КОЛА КОЛЕРАЎ ЖЫЦЦЯ
Выстава малюнкаў навучэнцаў мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў адкрыта на другім паверсе краязнаўчага музея.
Да Вялікодных святаў юныя лунінчане падрыхтавалі працы ў розных тэхніках, якія адлюстроўваюць духоўную тэматыку. Тут і біблейскія сюжэты, і развагі аб розных шляхах чалавека да храма, і ўвасабленне фарбамі малітоўнага стану душы. Напярэдадні 25-годдзя катастрофы на ЧАЭС вернісаж святочных карцін дапоўніўся малюнкамі на сумную тэму – наступствы радыяцыйнай бяды. Рознакаляровыя фарбы тут саступілі месца тым, што выклікаюць сумныя пачуцці. Дзеці адлюстравалі ўсю гаму ўражанняў, што выклікае гэта слова – Чарнобыль: сама АЭС, ліквідатары, кінутыя хаты і школы, безнадзейныя позіркі людзей, вымушаных эвакуіравацца ў нязведанае…
«На круги своя” вяртае яшчэ адна невялікая выстава, якая засталася з часу правядзення фестывалю праваслаўнай культуры «Кладзезь”. Гэта – старажытныя іконы, якія былі затрыманы пры іх спробе незаконнага вывазу за мяжу і потым перададзены ў Лунінец супрацоўнікамі Брэсцкай мытні. Спыніўшыся каля твораў мастацтва рук невядомых майстроў, маеш магчымасць вярнуць супакоены настрой і ў думках прачытаць малітву – у памяць загінуўшых і ў славу жывучых…
З пытаннем аб уражаннях звярнулася да аднаго з наведвальнікаў вернісажу – намесніка старшыні райвыканкама Андрэя МАЗЬКО:
–Выдатна, што дзеці маюць магчымасць развіваць мастацкія здольнасці. Парадавала, што ў нас так многа таленавітых юных мастакоў. Ад душы жадаю плёну іх творчасці! Педагогам, ад якіх залежыць накіраванасць творчых імкненняў навучэнцаў, на будучае хачу параіць наступнае. Ад тэмы пераадолення наступстваў Чарнобыля трэба пераходзіць да адлюстравання дынамічнага развіцця нашых мясцін, як гэта вызначана палітыкай дзяржавы. Праўда, на гэтай выставе пазітыўны погляд на рэчаіснасць удала занатавалі малюнкі, увасобіўшыя духоўнасць юных і дарослых землякоў. Наогул усе гэтыя працы вартыя самай шырокай увагі лунінецкага грамадства.
26 красавіка, у Дзень чарнобыльскай трагедыі, выставу наведалі дабрачынцы з ірландскай арганізацыі «Сябры дзяцей Чарнобыля”, якія знаходзіліся ў Лунінцы па афіцыйнаму запрашэнню. У кнізе водгукаў замежныя госці пакінулі шчырыя словы захаплення творчасцю юных мастакоў і таленавітасцю іх выкладчыкаў.