ІНДЫКАТАР НАСТРОЮ Ў КАЛЕКТЫВЕ
Менавіта такой, на думку многіх работнікаў РУВП «Граніт”, павінна быць сапраўдная прафсаюзная арганізацыя.
Поўнасцю падтрымлівае гэтую ісціну і Таццяна Гарбенка (на здымку злева – разам з прафсаюзным актывістам ліцейна-механічнага завода Наталляй Міхалюк). На справаздачнай канферэнцыі, што 14 сакавіка прайшла на «Граніце”, Таццяна Ігараўна выбрана новым прафсаюзным лідарам прадпрыемства.
Прафсаюзная справаздачная канферэнцыя на РУВП «Граніт” стала мерапрыемствам знакавым. І не толькі таму, што папярэднічалі ёй хваляванні, звязаныя з выхадам з афіцыйнага прафсаюза некалькіх дзясяткаў работнікаў аўтатранспартнага падраздзялення, а яшчэ і таму, што рабочыя здолелі даказаць: на «Граніце” ладзяць надвор’е не жменька ізаляваўшых сябе ад калектыву «незалежных”, а тыя, хто даказвае адданасць прадпрыемству штодзённай стараннай працай.
Такіх – пераважная большасць. Сёння з 3218 гранітаздабытчыкаў членамі галіновага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў з’яўляюцца 3134. Дэлегатамі на канферэнцыю былі выбраны 157 чалавек, прысутнічалі – 146.
Старшыня прафкама Мікалай Якубовіч падрабязна расказаў аб рабоце, якая праводзілася за справаздачны перыяд. Яго даклад стракацеў лічбамі, што сведчылі пра паступальны рух прадпрыемства наперад. У прыватнасці, у развіццё вытворчасці летась было інвеставана 407 мільярдаў рублёў. Ільвіная доля з гэтай сумы пайшла на ўзвядзенне пятай тэхналагічнай лініі, з якой на «Граніце” звязваюць спадзяванні на істотнае прыбаўленне ў аб’ёмах вытворчасці запатрабаванага на рынку шчэбеню. Сапраўдным прарывам павінна стаць і распрацоўка Сітніцкага радовішча прыроднага каменю. Да падрыхтоўчых работ па яго асваенню мяркуюць прыступіць сёлета.
Увогуле ж летась прадпрыемствам было выраблена прадукцыі на 564 мільярды рублёў. Рэнтабельнасць перабольшыла 29 працэнтаў. Амаль на 11 працэнтаў павялічаны экспартныя пастаўкі. Чысты прыбытак склаў 62 міль-ярды рублёў. Двойчы за год на «Граніце” паднімалі заработную плату працаўнікам. Сёння ў сабекошце прадукцыі яна займае 19,7 працэнта. Гэта дастаткова высокі паказчык сярод усіх прадпрыемстваў галіны. Сярэднія заробкі склалі па выніках мінулага года 2 мільёны 745 тысяч рублёў. Найбольшыя яны ў аўтатранспартнікаў – 4 мільёны 117 тысяч рублёў.
Дастаткова прывабным лічаць спецыялісты і дзейнічаючы на прадпрыемстве Калектыўны дагавор. Усе прадугледжаныя ім ільготы і выплаты вытрымліваюцца. А робяцца яны па 29 пунктах. Іх падрабязна пералічыў Мікалай Якубовіч. Акрамя гэтага, былі прапанаваны змены, якія закліканы зрабіць яшчэ больш істотнымі дадатковыя выплаты працуючым.
Напоўненае канкрэтыкай было выступленне в.а. генеральнага дырэктара прадпрыемства, галоўнага інжынера Эдуарда Гаўрылковіча. Ён прааналізаваў вынікі праведзеных прафсаюзных сходаў у цэхах «Граніта”. Той факт, што нярэдка ўзнімаліся на іх праблемы, якія аператыўна вырашаны ў рабочым парадку, сведчыў аб пэўных недапрацоўках прафсаюзных лідараў.
Расказаў Эдуард Гаўрылковіч і аб дастаткова насычанай праграме будаўніцтва на гэты і наступны гады. Яна пастаянна карэкціруецца, але ўжо зараз у ёй пазначана ўзвядзенне спецыяльных боксаў для захоўвання і рамонту вялікагрузных самазвалаў; рамонт шматлікіх бытавых памяшканняў, абсталяванне пакояў для адпачынку і прыёму ежы і многія іншыя патрэбныя аб’екты.
Даў тлумачэнне кіраўнік наконт так званай 13-ай заработнай платы за мінулы год. Яе гранітаўцы павінны атрымаць у сакавіку-красавіку 2012-га. Удзельнікі канферэнцыі з разуменнем аднесліся да прапановы выплачваць аўтатранспартнікам заахвочванне ў памеры 70 працэнтаў ад кошту зэканомленага па-ліва. Як было адзначана, гэта не разавая акцыя. Спецыяльна распрацаванае палажэнне будзе мець статус закона на прадпрыемстве і безумоўна пасадзейнічае таму, каб перакрыць каналы раскрадання і незаконнай рэалізацыі саляркі.
На канферэнцыі быў зацверджаны даклад рэвізійнай камісіі, падтрыманы ўсе прапанаваныя змены ў Калектыўны дагавор і задаволена просьба аб адстаўцы старшыні прафкама Мікалая Якубовіча ў сувязі з пераходам на новую работу.
Пераважнай большасцю галасоў ( 139 – «за”,7 – «устрымаліся”) быў выбраны новы прафсаюзны лідар. Ім стала Таццяна Ігараўна Гарбенка, якая да гэтага працавала інжынерам-тэхнолагам 1 катэгорыі тэхніч-нага аддзела. Варта сказаць, што на «Граніце” яна не навічок. Дзевятнаццаць год таму пачынала электраслесарам у цэху здабычы. Яе паважаюць у калектыве за тое, што мае сваё меркаванне і ўмее яго абараняць. Вось і ў кароткім выступленні на канферэнцыі яна ўпэўнена заявіла, што будзе «трымаць руку на пульсе. Гэта ненармальна, што прафсаюз пакідаюць работнікі. Але трэба зрабіць так, каб яны вярнуліся да нас самі і не заганяць іх назад сілком”.