ІНАВАЦЫІ: у напрамку змяненняў

Калектыву прэстыжнай навучальнай установы заўсёды быў уласцівы пошук новых формаў і метадаў работы. На ўзроўні педагагічнай ініцыятывы ўкараняліся праграмы, якія ў розныя часы ахоплівалі ад 4 да 32 працэнтаў ліцэістаў.

Пачалі інавацыйную дзейнасць у 2004-ым з фарміравання экалагічнай культуры вучняў. Педагогі Антаніна Іванаўна Базык, Наталля Вітальеўна Бойка, Ірына Іванаўна Жук, Людміла Емяльянаўна Кірыковіч, Галіна Мікалаеўна Сіманава, бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук працягнулі заняткі апрабацыяй курсу “Экалагічнае выхаванне і адукацыя школьнікаў”, які выкладаўся на працягу трох навучальных год.

Той жа 2004-ы даў старт праекту “Духоўна-маральнае выхаванне школьнікаў”, які ажыццяўляла псіхолаг Наталля Вітальеўна Бойка. Яна правяла апрабацыю курсу “Айчынныя традыцыі духоўна-маральнага выхавання школьнікаў” у 2006-2007 навучальным годзе. Практычным увасабленнем тэарэтычных заняткаў стала ліцэйская праграма па супрацоўніцтву з праваслаўнай царквой. На працягу яшчэ двух год рэалізацыя дакумента праводзілася праз апрабацыю комплекснага падыхода да духоўна-маральнага выхавання школьнікаў, якой займалася настаўніца замежнай мовы Таццяна Уладзіміраўна Капліч.

Пераемнасць захоўвалася пры ажыццяўленні яшчэ адной інавацыі. У 2004-ым выкладчыкі замежных моў Таццяна Мікалаеўна Богдан і Марыя Адамаўна Грыневіч пачалі навучаць ліцэістаў правам чалавека, асновам дэмакратыі і міжнароднага гуманітарнага права, праз год – укаранілі тэхналогію інтэрактыўнага навучання па ўказанай тэме. Потым на працягу года гэты праект ажыццяўляла іх калега Наталля Васільеўна Алі-фяровіч.

У 2005-2006 навучальным годзе чвэрць ліцэістаў атрымлівалі асновы эканамічных ведаў.

На наступны год настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Барысаўна Трэгубава апрабіравала “Лунінеччыназнаўства”, які вяла на працягу трох год.

Відавочна, заўважыўшы прыкметныя поспехі лунінчан, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь вызначыла ліцэй у якасці інавацыйнай пляцоўкі. 23 педагогі займаліся ўкараненнем мадэлі мульціпрофільнага навучання ў старэйшых класах у 2006-2007 навучальным годзе, 25 выкладчыкаў – на наступны год.

– Інавацыя – гэта не ўсякае новаўвядзенне, – падкрэслівае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Наталля Вітальеўна Бойка, – а толькі тое, што сур’ёзна павышае эфектыўнасць дзеючай сістэмы.

Улічваючы, што інавацыя з’яўляецца канчатковым вынікам інтэлектуальнай дзейнасці чалавека, можна сцвярджаць, што няма мяжы яго фантазіі, творчаму працэсу, адкрыццям, вынаходніцтвам і рацыяналізацыі. Гэта адлюстроўваюць і цяперашнія набыткі прэстыжнай навучальнай установы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть