“ІРОНІЯ ЛЁСУ ці З ЛЁГКАЙ ПАРАЙ!”

Калі асабліва здагадлівы чытач спадзяецца, што гаворка пойдзе пра знакаміты кінафільм, то глыбока памыляецца. Успомнім мы сёння пра нашу мікашэвіцкую лазню…
Успомнім, бо два тыдні ўжо на дзвярах яе вісіць амбарны замок, які пад корань нішчыць спадзяванне аматараў лёгкай пары адчуць у бліжэйшы час жаданую  асалоду ад любімай аздараўленчай (ды і не толькі!) працэдуры. Абсалютна не суцяшае аб’ява, дзе камунальнікі сціпла абяцаюць закончыць рамонт на працягу двух месяцаў. Будаўнічага руху ў лазні не бачна, а гэта значыць, што і Новы год, хутчэй за ўсё, сустрэнем з марамі памыцца ў гарадской лазні. Такога святочнага падарунка мы аніяк не чакалі!
Між тым, галоўны інжынер КУШВП ЖКГ “Мікашэвіцкая ЖКГ” Леанід Буторын ветліва растлумачыў, што замінка – за матэрыяламі. Маўляў, цэглы вогне-трывалай не знайсці, ледзь не з-за мора яе везці трэба. Ды і драўніна ліставых парод, аказваецца, у дэфіцыце: заказалі яе ажно на Міншчыне. А паліцы ў парыльні прагнілі, таго і глядзі не вытрымаюць асабліва “важных”. Да таго ж каласнікі прагарэлі, печку перакладваць трэба… Словам, загрузіў нас кіраўнік уражваючымі тэрмінамі ды аб’ёмамі.
Справядліва засумняваўшыся ў абгрунтаванасці довадаў, мы, настойлівыя, патэлефанавалі гандлярам і пацікавіліся, ці ёсць у продажы вогнетрывалая цэгла? Аказваецца, ёсць! Ды і дошкі з вагонкай ліставых парод хоць сёння бяры ў ААТ “Лу-нінецлес”. 
Чаму ж тады пазбаўляюць нас радасці лёгкай пары, якая па іроніі лёсу (ці па волі камунальнікаў?) адсоўваецца на такую неапраўдана далёкую перспектыву?
Ад імя жанчын Мікашэвіч – Святлана МІХАЛЬЧЫК.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть