,5 – ачышчана шчэбеня машынай РМ-80. Удасканальваецца абсталяванне: заменена 3 камплекты стрэлачных пераводаў, 0,65 кіламетра рэек на старагодныя, 9,9 тысячы штук драўляных шпал на новыя, 10 камплектаў перавадных драўляных брусаў. На адлегласці 11 кіламетраў зварана 59 стыкаў рэек машынай ПРСМ.
У 2009 і мінулым гг. не выяўлена ніводнага выпадку браку. Сёлета не дапушчана адмоў у рабоце тэхнічных сродкаў. Планавае заданне выканана на 127 працэнтаў.
Высокія паказчыкі дасягнуты, дзякуючы дысцыплінаванасці і добрасумленнасці многіх прадстаўнікоў калектыву. Сярод іх – пераможцы працоўнага спаборніцтва, якія прадстаўлены на старонцы газеты.
ПАВАЖАНЫЯ ПУЦЕЙЦЫ!
Шчыра віншуем з прафесійным святам – Днём чыгуначніка – ветэранаў працы, якія закладвалі аснову добрых традыцый, і цяперашніх працаўнікоў. Жадаем моцнага здароўя, шчасця ў дзецях і сем’ях, дабрабыт якіх грунтуецца на стабільнай працы, жыццясцвярджальнага настрою.
Адміністрацыя, прафкам, савет ветэранаў прадпрыемства.
Стратэгічны АБ’ЕКТ
Самыя вялікія на Беларускай чыгунцы масты злучаюць берагі Прыпяці: у Мазыры – даўжыня яго, ці, як кажуць спецыялісты, адтуліна перавышае 700 метраў, паблізу Лунінца – складае 479,85 метра.
Дакладныя лічбы называе маставы майстар Вячаслаў Пятровіч ЯВОРСКІ:
– У цэху, які ўзначальваю, працуюць 14 рабочых і брыгадзір. Абслугоўваем 174 масты розных памераў. Большасць – малыя, тры – сярэднія, да 100 метраў. Буйны адзін – праз Прыпяць. Ён быў пабудаваны да адкрыцця чыгуначнага руху на Сарны ў 1885-1886-ым.
Аднак, неўтаймавальная рака разлівалася, падмывала апоры і псавала канструкцыі маста. Аб ім нагадваюць рэшткі «быка” і паросшы буйной расліннасцю земляны насып, што ідзе паралельна з сучаснай магістраллю. Ён адсыпаны ў пачатку ХХ стагоддзя, калі пачалося ўзвядзенне злучаючага збудавання на новым месцы. Адтуліна з 320 метраў была павялічана да існуючай, відавочна, павялічылася (да 7-мі) і колькасць апор. Работы завяршыліся да жніўня 1912-га.
У час савецка-польскай вайны ў 1919-1920-ыя гг. мост быў узарваны з пашкоджаннем 3-га, 4-га і 5-га «быкоў”, што патрабавала істотнай рэканструкцыі. Наступны раз яго ўзарвалі адыходзячыя нямецкія войскі ў ліпені 1944-га. Маставы батальён Чырвонай Арміі ў кастрычніку забяспечыў праходжанне цягнікоў па часовым збудаванні, а капітальна адноўлены мост пачаў дзейнічаць толькі ў 1949-ым. 45 год царска-савецкае збудаванне надзейна служыла ведамству шляхоў зносін. У 1994-ым адбылася замена двух пралётаў, якія знешне істотна адрозніваюцца, і рэканструкцыя 5-га і 6-га «быкоў”.
Мост – стратэгічны аб’ект, за які адказвае стралковая каманда №3 Брэсцкага атрада ваеннізаванай аховы. Камандзір Юрый Паўлавіч ШУЛЯК служыць 6-ы год.
Нагляд вядзецца вядзецца адначасова з двух берагоў: пост бяспекі №1 – у Столінскім раёне, дзе, дарэчы, размешчана і казарма; №2 – на лунінецкім баку.
АСІЛКІ другога акалотка
У Баранавіцкім аддзяленні чыгункі лідарства ў гіравым спорце некалькі год запар утрымліваюць прадстаўнікі Лунінецкай дыстанцыі пуці. У камандзе – толькі прадстаўнікі акалотка №2, які абслугоўвае 22 кіламетры пуці галоўнага ходу і дзве станцыі – Сінкевічы і Лахва.
У асабістым заліку пераможцам не раз станавіўся дарожны майстар Юрый Уладзіміравіч КРЫВУЛЕЦ. Жартуе, што праца, якая патрабуе пастаяннага прыкладання фізічных сіл, манцёрам пуці замяняе трэніроўкі. Паспрабуй толькі ўзняць кастыльны лом, які звычайна называюць рэйкавай «лапай”, а гэта ж – толькі інструмент!
Як і ў майстра, амаль 20-гадовы стаж працы ў калектыве мае брыгадзір Валерый Паўлавіч КАНАНОВІЧ (2-гі). На думку кіраўнікоў, прафесійным універсалам з’яўляецца Уладзімір Уладзіміравіч ДРАЗДОВІЧ – трактарыст, кустарэзчык, стропальшчык. Намеснік брыгадзіра Уладзімір Мікалаевіч ГРЫНЕВІЧ, па водгуках маладзейшых таварышаў па працы, – сапраўдны «прафесар пуці”. У яго пераймаюць вопыт манцёры пуці Сяргей Канстанцінавіч РУСАК, Аляксандр Валер’евіч ЛУД, Віктар Іванавіч ПІЛІПЧУК, Генадзь Васільевіч БЯЛЮГА, Сяргей Анатольевіч ЮРАСЕЎ, Аляксей Уладзіміравіч ГУСЦІНОВІЧ, Міхаіл Міхайлавіч ПАНАСЕВІЧ.
Пашанцавала на кароткі перапынак для здымкі калектыву. Хутка падышла рэйказварачная машына, і працаўнікі ў аранжавых камізэльках прыступілі да адказнай справы. Старыя рэйкі замяняюцца на сучасныя. Такі ж бесстыкавы шлях у 6,5 кіламетра, які пракладзены ад Любані да Сінкевіч (ёсць яшчэ 8 кіламетраў у зоне працы мікашэвіцкага акалотка №4), працягваецца ў далейшым напрамку. Ён лягчэй у абслугоўванні для манцёраў пуці, стварае больш зручнасці і камфортнасці для пасажыраў.
Надзейны ПАДМУРАК
Прафесійнай працай стварае яго інжынер па ахове працы Дзмітрый Валянцінавіч АНТАНОВІЧ.
Ён толькі нядаўна развітаўся са статусам маладога спецыяліста, два гады адпрацаваўшы тэхнікам, а на трэці – прызначаны на цяперашнюю пасаду. Гэта сфера прасякае ўсе падраздзяленні калектыву. З некаторымі пытаннямі, у прыватнасці, пажарнай бяспекі і невытворчага траўматызму, сутыкаўся раней. Сёлета гэта дапамагло тройчы сертыфіцыраваць удасканаленыя веды і аформленыя дакументы. Да адказнага экзамену рыхтуюцца ў верасні, калі камісія ўпраўлення будзе правяраць сістэму кіравання аховай працы прадпрыемства на адпаведнасць СТБ-18001-2009.
– Стабільнасць складвалася на працягу дзесяцігоддзя, – адзначае інжынер працу папярэднікаў, – што стварае падставы для ўпэўненасці. Спадзяемся другімі на чыгуначным вузле, пасля лакаматыўнага дэпо, атрымаць сертыфікат.
Заняты на службе і пасля яе, Дзмітрый не кідае заняткі спортам. У складзе каманды «Беларусбанка” неаднаразова перамагаў у абласных спаборніцтвах на кубак Памяці П.М. Машэрава. Верыць, што захопіць баскетболам і таварышаў па працы. У асноўным жа вольны час прысвечаны будаўніцтву дома, які дапамагае ўзводзіць бацька. Малады чалавек марыць ажаніцца з выбранніцай, якая сёлета набыла адукацыю педагога.
АРЫЕНЦІР – не месца, а якасць
У працоўным спаборніцтве пастаянныя сапернікі маставога цэху – калектыў дэфектаскопнага, якія на працягу апошняга дзесяцігоддзя чаргуюцца на п’едэстале пераможцаў.
Адказна ставяцца да дыягностыкі рэйкавай гаспадаркі аператары дэфектаскопнай цялежкі Валерый Валер’евіч СЕМЯНОК і Міхаіл Міхайлавіч БАРЫСЕВІЧ, якіх суправаджае манцёр пуці 4-га акалотка Міхаіл Сцяпанавіч ЕМЕЛЬЯНОВІЧ.