Ізумрудная СЕТКА ЧАКАЕ Беларусь
Рака Прыпяць – галоўная водная артэрыя Палесся.
Рака нясе свае воды з украінскага Закарпацця, працякаючы па Пінскай нізменнасці, затым уразаецца ў Піну ў раёне гарадскога парка г. Пінска і тут жа імкліва разварочваецца пад вострым вуглом. Потым, праходзячы праз Столінскія і Лунінецкі раёны, уносіць свае воды на Гомельшчыну, дзе за Мазыром далучаецца да магутнага Дняпра. Прыпяць харчуе навакольныя сенажаці, дае прытулак балотным і водаплаваючым птушкам. Калі разліваецца – затапляе абалонь і толькі ракіты, пагрызеныя бабрамі, указваюць на сапраўдныя берагі.
Вясна і лета сагрэюць зямлю, напояць яе дажджамі, вырасцяць травы, працягнуць род насякомых, прывядуць новае пакаленне звяроў і птушак. Некаторыя паспеюць выгадаваць па два вывадкі дзетак. Калі ў канцы лета будзе адкладзена хаця б адно маленькае яйка, выхавана хаця б адно птушаня, зроблена важная справа: працягнута жыццё!
Для захавання раслінных згуртаванняў, рэдкіх жывёл і раслін, непаўторных ландшафтаў, створаны і ствараюцца запаведнікі і заказнікі. Гэты статус нададзены і буйным тарфяным балотам. Работа, якую праводзяць навукоўцы і эколагі, дабратворна ўплывае на захванне лепшых куткоў прыроды у нашым рэгіёне.
Эталонам Беларускага Палесся з’яўляецца заказнік рэспубліканскага значэння «Выгашчанскае”. Ён размешчаны ў Івацэвіцкім раёне. Тут можна ўбачыць азёры, рэкі, балоты, лясы, астравы, зусім не кранутыя чалавекам. Тут вольна адчуваюць сябе барадатая няясыць, арлан-белахвост, чорны бусел.
З цягам часу каштоўнасць набыў і рукатворны аб’ект. Калісьці быў прарыты першы водны шлях з Балтыкі ў Чорнае мора – Агінскі канал. Цяпер вядуцца работы па яго рэканструкцыі, каб выкарыстоўваць як турысцкі маршрут.
Калі ў думках акінуць поглядам хаця б невялікую частку каштоўных рэліквій мінулага, зразумеем, што жыццё чалавека неаддзельнае ад жыцця прыроды. Зберагчы ўсё жывое ў любых гаспадарчых работах, у час адпачынку – святы абавязак кожнага чалавека. Гэта замацавана Канстытуцыяй, Законам «Аб ахове расліннага і жывёльнага свету”.
Каб пазбегнуць глабальных змяненняў, не дапусціць страт генафонду і рэдкіх відаў жывёл і раслін, сёння прымаюцца неадкладныя меры. Ахова прыроды стала дзяржаўнай палітыкай, важнейшым напрамкам у жыцці чалавека. Створаны больш як тысяча ахоўваемых тэрыторый на плошчы 1,5 мільёна гектараў, што складае 7,6 працэнта ад агульнай тэрыторыі рэспублікі.
Асабліва ахоўваемые тэрыторыі міжнароднага значэння паступова ахопліваюць увесь кантынент. Зусім хутка і наша Беларусь атрымае членства ў Ізумруднай сетцы.
Анатоль ЧАБАТАРОЎ. г. Пінск.