“ІМКНУЦЦА ДА НУЛЮ”

1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Так вызначана сёлетняя тэма Сусветнага дня барацьбы са СНІДам, аб чым паведаміла загадчыца эпідэміялагаічнага аддзела РЦГіЭ Людміла КЛЯЎЦЭВІЧ:

– Мяркуецца дасягнуць чатырох пастаўленых мэт: адсутнасці выпадкаў ВІЧ-інфекцыі ва ўзросце 15-19 год; знікнення смяротнасці сярод ВІЧ-інфіцыраваных і выпадкаў дыскрымінацыі сярод іх; цалкам ахапіць лячэннем ВІЧ-інфіцыраваных і хворых на СНІД.

– Для якіх тэрыторый найбольш небяспечна сітуацыя з захворваннем?

– На думку экспертаў Сусветнай арганізацыі здароўя, за апошнія 20 год ВІЧ-інфекцыя павольна, але няўхільна пранікла з першапачатковых ачагоў ЗША і Цэнтральнай Афрыкі на ўсе кантыненты і ва ўсе краіны. Лічыцца, што кожны соты жыхар планеты ужо заражаны.

– Пазнаёмце, калі ласка, з сітуацыяй у нас.

– У Беларусі зарэгістраваны 12751 выпадак ВІЧ-інфекцыі, на Брэстчыне – 942. Пераважная большасць ВІЧ-інфіцыраваных – маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29-ці год. Каля паловы хворых заразіліся інфіцыраваным вірусам імунадэфіцыту чалавека пры ўнутрывенным увядзенні наркатычных рэчываў. Такі ж дыягназ пацверджаны ў краіне 198-мі дзецям, з іх 9 – памерлі. Па вобласці ад ВІЧ-інфіцыраваных маці нарадзіліся 95 дзяцей, 9 – з такой жа хваробай. Па стану на гэты час сярод заражаных памерлі 184 чалавекі, з іх амаль 80 працэнтаў – наркаспажыўцы.

– Наколькі актуальная гэта праблема для нашага раёна?

– Па паказчыку на 100 тысяч насельніцтва знаходзімся на сумным 3-ім месцы пасля Пінска і Пінскага раёна. Штогод выяўляецца некалькі ВІЧ-інфіцыраваных. На сёння іх ужо 52 чалавекі. Пераважаюць мужчыны – 38. Захварэўшыя пражываюць у 9-ці населеных пунтах на 6-ці адміністрацыйных тэрыторыях, з іх адна дабавілася сёлета.

– Якія сацыяльныя характарыстыкі вызначаюць ВІЧ-інфіцыраваных?

– Можам гаварыць толькі пра тых, хто выяўлены. Больш як 30 чалавек – без пэўнага роду заняткаў, 14 – рабочыя, 1 – служачы, 6 – асобы з месцаў пазбаўлення волі. 70 працэнтаў іх заразіліся пры ўвядзенні наркатычных рэчываў, астатнія – пры сексуальных кантактах. Сярод пацыентаў памерлі сем чалавек.

– Трывогу выклікаюць дзеці, якія паявіліся на свет ад ВІЧ-інфіцыраваных маці…

– Нарадзілася чацвёра малышоў. Па выніках дыспансернага нагляду усім дзецям выстаўлены дыягназ “Здаровы”.

– На ваш погляд, што садзейнічае распаўсюджанню хваробы?

– Неспрыяльная сітуацыя па інфекцыях, перадаваемых палавым шляхам, а таксама пастаянная колькасць спажыўцоў наркатычных рэчываў. Мерапрыемствы, накіраваныя на зніжэнне іх даступнасці моладзі, на жаль, нельга назваць эфектыўнымі. На ўліку знаходзяцца 48 жыхароў раёна, у тым ліку 34 – у Мікашэвічах. Сёлета рашэннем райвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі на 2011-2015 гг., ажыццяўленне якога, хочацца спадзявацца, знізіць напружанасць сучаснага становішча.

Гутарыла Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть