КЛІЧ ЗАЛЕССЯ

Успамінамі аб сяброўстве з творцамі, якія з’яўляюцца гонарам не толькі нацыянальнай эліты, аб стварэнні ў НАН Беларусі аддзела рукапісных, старадрукаваных і рэдкіх кніг яго былая загадчыца Лідзія Іванаўна ЗБРАЛЕВІЧ захапіла вучняў і настаўнікаў Лунінецкага ліцэя.

Свае дзяцінства і юнацтва цяперашняя мінчанка правяла ў нашым горадзе, які лічыць родным з 1939 года. Менавіта пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі ў складзе БССР на станцыю Лунінец быў накіраваны яе бацька. Іван Фёдаравіч Авіннікаў узначаліў электрасілавую гаспадарку чыгункі. У 1941-ым сям’я была эвакуіравана ў Казахстан, а ў 1944-ым, з аднаўленчым цягніком, вярнулася ў Лунінец. Да 9-га класа дзяўчына вучылася ў чыгуначнай школе (пераемніцай якой з’яўляецца СШ №2), выпускніца – вячэрняй. Закончыла Ленінградскі інстытут культуры. Спадарожнікам жыцця стаў друг дзяцінства Расціслаў Сцяпанавіч Збралевіч, прадстаўнік трох пакаленняў лунінецкіх чыгуначнікаў. Разам працавалі ў Арменіі, па месцы накіравання мужа. Вярнуўшыся ў Беларусь, энергічна ўзялася за новую справу, што сёлета адзначае 45-годдзе стварэння. У час чарговага наведвання Лунінца Л.І. Збралевіч запрасілі ў ліцэй. Прэстыжная навучальная ўстанова размешчана непадалёку ад дома, які госця з Мінска называе родным. Пацікавілася ўражаннямі ад сустрэчы ў яе ўдзельнікаў.

Бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук:

 – Радуюся, калі да нас завітваюць пісьменнікі ці навукоўцы, але самай шчаслівай была, калі чула калегу. Вочы напаўняліся слязьмі радасці, таму што чалавек, які меў справу з самымі высокімі ўзорамі літаратуры, выказвае тыя ж пачуцці, што напаўняюць маё сэрца. Галоўнае – гэта непераходзячая любоў да кнігі, якую хочацца перадаць нашым ліцэістам. Лідзіі Іванаўне гэта ўдалося…

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Барысаўна Трэгубава:

– Дзякуючы гэтай сустрэчы, да нас наблізіліся постаці класікаў нацынальнай літаратуры. Яны супрацоўнічалі з Лідзіяй Іванаўнай, разам шукалі старажытныя кнігі ў зачыненых царквах, звярталіся ў «акадэмку” за дакументальнымі рарытэтамі той эпохі, якая станавілася прадметам іх літаратурнага даследавання. Яна захоўвае малюнак Уладзіміра Караткевіча, аўтографы іншых пісьменнікаў, з якіх асабліва цэніць сяброўства з Янкам Брылем…

Намеснік дырэктара Наталля Вітальеўна Бойка:

– Захоплена знаёмствам з высока адукаваным і разумным чалавекам, які цэніць каштоўнасць кожнага імгнення жыцця, захоўвае святую любоў да малой радзімы і паэтычна адлюстроўвае яе. У адным са сваіх вершаў Лідзія Іванаўна адзначыла: «Я не смогла тебя, моя земля, прославить…”. Толькі сапраўды інтэлігентны чалавек можа быць такім сціплым! Наша госця ўзнагароджана двума медалямі «За працоўную доблесць”, дзесяццю Ганаровымі граматамі айчыннага Міністэрства культуры, дзвюма – тагачаснага парламента Беларусі, адной – Вярхоўнага Савета СССР…

У творчым багажы Л.І. Збралевіч – больш як 80 бібліяграфічных публікацый у рэспубліканскай, саюзнай і міжнароднай прэсе. Аб зямлячцы пісаў Мікалай Калінковіч у кнізе «Лунінец”. Летась, з нагоды 80-гадовага юбілею, Лідзію Іванаўну шчыра ўшанаваў калектыў бібліятэкі НАН Беларусі.

Малая радзіма па-ранейшым натхняе цяперашнюю сталічную жыхарку на паэтычную творчасць. Лунінчане ўдзячны за вершы, прысвечаныя нашым вуліцам і прыгажосці навакольнай прыроды, занатаваўшыя энергію маладосці і высокія маральныя прынцыпы. У лунінецкага Залесся – паселішча чыгуначнікаў, з якога пачынаўся горад, ёсць свой спявак. А Лідзія Іванаўна, прыцягваючы эрудыцыяй і аптымізмам, пашырае кола прыхільнікаў моладдзю нашага краю…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть