“КЛАДЗЕЗЬ” застаўся ў сэрцах
Аб гэтым гаварылі ўдзельнікі ўрачыстага закрыцця фестывалю праваслаўнай культуры, якое адбылося ў Вербную нядзелю.
Пасля святочнай літургіі ў Свята-Крыжаўзвіжанскім храме хрэсны рушыў да цэнтральнай плошчы. Каля імправізаванай каплічкі з іконай святога дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага благачынны протаіерэй Васілій Дужак, раённы місіянер іерэй Сергій Чыж, дыякан Сергій Платніцкі адслужылі падзячны малебен фестывалю.
Старшыня райсавета Віталь Адзішчаў і намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч ад імя жыхароў раёна выказалі шчырыя словы падзякі за духоўнае свята, якое на працягу тыдня дарылі лунінчанам прадстаўнікі розных храмаў, манастыроў і сястрыцтваў. Кіраўнікі прынялі падзячныя лісты, падпісаныя настаяцельніцай Свята-Елісавецінскага манастыра ігуменняй Еўфрасінняй (Лапцік), работнікам аддзелаў ідэалагічнага, адукацыі і культуры, якія спрыялі правядзенню фестывалю. Рэжысёр «Кладзезю” паслушніца абіцелі Галіна КАРУКІНА асабліва адзначыла неацэнную дапамогу раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, яе старшыні Таццяны Кацуба і валанцёраў. Уручаліся і агульныя падарункі – бібліятэчкі праваслаўнай літаратуры. Цырымонія стала асабліва прыўзнятай для групы юных мастакоў з Лунінца і вёсак раёна, якія перамаглі ў конкурсе малюнкаў «Ілюстрацыя да маёй любімай кнігі”.
«Арнамент”
Напярэдадні, у суботу, у гарадскім Доме культуры многім лунінчанам пашчасціла паслухаць «Арнамент” – мужчынскі вакальны ансамбль, які лічыцца адным з лепшых у Беларусі. Калектыў часта выступае ў дабрачынных акцыях. Галіна Карукіна кожны нумар суправаджала красамоўным прыкладам, што дазваляе назваць праграму «Музыка – выхаванне душы” своеасаблівай пропаведдзю.
Міласэрнасць
Са сцэны ГДК арганізатар фестывалю ўпікнула, што лунінчане не вытрымалі тэст на міласэрнасць. Галіна Карукіна мела на ўвазе наведвальнікаў выставы-кірмаша, якія не затрымліваліся каля прылаўкаў з вырабамі інвалідаў. Прадстаўнікі раённых суполак ГА «Беларускае таварыства інвалідаў” з Лунінца, Пінска, Століна, Кобрына ў шматлікіх рэчах, вырабленых сваімі рукамі, прадэманстравалі мастацкія здольнасці і прафесійнае ўменне. З якой любоўю і ўвагай да гаспадароў былі аформлены паштоўкі з відамі Лунінца! Стваральнікі паклапаціліся нават пра адваротны бок здымкаў, каб на іх можна было напісаць адрас і даслаць сябрам.
Гэтыя маладыя людзі прыцягвалі бязмежнай дабрынёй – Мікалай СІДАРЧУК і Вольга ПІЛЕВІЧ (Пінск), Алена ВЯРЭНІЧ (Лунінец). Яны паведамілі і аб тых нашых земляках, якія ў пэўнай ступені рэабілітавалі лунінецкае грамадства. Гэта – вучні ліцэя. Перад імі з сумесным праектам «У сэрцы маім” выступілі інваліды і выхаванцы Пінскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху і мовы. Праграма працягнулася значна даўжэй, чым для яе быў вызначаны час, але юныя лунінчане не варухнуліся, каб пасля канцэрта літаральна «ўзарвацца” апладысментамі. Потым ліцэісты запрасілі гасцей у дзіцячае кафэ «Казка”, пачаставалі іх, разам наведалі выставу-кірмаш, павіталі сяброў сваіх новых знаёмых.
