ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫ МАРАФОН: алея ўдзельнікаў
Высаджванне дрэўцаў пераможцамі і прызёрамі алімпіяд і канферэнцый зарадзілася не так даўно, а ў летапісе ліцэя залатымі літарамі пазначаны і тыя, хто пачынаў пракладваць шлях да навуковых дасягненняў юных лунінчан.
Ля вытокаў навуковага таварыства вучняў «Зямляне” стаяла Галіна Мікалаеўна СІМАНАВА.
Кабінет біялогіі па праву называюць даследчай лабараторыяй. Тут добрае вучэбна-метадычнае забеспячэнне, вялікая ўвага надаецца рабоце ў інавацыйным рэжыме, для чаго створаны банк метадычных распрацовак, праводзіцца маніторынгавая дзейнасць. Усе матэрыялы сістэматызаваны, эстэтычна аформлены ў стылевым адзінстве.
На рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў у 2000 годзе Юлія Хілюціч была адзначана Дыпломам І ступені, Яўгенія Базык і Надзея Кацуба – дыпломамі ІІ ступені. У 2004-ым узнагароду такой жа вартасці атрымаў Аляксандр Лазіцкі, які абагульніў не толькі свой 4-гадовы вопыт, але і вынікі даследаванняў прыхільнікаў навуковага таварыства ліцэістаў на працягу 5-ці год.
2007-2008-ы прынёс 16 узнагарод раённага і 4 – абласнога ўзроўню. Надзея Грыневіч, адзначаная Дыпломам ІІІ ступені, удзельнічала і ў рэспубліканскім конкурсе эколага-біялагічных работ.
У наступным навучальным годзе 22 навукова-даследчыя працы 41-го ліцэіста адзначаны ў раёне 5-цю дыпломамі І ступені, 3-ма – ІІ, 6-цю – ІІІ. Шэсць прац 12-ці вучняў на вобласці атрымалі дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені. На Брэстчыне ж у конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ дзве працы адзначаны дыпломамі І ступені. Адно даследаванне правялі Таццяна Каховіч і Юлія Дубіна (на рэспубліцы атрымаўшыя пахвальны водгук), другое – Раман Кічатаў і Андрэй Раманчук. У рэспубліцы яны атрымалі Дыплом ІІІ ступені, а ў рэспубліканскім конкурсе школьных праектаў «Энергія і навакольнае асяроддзе” сталі пераможцамі. Насця Коваль і Таццяна Лемяшэўская адзначаны ў вобласці Дыпломам І ступені на студэнцкай навукова-метадычнай канферэнцыі паміж ВНУ.
У 2009-2010 навучальным годзе 60 ліцэістаў пад кіраўніцтвам 11-ці педагогаў займаліся даследчай дзейнасцю. У раёне 6 прац былі адзначаны чатырма дыпломамі І ступені, па аднаму – ІІ і ІІІ. Асаблівага плёну дасягнулі выхаванцы Таццяны Васільеўны КАЗЛОВАЙ (на здымку злева). Міхаіл Баравой быў узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені і на рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ.
Вучні гэтага ж педагога дасягнулі плёну і ў наступным, 2010-2011, навучальным годзе (наогул з 22 даследаванняў ліцэістаў 14 – былі адзначаны дыпломамі). Міхаіл, а таксама Уладзіслаў Гапко ўзнагароджаны адпаведна дыпломамі І і ІІ ступені па хіміі ў вобласці, Дыпломам ІІ ступені на абласным конкурсе біёлага-экалагічных работ, сталі пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу праектаў па энергаэфектыўнасці, прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці вучнёўскай моладзі «ТэхнаІнтэлект”. Уладзіслаў адзначаны Ганаровым дыпломам і за ўдзел у рэспубліканскім этапе адбору на міжнародны водны конкурс. Да таго ж, ліцэісты атрымалі Дыплом ІІ ступені абласной канферэнцыі па філалагічных дысцыплінах.
Пераможцамі і прызёрамі навукова-даследчых канферэнцый станавіліся таксама вучні Ніны Рыгораўны Лях (матэматыка), Валянціны Канстанцінаўны Казун (беларуская мова і літаратура), Наталлі Мікалаеўны Клімачовай (руская мова і літаратура), Алы Ю’еўны Гопта (англійская мова і літаратура). Значных поспехаў дасягалі і выхаванцы, навуковым кіраўніком якіх была Ірына Аляксандраўна ГРУШЭЎСКАЯ. Настаўніца англійскай мовы і літаратуры, якая сёлета ўзначаліла НТВ «Зямляне”, з гонарам адзначае:
– З 14-ці вучняў, якія з’яўляюцца лаўрэатамі Прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі, шасцёра ўдастоены такога гонару за навукова-даследчую дзейнасць. Выпускнікі ліцэя ўжо сёння папоўнілі рады нацыянальнай інтэлектуальнай эліты.
Комплексны, міжпрадметны падыход да навучання і развіцця даследчых здольнасцей у ліцэістаў з’яўляецца гарантам фарміравання высокаінтэлектуальнай моладзі, далейшага прагрэсіўнага развіцця як Палескага рэгіёна, так і нашай краіны.