“КЛАДЗЕЗЬ” – ПАДЗЕЯ ГОДА

Аб гэтым гаварылі лунінчане, якія прынялі ўдзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця фестывалю праваслаўнай культуры.

З 2008-га года “Кладзезь” арганізуюць манастыр і сястрыцтва святой княгіні Елісаветы (г. Мінск). За гэты час ён адбыўся больш, чым у 40 гарадах Беларусі. З 10 па 17 красавіка з 10 да 19 гадзін фестываль запрашае жыхароў Лунінца і раёна.

Ураганны вецер і халоднае надвор’е прымусілі размясціць выставу-кірмаш не на плошчы Леніна, як першапачаткова планавалася, а пад дахам гарадского Дома культуры і Цэнтра дзіцячай творчасці. У астатнім праграма не змянілася. Нядзельная літургія ў Свята-Крыжаўзвіжанскім храме вылілася ў хрэсны ход, які ўзначалілі архірэй, кіраўнікі духоўнай і свецкай улад раёна.

На цэнтральнай плошчы ўдзельнікі ўрачыстасці спыніліся каля перасоўнай капліцы з іконай святога дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага з часцінкай мошчаў пакутніка. Адслужыўшы малебен, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан звярнуўся да лунінчан і гасцей горада. Архірэй павітаў вялікую падзею ў духоўным жыцці раёна, якая садзейнічае праваслаўным жыхарам глыбей адчуць сутнасць вялікага посту і больш аддана падрыхтавацца да надыходзячага Светлага Хрыстова Ўваскрэсення. Такімі ж думкамі было прасякнута выступленне старшыні райвыканкама Васіля Агіевіча, які нагадаў аб ролі праваслаўя ў гісторыі і сучаснасці раёна. Рэжысёр праекта паслушніца Свята-Елісавецінскага манастыра Галіна Карукіна падзякавала раённай адміністрацыі, благачыннаму протаіерэю Васілю Дужаку і свяшчэннікам за актыўную падтрымку і належную арганізацыю фестывалю:

–Калі ў розных краінах здараюцца беды, грамадства звяртаецца да служыцеляў культу. Летась бачылі масавыя хрэсныя ходы ў рэгіёнах Расіі, якія напаткалі страшэнныя пажары. Беларусі пашчасціла пазбегнуць прыродных катаклізмаў, дзяржаўнымі намаганнямі нават удалося справіцца з чарнобыльскай бядой. Трэба рабіць усё, каб краіна не пацярпела ад духоўнай немачы, такой жа небяспечнай, як радыяцыя. Граху, п’янству, брыдкаслоўю супрацьпаставім малітву і Богаўгодныя справы. Хрэсны ход, які ад храма да плошчы прайшоў па вуліцах горада, – надзейная духоўная абарона Лунінца і яго жыхароў…

Удзельнікі ўрачыстасці не маглі не адзначыць: надвор’е, якое ў гэты дзень імкліва змянялася ад пырхання сняжынак і выпадання кропляў дажджу да моцных парываў ветру з пастаянна халоднай тэмпературай паветра, на завяршэнне цырымоніі адкрыцця “Кладзезю” ўсміхнулася промнямі сонца!

Выстава-кірмаш – у гарадскім Доме культуры

Праз маляўнічую браму фестываля ўрачыстая працэсія накіравалася на выставу-кірмаш. На 1-ым і 2-ім паверхах прапаноўваюцца іконы і царкоўныя рэчы, парваслаўная літаратура, аўдыа- і відэадыскі, манастырскія хлеб, мёд, бальзамы і травы, а таксама вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці інвалідаў.

Тут жа размясціліся фотавыставы “Жыццё манастыра” (на прыкладзе Свята-Елісавецінскага манастыра ў г. Мінску) і “Храмы і манастыры Беларусі”.

У рамках праекта “Пабудуем храм разам” ідзе сбор сродкаў на ўзвядзенне цэркваў у нашым раёне.

Штодня з 12 да 19 гадзін ажыццяўляецца ананімная і бясплатная кансультацыя прафесійнага псіхолага “Разам дзеля жыцця”.

На плошчы ў нядзелю жадаючыя выстаялі чаргу, каб пакланіцца цудадзейным мошчам. Малебен аб здароўі каля іконы святога дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага праводзіцца штодня ў 13 гадзін.

“Батлейка” – у Цэнтры дзіцячай творчасці

Юныя і дарослыя лунінчане захапляліся Вясёлым Катом, які, прыцягваючы ўсеагульную ўвагу, гуляў па плошчы і прылягаючых вуліцах і прапаноўваў праграмы фестывалю.

У ЦДТ размясцілася выстава “Фарбы свету” (з фондаў XIV Міжнароднай выставы дзіцячага малюнка Канагава Біенале ў Японіі), а таксама “Беларуская хатка” – экспазіцыя для наведвання дарослых и дзяцей. Цікавасць выклікае расказ экскурсавода аб спрадвечным ладзе жыцця беларускай сям’і, хрысціянскіх сямейных каштоўнасцях і выхаванні падрастаючага пакалення.

Штодня з 10 да 18 гадзін (з перапынкам з 13 да 14) тут адбываюцца прадстаўленні лялечнага тэатра “Батлейка” з паказам сюжэтаў на біблейскія тэмы. Затым работнікі Свята-Елісавецінскага манастыра – аніматары Наталля і Марына – запрашаюць юных лунінчан на “Дзіцячую пляцоўку”, дзе праводзяцца конкурсы малюнка, рухомыя гульні і конкурсы для малышоў.

Краязнаўчы музей

У суботу з удзелам іерэя Сергія Крышталя, настаяцеля храма, што будуецца ў Лунінцы ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, адкрылася выстава “Слово Божие и лики небесные”. Прадстаўлены старажытныя абразы, якія Брэсцкая мытня зберагла ад вывазу за мяжу і перадала дзяржаўным музейным сховішчам, а таксама іконы сучасных майстроў са Свята-Елісавецінскага манастыра. Інтарэс выклікаюць і творы на духоўную тэматыку навучэнцаў мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў.

Кінатэатр “Кастрычнік”

У рамках праекта “Добрае кіно” дэманстраваліся мастацкія і дакументальныя фільмы: у нядзелю – “Прытчы”, у панядзелак – “Дзяўчынка”, у аўторак – “Верую”. Усе кінасеансы адбываюцца ў 15 гадзін. Гледачы ўбачаць: сёння, 13 красавіка, у сераду, кінастужку “Хлопчыкі”; 14 красавіка, у чацвер, – “Паліяна”; 15 красавіка, у пятніцу, – “Лямпа не гасне”; 16 красавіка, у суботу, – “Інакіня”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть