КАШТОЎНЫЯ ПЕРШЫЯ ТРАВЫ
Надвор’е сёлета выдалася надзвычай спрыяльным для росту
траў і дазволіла ў сярэдзіне мая прыступіць да масавай закладкі кармоў на
зімова-стойлавае ўтрыманне грамадскага пагалоўя. Каб не дапусціць перастою
траў, і, адпаведна, страты імі пажыўных рэчываў, перад гаспадаркамі раёна
пастаўлена задача завяршыць першы ўкос да 1 чэрвеня.
Менавіта гэтая дата напрамую ўплывае на заробкі звяна
корманарыхтоўчыкаў у КСУП «Міжлескае”: справяцца своечасова – атрымаюць
адпаведнае ўзнагароджанне. А яшчэ яно будзе залежаць ад якасці закладзенага
корму. На гэта нацэлены ўвесь калектыў сельгаспрадпрыемства.
З першых дзён кампаніі на бетанаванай траншэі, разлічанай
на 1,5 тысячы тон, не спыняецца
кругласутачная трамбоўка зялёнай масы, якую пазменна вядуць механізатары
Анатоль КУРАК (на здымку) і Іван Бярозка. Закладваюць сянаж, як таго патрабуе
тэхналогія, з прымяненнем кансервантаў. Да таго ж, кожны этап нарыхтоўкі ідзе
пад пільным кантролем прадстаўнікоў адміністрацыі, якія дзяжураць
кругласутачна. Да траншэі адзін за адным пад’язджаюць да краёў напоўненыя
падвяленай травой трактары і аўтамабілі. Па напружанаму рытму відаць, што людзі
стараюцца не ўпусціць час.
Такімі ж хуткімі тэмпамі ідзе работа на сенажаці, дзе
падборам загадзя скошаных траў займаецца вопытны механізатар Міхаіл Бярозка. У
яго ўмелых руках «Ягуар” ўпэўнена рухаецца ўздоўж радочкаў, злёгку падымае
траву і дакладна накіроўвае ў прычэп трактара, якім кіруе Анатоль Ераміевіч.
–Нарыхтоўку вядзем пяты дзень, але выехаў на сенажаць
толькі ўчора, – расказвае Міхаіл Васільевіч. – Затрымала невялікая паломка.
– Непакоіць не столькі павышэнне цэн на імпартныя вузлы і
агрэгаты, колькі тое, што пагоршылася забеспячэнне імі, – заўважае дырэктар
сельгаспрадпрыемства Васіль Коваль. – У
ранейшыя гады мы, не задумваючыся, набывалі замежную тэхніку, а цяпер пакутуем
ад недахопу запчастак. Сёлетняя кормаўборачная кампанія адрознівацца ад іншых
не толькі багаццем траў першага ўкосу, але і тым, што не заўважым разбежкі
паміж першым і другім укосам. Да яго пяройдзем плаўна, пры ўмове, што наперадзе
не здарыцца неспадзяваных катаклізмаў надвор’я.
Рабочы дзень на сенажацях «Міжлескага” пачынаецца ў 6
гадзін раніцы і для большасці корманарыхтоўшчыкаў заканчваецца ў 21 гадзіну. Прыспешвае час: з
траў першага ўкосу, якія неабходна ўбраць з плошчы больш як 1 тысяча гектараў,
тут плануюць назапасіць 7 тысяч тон сенажу і 500 тон сена. Каб палепшыць якасць
корму, сёлета адмовіліся ад прымянення грабляў. Было заўважана, што на якасць
корму негатыўна ўплывае торф, што
трапляе ў валкі. Эканоміць час дапамагае двухразовае забеспячэнне людзей
гарачымі абедамі і вячэрай, якія дастаўляюцца на рабочыя месцы. Трыццаць
працэнтаў іх кошту аплачваюць работнікі, астатнія затрыты кладуцца на
сельгасарганізацыю. Так было раней, так ёсць і зараз.
НА ЗДЫМКАХ: механізатары Міхаіл БЯРОЗКА і Анатоль
ЕРАМІЕВІЧ; адзін з лепшых вадзіцеляў на перавозцы зялёнай масы Мікалай
ЛУКАШЭВІЧ; чарговы рэйс даставіў да траншыі Уладзімір БАЎКУНОВІЧ; ад якасці
трамбоўкі, на якой працуе Анатоль КУРАК, залежыць вынік работы ўсяго калектыву.
Галіна КУЧЭЙКА.