КОЛЕРЫ РАДАСЦІ
У часіны, якія можна назваць «датэлевізійнымі”, уменне вышываць было такой жа натуральнай уласцівасцю жанчыны, як прыбіраць дом ці гатаваць ежу. Доўгімі зімовымі вечарамі вяскоўкі розных узростаў збіраліся ў адной з хат, пераймаючы ў сябровак узоры, каб занатаваць іх на кашулю мужа ці свой фартушок. Потым «блакітны агеньчык” авалодаў увагай сучаснікаў, а ў 1990-ыя экспансія заходняй моды прымусіла схаваць у куфры шэдэўры бабуліных рук.
Якое шчасце, што нацыянальнае адраджэнне запатрабавала спрадвечнага народнага майстэрства! Але яму і не здраджвала жыхарка вёскі Велута Кацярына Сяргееўна Каховіч. І не толькі сама старанна вышывала ручнікі, якія з задавальненнем набываюць юныя вяскоўцы, выязджаючыя на аздараўленне, для падарункаў замежным «бацькам”. Справай, што выхоўвае карпатлівасць і цярпенне, мама захапіла дачку. Повар мясцовага дзіцячага садка «Купалінка” Алена АМЕЛЬЯНЧУК – прызнаны майстар вышыўкі. Вырабы яе залатых рук экспануюцца на мастацкіх выставах не толькі аддзела адукацыі, але і агульнараённых мерапрыемстваў. На вышываных карцінах адлюстраваны кветкі, казачныя персанажы, а найбольш – сюжэты на біблейскія тэмы. Ручнікі для здымкі яна расклала на канапе, а самыя складаныя па тэхніцы выканання творы стварылі «мастацкую галерэю” на сценцы пакоя. Тут жа бачу дыплом, цікаўлюся, калі і за што ўручаны.
– Мае галоўныя ўзнагароды, пэўна, наперадзе, – усміхаецца Алена Мікалаеўна. – А першай лічу здымкі ў праграме Нацыянальнага тэлебачання, якія паказалі ў сакавіку… Гэтым жа дыпломам адзначаны сын Аляксандр за дасягненні ў спорце. Яго захапленне прадвызначыла выбар прафесіі – вучыцца ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце на факультэце фізічнага выхавання.
Прыватызаваўшы службовую кватэру ў звычайным вясковым доме, падзеленым на дзве часткі, мама і сын па-гаспадарску ўладкавалі сваё жыллё. Пакоі адрамантаваны, абсталяваны сучаснай мэбляй. Утульнасць дому надае яго рукатворная прыгажосць. Калі ж гаспадыня частуе чаем з прафесійна выпечаным тортам, міжволі думаю: шчасце – проста знаходзіцца побач з прывабным і добразычлівым чалавекам, гарманічна адораным такімі яркімі ў сваёй звычайнасці здольнасцямі…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.