Да новых сустрэч!
Запісала выказванні некаторых служыцеляў сацыяльных праектаў, якія дабрачынна працуюць на карысць праваслаўнай царквы, аб лунінецкіх уражаннях у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі.
Марыя Уласевіч прадстаўляла прыход у гонар іконы Божай Маці «Неўпіваемая чаша” (Мінск):
– Да мяне падыходзіла многа людзей, таму што, на жаль, адны праблемы хвалююць і сталіцу, і глыбынку. Прымала запіскі, расказвала аб занятках у групах дапамогі алкаголе- і нарказалежным людзям, а таксама іх сваякам, што дзейнічаюць пры нашым храме. Тыя, хто звяртаецца да Багародзіцы, атрымліваюць суцяшэнне.
Шмат вырабаў, што спрыяюць духоўнаму росту, прапаноўвалі прадстаўнікі сястрыцтва ў гонар Іаана Багаслова пры саборы Свяціцеля Мікалая Цудатворцы (Навагрудак).
Сястра Жанна-Іаанна:
– На выставе-кірмашы прапаноўвала аўдыя- і відэадыскі з запісамі класічнай і духоўнай музыкі і спеваў. Лунінчане ахвотна спыняліся паслухаць і набыць. Уражаны прыгажосцю храма ў Лунінцы. Змаглі на кароткі час наведаць царкву.
Сястра Серафіма:
– Прадаю мёд з Жыровіцкага манастыра. Пчалярствам не займалася, але аграрый і па натуры, і па спецыяльнасці – была аграномам-брыгадзірам. Сама з Украіны. Ад Чарнобыля пераехалі ў Абхазію, а там трапілі ў полымя міжнацыянальнага канфлікту. Ледзь выратаваліся. Жылі ў Расіі. І вось ужо больш як 10 год – у Беларусі. Сын, айцец Уладзімір Масаліцін, – свяшчэннік прыхода паблізу Гомеля, напісаў кнігу «Лёсы людскія”. Узрушана тэрактам у Мінскім метро. Узняць руку на добры беларускі народ – гэта як пакрыўдзіць немаўля… З радасцю частую мёдам кожнага, хто падыходзіць, – і сама атрымліваю асалоду, калі бачу іх задавальненне.
Сястра Лілія:
– Маю адукацыю таваразнаўцы, таму даверылі прапаноўваць серабро – крыжыкі, ланцужкі, ладанкі. Майстры працавалі з любоўю, усе вырабы асвячаны. Спадзяюся, тыя, хто купіў іх, адчуюць цяпло і спагаду благаславення.
Іконы і царкоўныя прылады можна было набыць і ў прадстаўніц сястрыцтва пры Свята-Елісееўскім Лаўрышанскім манастыры (Навагрудак) – іх прапаноўвалі сёстры Кацярына БЕРНАТ і Таісія ЛЯГУШ.
Свята-Елісавецінскаму манастыру (Мінск) служыць сястра Галіна, якая прапаноўвала травяныя чаі і бальзамы. Таццяна КРУШАЛАВА назвала сябе звычайнай прыхаджанкай абіцелі. Яна захаплялася дагледжанасцю Лунінца і адзначыла, што па парадзе сяброў набыла масла і іншую прадукцыю ААТ «Лунінецкі малочны завод”.
Юным лунінчанам запомніўся лялечны тэатр «Батлейка”, дзе спектаклі на біблейскія тэмы паказвалі сацыяльныя работнікі манастыра Марына ПЛЯШКОВА (яна ўражвала дарослых і дзяцей і ў касцюме Коціка) і Святлана СТРАХА.
Дзякуючы «Кладзезю” за напоўнены духоўнасцю і дабрынёй тыдзень, кіраўнікі раённай улады ад імя лунінчан запрашалі паўтарыць фестываль праваслаўнай культуры праз некаторы час.