«КАЗАЧНЫ» сакрэт
«Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе сочаць за парадкам”. З гэтай фразы пачалася размова з загадчыцай Кажан-Гарадоцкага ясляў-садка Нінай Паўлаўнай НАСЕНЯ. Менавіта такім прынцыпам кіруюцца тут у рабоце. Невыпадкова, што садок стаў адным з лепшых па падрыхтоўцы да навучальнага года.
З пераўтварэннем Кажан-Гарадка ў аграгарадок змянілася і дашкольная ўстанова. Цяпер работнікі імкнуцца захаваць тое, што зроблена. Сёлета летам за ўласныя сродкі, зарабленыя платнымі паслугамі, без дадатковых збораў з бацькоў, здолелі выканаць касметычны рамонт будынка.
Больш як 70 працэнтаў дзяцей займаецца ў разнастайных гуртках – выяўленчага мастацтва, харэаграфіі, музыкі і спеваў, псіхалагічна рыхтуюцца да школы. З апошнім асаблівых складанасцяў няма яшчэ і таму, што першаклашкі займаюцца ў садку. Асноўная форма дзейнасці – гульня, а выхаваўча-адукацыйны працэс вядзецца на беларускай мове. Значную ўвагу тут надаюць і захаванню здароўя. Пропускі з-за хвароб на адно дзіця склалі менш як 6 дзён у год. Гэта вельмі добры паказчык. Прыкладам для малышоў служаць выхавацелі – летась ніхто з іх не быў на лістку непрацаздольнасці.
Стараннасцю вызначаюцца намеснік дырэктара Яўгенія Кулеш, выхавальніца Лідзія Каратыш, старшая медсястра Тамара Дрынеўская, тэхнічны работнік Марыя Ленінец і іншыя работнікі дзіцячага садка.
Галоўная мэта, якую ставяць у дашкольнай установе – каб у дзетак быў добры настрой, вочы свяціліся цікавасцю і было жаданне пераступіць новую прыступку ў жыцці.