КЛЮЧ АД СЭРЦА

ветэраны вайны і юныя выхаванцы даверылі Альбіне Данілаўне КАЛЕШКА. Пад яе кіраўніцтвам 30 год таму сумеснымі намаганнямі людзей розных узростаў створаны музей баявой славы ў Цэнтры дзіцячай творчасці.

Яна нарадзілася ў Лунінцы праз два гады пасля Вялікай Перамогі. У пачатку 1950-ых сям’я пераехала на радзіму бацькі. Усць-Каменагорск не ведаў вайны. Але трагічныя і гераічныя падзеі хвалявалі выпускніцу школы, якая працавала ў дваровым клубе «Тытан” інструктарам па рабоце з дзецьмі. З газет даведаўшыся пра мясцовых удзельнікаў абароны Брэсцкай крэпасці, завязала з імі перапіску і пачала збіраць матэрыялы ў гонар цытадэлі.

20-гадовы піянерскі важак была заахвочана турыстычнай паездкай у Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Пры вяртанні ажыццявіла даўнюю мару – наведала родных у Лунінцы і крэпасць-герой у Брэсце. Уражаннямі і новымі экспанатамі папоўніўся музей ва Усходнім Казахстане. Многія цікавыя ідэі не паспела ўвасобіць у жыццё: памёр бацька, і дачка разам з маці вярнулася ў родныя мясціны.

– З 1971 года Лунінец стаў адзінай радзімай, – усміхаецца суразмоўніца. – Павагу да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якая ўвасобілася ў мае пачуцці з казахстанскіх дзяцінства і юнацтва, хацелася асабліва выказаць на зямлі шматпакутнай Беларусі. Грамадства актыўна рыхтавалася ўрачыста адзначыць 30-годдзе Вялікай Перамогі. Кіраўнік гуртка Дома піянераў з першых дзён работы стварыла клуб інтэрнацыянальнай дружбы «Жураўлік” (назва ў памяць хірасімскай трагедыі цяпер здаецца вельмі сімвалічнай – пасля чарнобыльскай…). Асабліва плённа ў ім дзейнічаў ваенна-патрыятычны напрамак.

– Вельмі дапамог журналіст раённай газеты «Ленінскі шлях” Мікалай Калінковіч, – успамінае Альбіна Данілаўна. – Ён прапанаваў заняцца пошукам звестак пра воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні раёна і пахаваны ў гарадскім скверы. Узяўшы ў райваенкамаце кароткую інфармацыю, накіравалі сотні запытаў у музеі розных гарадоў. Удалося знайсці сем’і некаторых герояў вайны, якія не ведалі аб месцах апошняга прытулку блізкіх людзей. Памятаю, з Варонежскай вобласці прыязджалі сёстры Васіля Мікалаевіча Пінчука, схіляліся да мемарыяльных пліт, гладзілі далонямі прозвішча іх брата… З часам за многімі прозвішчамі на абелісках сталі паўставаць вобразы маладых абаронцаў Айчыны.

Лісты, якія прыходзілі на адрас чырвоных следапытаў Лунінца, старанна збіраліся ў папкі, фотаздымкамі поўніліся альбомы. Праз успаміны ветэранаў вайны яскрава занатоўвалася вызваленне раёна. Энергічны характар кіраўніка гуртка згуртоўваў дзяцей на больш дзейсныя справы.

– Дакладна сказана: не паўтараецца такое ніколі, – Альбіна Данілаўна прыгадвае паходы па мясцінах баявой славы. – Хіба цяпер можна ўявіць 10-дзённую вандроўку групы дзяцей у суправаджэнні толькі аднаго дарослага?! Начавалі ў палатках у лесе, самі распальвалі агонь і гатавалі ежу. Частку дарогі маглі пад’ехаць па чыгунцы ці на аўтобусе, а пераважна перасоўваліся пешшу з нялёгкімі рукзакамі за спінамі. Нікога не баяліся – і нас паўсюдна гасцінна сустракалі: у вайсковых часцях, вясковых хатах, дзе пражывалі былыя партызаны ці франтавікі. Дзеці наведвалі брацкія магілы, запісвалі ўспаміны жывых сведкаў падзей вайны. Свой шлях завяршалі ў Мазыры сустрэчай з равеснікамі ў школе, дзе створаны музей баявой славы 55-ай Мазырскай дывізіі.

Магчыма, яго наведванне падштурхнула да наступнай канкрэтнай справы. 29 красавіка 1980 года пад №40 ва ўпраўленні адукацыі Брэсцкага аблсавета зарэгістраваны «школьны музей” у нашым Доме піянераў. Яму папярэднічалі незабыўныя сустрэчы.

– Чырвоныя следапыты знайшлі ўдзельнікаў вызвалення раёна – нам было даверана іх прымаць, – не хавае хвалявання Альбіна Данілаўна. – З гэтага часу сапраўднымі сябрамі юных лунінчан сталі прадстаўнікі камандавання палкоў, якім былі прысвоены найменні Лунінецкія: былыя начальнік штаба 111-га палка Фёдар Максімавіч Еравой і камандзір артдывізіёна 107-га палка Пётр Мікалаевіч Кудзінаў. Якім шчасцем было для ўсіх нас, калі ім, жыхарам адпаведна Падмаскоўя і Рыгі, першымі ў гісторыі нашага краю былі прысвоены званні «Ганаровы грамадзянін горада Лунінец”!

Партрэты гэтых і многіх іншых ветэранаў вайны вісяць на стэндах у невялікім пакойчыку Цэнтра дзіцячай творчасці, дзе, вытрымаўшы два пераезды, з 1990-ых гадоў абсталяваўся музей баявой славы. Рэчы, набытыя ў паходах ці перададзеныя ганаровымі гасцямі, сталі экспанатамі. У асноўным фондзе налічваецца 650 адзінак, з іх больш як 200 – сапраўдныя рэліквіі. Найбольш значныя – планшэт, трафейная медыцынская сумка, элементы партызанскага «абмундзіравання” – скураныя рамяні, Падзякі Галоўнакамандуючага за вызваленне Лунінца, франтавыя лісты. У экспазыцыі распавядаецца і пра 117-ты Лунінецкі полк 23-яй Кіеўска-Жытомірскай дывізіі, сумесныя дзеянні партызан і чырвонаармейцаў. Фотаздымкі, у тым ліку і сталічных рэпарцёраў, адлюстроўваюць пасяджэнні клуба «Гвардзеец”, які пазней аб’яднаў чырвоных следапытаў, нагадваюць аб наведванні гарадоў Кіеў, Харкаў, Талін, Рыга, Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад), Сочы, Масква. Там юных лунінчан урачыста прымалі былыя франтавікі, якія вызвалялі нашы мясціны. У Лунінцы 17 верасня 1974 года адбылася сапраўды гістарычная сустрэча з праслаўленым лётчыкам, тройчы Героем Савецкага Саюза Іванам Мікітавічам Кажадубам. Яго пажаданні юным лунінчанам занатаваны на першай старонцы Кнігі запісаў ганаровых гасцей, якая запоўнена шчырымі словамі шматлікіх наведвальнікаў.

– У 1988-ым узначаліла пазашкольную ўстанову, – працягвае расповяд Альбіна Данілаўна. – Музей заставаўся справай жыцця. Занатавалі ўспаміны вызваліцеляў раёна з першых вуснаў. Гэта была сапраўды сувязь пакаленняў: кожны гуртковец пісаў асобнаму ветэрану, які адказваў не нявызначанай групе дзяцей, а канкрэтнаму хлопчыку ці дзяўчынцы. У 1992 годзе Дом піянераў стаў Цэнтрам дзіцячай творчасці. Ажыццяўляючы ваенна-патрыятычнае выхаванне, музей працягваў арганізоўваць наведванні для школьнікаў. Юныя экскурсаводы прасякаліся гэтай вечнай тэмай і перадавалі свае эмоцыі равеснікам, атрымліваючы іх водгук душы…

У 2004-ым Альбіна Данілаўна «здала” пасаду дырэктара новаму кіраўніку, а ў мінулым снежні развіталася з месцам работы, якому аддала 38 год жыцця. Адказнасць за захаванне сведчанняў гераічнага мінулага ўскладзена на метадыста Тамару Міхайлаўну Пракаповіч.

– Пакуль знаёмлюся са шматлікім матэрыялам, які назапашаны за дзесяцігоддзі працы, – удакладняе педагог. – Спадзяюся, музей будзе запатрабаваны сучаснымі школьнікамі, таму што вывучэнне падзей Вялікай Айчыннай вайны, неўміручага подзвігу вызваліцеляў раёна – краевугольны камень краязнаўства…

Альбіне Данілаўне ўдавалася захапляць юных лунінчан следапыцкімі пошукамі, плён якіх занатаваў музей баявой славы. Хочацца спадзявацца, што яе паплечнікі па педагагічнай працы захаваюць спадчыну некалькіх пакаленняў і прымножаць яе новымі здабыткамі.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть