КНІГІ І КВЕТКІ
Два захапленні, не аддаючы перавагу аднаму перад другім, спалучае бібліятэкар ЦРБ Наталля ВЕРАМЕЙКА.
У Лунінцы няма (пакуль) тэатра, але, падобна яму, бальніца ўражвае сапраўды «з вешалкі”. У вялікім светлым вестыбюлі з люстранымі калонамі дастаткова месца не толькі для гардэроба, аптэкі, службы аховы, але і раскошных скураных мяккіх куткоў для наведвальнікаў. Новай сучаснай мэбляй і апаратурай прывабліваюць кабінеты медработнікаў і палаты для хворых на кожным паверсе. На 2-ім – агульная раздзявальня злучае канферэнц-залу з дыхтоўнай бібліятэкай, дзе сустракае яе гаспадыня.
– Наталля Аляксандраўна, многія нават не здагадваюцца, што ў бальніцы ёсць бібліятэка…
– Толькі тыя, хто тут не працуе ці не быў пацыентам. Праўда, раней кнігі размяшчаліся ў старым фінскім доміку – былым памяшканні службы «хуткай дапамогі”. Хворым з аддзяленняў было не вельмі зручна наведваць бібліятэку, таму наш фонд карыстаўся попытам пераважна медработнікаў.
– Відавочна, і пераважае спецыялізаваная літаратура?
– Парытэт захаваны – больш за тысячу экземпляраў медыцынскіх кніг, уключаючы энцыклапедыю, і перыядычных выданняў, столькі ж – для аматараў мастацкага чытання. Пэўна, фонд будзе папаўняцца, таму што ў новым будынку колькасць чытачоў значна павялічылася.
– На што больш спадзяецеся: набыццё літаратуры праз адміністрацыйны рэсурс ці падарункі дабрачынцаў?
– Зразумела, кнігі не могуць быль першаступенным артыкулам патрэб установы аховы здароўя. Але ў нашай бібліятэкі многа сяброў, якія дзеляцца прачытанымі набыткамі хатніх кніжных сховішчаў. Шчыра ўдзячна ўрачам Ніне Уладзіміраўне Парфёнавай і Генадзю Антонавічу Леванцу, медсястры Надзеі Гаджала, санітарцы Алле Жукоўскай. Веру, што кнігадарыцеляў пабольшае.
– Ці ёсць нейкія статыстычныя дадзеныя, якімі характарызуецца бальнічная бібліятэка?
– Штогод даю справаздачы ў Брэст і Мінск вышэйстаячым арганізацыям медыцынскага ведамства. Выпісваем газеты «Советская Белоруссия”, «Рэспубліка”, «Звязда”, «Заря”, «Лунінецкія навіны”, шэраг часопісаў. За два месяцы больш як 250 наведвальнікаў звярнуліся за перыёдыкай. Ва ўсіх катэгорый чытачоў папулярнасцю карыстаюцца часопісы «Медицинские знания” і «Рецепты”, а на чытанне «Планеты” нават створана чарга. Абанементам скарысталіся больш як 170 чытачоў, у тым ліку 16 урачоў і 33 медсястры.
– Раскажыце пра сябе. Ці не цесныя сцены бібліятэкі для прывабнай жанчыны?
– Дзякуй. Мне падабаецца мая работа, хаця занята толькі на палову стаўкі. Выпускніца-1975 СШ №3 пачынала абмотчыцай на заводзе электрарухавікоў. З маладосці ёсць што прыгадаць, акрамя працы, – турыстычныя падарожжы ў Крым і Прыбалтыку. У складаныя часіны канца 1980-ых мама, якая працавала бухгалтарам бальніцы, параіла асвоіць бібліятэчную справу. Калі ўлічыць, што і мая дачка Ангеліна – акушэрка жаночай кансультацыі, значыць, у ЦРБ склалася працоўная дынастыя.
– Мяркуючы па мадэльным абліччы, цікавіцеся часопісамі мод ці жаночымі раманамі?
– Першымі – зрэдку, другімі – ніколі. Люблю гістарычную літаратуру, класічныя, не сучасныя, дэтэктывы. Акрамя чытання, такое ж вялікае захапленне – кветкі. У прасторным пакоі ёсць дзе размясціць шматлікія вазоны. Экзатычныя віды раслін прывозіць муж, які ў свой час працаваў у былой МК-6, а цяпер заняты на ўзвядзенні алімпійскіх аб’ектаў у Сочы. Мае любімыя кветкі – лілеі, але яны лепш прыжываюцца на прасторы. Запрашаю на дачны ўчастак…