І для народжаных у СССР – вельмі РОЗНЫ КАСТРЫЧНІК…

Напярэдадні 95-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі Вольга ТРАНАВА, як звычайна, наведала Курган Бессмяротнасці.

Неадназначныя пачуцці авалодвалі лунінчанкай, калі глядзела на мясціну, што непазнавальна змянілася. Радавалася: і падыходы да кургана добраўпарадкаваны тратуарнай пліткай двух колераў, і бардзюры абмежавалі рух транспарту каля пахавання тысяч людзей. Званы памяці, падобныя на хатынскія, будуць выклікаць вечны смутак па незлічоных ахвярах вайны. Каля іх усталяваны металічныя прыстасаванні для вянкоў. Свежаразбітыя кветнікі ўпрыгожыліся хрызантэмамі і маладымі раслінамі. Прыжывуцца – вельмі прыгожа будзе. А ліхтары каля падножжа кургана, відавочна, вечарам ствараюць уражваючае асвятленне…

Вольга Фёдараўна прыгадвае, як да 45-годдзя Вялікага Кастрычніка лунінчане насыпалі гэты курган. Кожны калектыў адпрацоўваў на суботніках, уздымаючы “па канвееру” цяжкія вёдры з пяском. У той час яна, жонка ваеннаслужачага, жыла ў Расіі, на радзіме мужа. Але шлюб не склаўся, і з двума сынамі жанчына вярнулася ў родны Лунінец якраз напярэдадні адметнай падзеі. І да гэтага, і пасля пастаянна разам з маці прыходзілі да ўзведзенага кургана. 

Жанчыне з былой Царкоўнай – ву-ліцы ў цэнтры Лунінца – ускраіна горада стала часткай жыцця, калі ёй не споўнілася і васьмі год. У 1943-ім тут расстралялі ўсю сям’ю мамы. Загінулі 9 чалавек, з іх – 6 пляменнікаў… Старэйшы 23-гадовы Павел Кароль, быў сувязным партызанскага атрада імя Кірава. Яго арыштавалі пры перадачы звестак у лес. Толькі паспеў ажаніцца са сваёй Аленай. Яна чакала дзіця… Заможная сям’я Чарнавокіх прапанавала нямецкім уладам золата, каб вызваліць, але маладая жанчына не згадзілася:
– Што будзе з мужам – тое і са мною…
Тое ж фашысты зрабілі з яго бабуляй, маці і бацькам, трыма братамі і дзвюма сёстрамі. Усіх расстралялі ў святочны дзень Нараджэння Богамаці. Павел і яго родныя быццам у ахвяру сябе прынеслі, папярэдзіўшы лунінчан: не чакайце літасці ад ворага. І многія сем’і, што дапамагалі лясным мсціўцам, здолелі пакінуць горад і выратавацца ў сямейным партызанскім лагеры…
Жанчына змахвае слязінку з вачэй. Зноў прыгадвае падзеі 1967-га. Пры ўзвядзенні кургана хацелі знесці сціплы помнік, якім у 1946-ым родныя абазначылі месца пахавання. Яе маці, браты і сёстры Алены Чарнавокай, дачка Сіневічаў (прозвішчы суседзяў Паўла Караля ўвекавечаны ў адным надмагільным подпісу) звярнуліся да тагачасных гарадскіх улад. Тыя паставілі ўмову: пакінем, калі будзе ліквідаваны крыж над помнікам. У той атэістычны час спрачацца было бессэнсоўна. Адзінае, што маглі, – паміналі расстраляны род у царкве. Спачатку паніхіды заказвала мама, пасля – Вольга Фёдараўна…
Яна ўдзячна лёсу, што дажыла да сённяшняга часу, калі ў адным напрамку маральнага выхавання грамадства супрацоўнічаюць духоўная і свецкая ўлады. Захоплена сапраўдным цудам побач з курганам: храм у гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших” узнёсся ў наваколлі двух святых мясцін – могілак Першай і Другой сусветных войнаў. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть