«КЛАДЗЕЗЬ» СУЦЯШАЕ СЭРЦЫ
Акрамя пастаянных праектаў, якія штодзень з 10 да 19 гадзін ажыццяўляюцца на выставе-кірмашы ў ГДК і Цэнтры дзіцячай творчасці, адбыўся шэраг цікавых і карысных сустрэч.
11 красавіка, панядзелак
У малой зале райвыканкама для прадстаўнікоў малога бізнесу былі арганізаваны відэапаказ і выступленне паслушніцы Галіны Карукінай па тэме “Прадпрымальніцтва дзеля Айчыны”. Яна ж сустрэлася з калектывам ААТ “Малочны завод”, у праекце “Агульная справа” засяродзіўшы ўвагу на праўдзе аб алкагольнай залежнасці. Красамоўней за любыя словы стаў відэафільм “Давай вып’ем…” аб алкагалізме дарослых (у сераду ўдзельнікамі гутаркі стаў калектыў рамонтна-механічнага завода, у чацвер – сельгас- і політэхнічнага каледжаў, у пятніцу – жыхары вёскі Лахва ў мясцовай СШ). У СШ №4 і ліцэі, па праекту “Разам дзеля жыцця”, псіхолаг Ганна Ткачова правяла майстар-клас з выкарыстаннем інавацыйных падыходаў ў прафілактыцы ВІЧ-інфекцый і фарміраванню адказных паводзін (у чацвер аналагічная праграма паказана ў мікашэвіцкіх СШ №№2 і 3).
12 красавіка, аўторак
Педагог-псіхолаг Галіна Бойка пагутарыла з падапечнымі аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей. Дэманстраваліся фрагменты мастацкага кінафільма “Прытчы” (на наступны дзень гэту праграму ўбачылі пацыенты і медперсанал Лахвенскай бальніцы сястрынскага догляду). “Ты не адзін” – назва праекта стала лейтматывам яе размовы з цяжкавыхоўваемымі падлеткамі ў лунінецкіх СШ №№1 і 3 з праглядам і абмеркаваннем відэафільма (на наступны дзень сустрэча адбылася ў СШ №№2 і 4). Выхоўваць можна і праз кнігу. У гэтым пераканала сустрэча ў цэнтральнай бібліятэцы, дзе адбыўся агляд праваслаўнай літаратуры, аўдыя- і відэадыскаў, інтэрнэт-сайтаў. Прадстаўнікі гарадскіх і сельскіх бібліятэк ўбачылі прэзентацыю асветніцкага часопіса “Вінаград”, атрымалі рэкамендацыі і кансультацыі па камплектаванню бібліятэчнага фонду праваслаўнай літаратурай.
13 красавіка, серада
Трагедыя, якая адбылася на станцыі Мінскага метро “Кастрычніцкая” ў панядзелак, 11 красавіка, болем адгукнулася ў сэрцах удзельнікаў фестывалю праваслаўнай культуры. У памяць ахвяр тэракта, на трэці дзень пасля іх гібелі ў сталіцы была аб’яўлена жалоба, а ў Лунінцы адбыліся малебны. Прадстаўнікі Свята-Елісавецінскага манастыра, госці з іншых святых мясцін, свяшчэннаслужыцелі мясцовага благачынія і шматлікія лунінчане маліліся аб недапушчэнні падобнага ў нашай міралюбівай краіне. У рамках праекта “У ладзе з сабой” у політэхнічным каледжы для сацыяльных педагогаў і псіхолагаў устаноў адукацыі вядучы кансультант цэнтра даверу моладзі пры паліклініцы №8 г. Мінска Валянціна Шукан правяла семінар, што навучае. У сацыяльным прытулку адбылася праграма “Не пакіну вас сіротамі” з паказам відэафільма “Крыштальны хлопчык”, правядзеннем конкурсаў і гульняў з прызамі і падарункамі. У праекце “Медыцына і праваслаўе” адбылася сустрэча з урачамі і медперсаналам цэнтральнай раённай бальніцы. Удзельнікі спыніліся на духоўна-маральных аспектах медыцынскай этыкі, праглядзелі і абмеркавалі відэафільмы “Сінергія” і “Жаночы дзень”. Жыхары вёскі Кажан-Гарадок у СДК прымалі ўдзельнікаў праекта “Агульная справа” – праўда аб алкагольнай залежнасці”. Адбыўся паказ дакументальнага відэафільма “Давай вып’ем” з яго абмеркаваннем.
14 красавіка, чацвер
Прадстаўнікі фонду “Бацькі за цвярозасць” сустрэліся са старшакласнікамі лунінецкіх СШ №№2 і 4, калектывам Лунінецкай ЖКГ, жыхарамі пасёлка Палескі ў мясцовым ДК. У праекце “Агульная справа” адбыўся паказ відэафільма “Чыжык-пыжык, дзе ты быў” аб піўным алкагалізме падлеткаў. Сумесны праект “У сэрцы маім” школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху і мовы г. Пінска і таварыства інвалідаў і канцэртная праграма адбыліся ў Лунінцы ў ліцэі і СШ №1 (на наступны дзень – у СШ №№2 і 4). “Як засцерагчы дзіця ад гульнявой (камп’ютарнай) залежнасці?” – аб гэтым ішла размова з паказам і абмеркаваннем дакументальнага фільма “Канец гульні” ў зале ГДК. Паслушніца Свята-Елісавецінскага манастыра Галіна Карукіна і свяшчэннік ?? вызначылі прычыны, прыкметы і наступствы “гульняманіі”, яе віды, спынілілся на праблемах залежнасці ад аўтаматаў, камп’ютараў, інтэрнэту.
15 красавіка, пятніца
У пятніцу яны ж ў політэхнічным каледжы сустрэліся з прадстаўнікамі маладзёжнага актыву “Лідар”. Адбыўся тэматычны агляд кніг, праваслаўнай прэсы, аўдыя- і відэадыскаў. На канстультацыйнам мерапрыемстве ў ЦДТ для актывістаў Чырвонага Крыжа, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сацыяльных педагогаў выступіла псіхолаг Ганна Ткачова. У Мікашэвіцкай гімназіі па “Сцяжынках да святынь роднага краю” правяла Наталля Шчарбакова – кандыдат культуралогіі, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі культуры педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.
16 красавіка, субота
Гэта ж выступленне адбудзецца ў лунінецкай СШ №2. Для свяшчэннікаў і актыўных прыхаджан благачынія псіхолаг Ганна Ткачова правядзе гутарку аб пераадоленні стыгмы і дыскрымінацыі ў адносінах людзей, якія жывуць з ВІЧ. На канцэрт “Захавай сваё сэрца” мужчынскага вакальнага ансамбля “Арнамент” з праграмай духоўнай, класічнай і народнай музыкі запрашае Лунінецкі ГДК у 14 гадзін, Мікашэвіцкі Палац культуры “Граніт” – у 18 гадзін.
17 красавіка, нядзеля
Адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу малюнкаў “Ілюстрацыя да маёй любімай кніжкі” і бібліятэкараў, а таксама перадача кніг, сабраных у перыяд дабрачыннай акцыі, сацыяльным установам. Пасля нядзельнай літургіі фестываль праваслаўнай культуры завяршыцца хрэсным ходам ад Свята-Крыжаўзвіжанскага храма да цэнтральнай плошчы, дзе адбудзецца цырымонія ўрачыстага закрыцця “Кладзезя” з падзячным малебнам і выступленнем прадстаўнікоў духоўнай і свецкай улад.