КОЖНАМУ РУБЛЮ – КАНКРЭТНАЕ ПРЫЗНАЧЭННЕ

Апошняя ў 2012 годзе 17-ая сесія раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання, якую адкрыў яе старшыня Віталь Адзішчаў, прайшла незадоўга да Новага года.
Сесія датэрмінова спыніла паўнамоцтвы дэпутата  райсавета ад Вялікачучавіцкай выбарчай акругі № 28 Валянціны Верас і вывела яе з саставу пастаяннай камісіі райсавета па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны грамадзян у сувязі з выбраннем у парламент. Віталь Адзішчаў падзякаваў Валянціне Ігнатаўне за актыўнасць, пажадаў плёну на новай рабоце. 
З дакладам «Аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця  раёна на 2013 год” выступіў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. Ён паведаміў, што напярэдадні адбылася абласная сесія Савета дэпутатаў, дзе быў прыняты прагноз сацыяльна-экана-мічнага развіцця Брэстчыны і вызначаны асобныя параметры развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, у тым ліку і нашага раёна. Сярод асноўных прагнозных паказчыкаў, характарызуючых стан эканомікі  рэгіёна, застаюцца: эфектыўная работа, экспарт тавараў і паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, намінальна налічаны заробак.
(Асноўныя заданні, якія будуць садзейнічаць дынамічнаму развіццю эканомікі і сацыяльнай сферы раёна і арганізацый  у 2013-ым годзе, былі вызначаны на апошнім пасяджэнні райвыканкама і апуб-лікаваны ў нумары «ЛН” за 28 снежня 2012 года).
Другім важным пытаннем сесіі было прыняцце  раённага бюджэту на 2013 год. Перш, чым пазнаёміць з яго праектам, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Леанід Юнчык коратка праінфармаваў дэпутатаў аб бюджэце 2012 года, які ў цэлым склаўся ўдала. Своечасова атрыманыя  падатковыя паступленні дазволілі ў поўным аб’ёме фінансаваць усе прадугледжаныя артыкулы  расходаў. Акрамя таго, выкананне даходнай  часткі дало магчымасць накіраваць на мерапрыемствы, на якія не хапала сродкаў, 19 мільярдаў 100 мільёнаў рублёў. Па ўзаемных разліках  дадаткова атрымана 12 мільярдаў 400 мільёнаў рублёў. Па даходах чакаецца выкананне бюджэту на 100,3 працэнта.
Бюджэт раёна на 2013 год сфарміраваны на аснове прагнозных параметраў работы калектываў у плануемым годзе, прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і кантрольных лічбаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.
У выніку запланавана мець 515 мільярдаў 744,4 мільёна рублёў даходу (рост 117,2 працэнта да чакаемага выканання бюджэту 2012-га). Расходы запланаваны ў памеры 504 мільярды 267,5 мільёна рублёў (што на 24,3 працэнта больш, чым у 2012-ым) з прафіцытам у 11 мільярдаў 476,9 мільёна рублёў.
Асноўныя складаемыя бюджэту  – паступленні ад падаходнага падатку – 34,9 працэнта, падаткаў: на дабаўленую вартасць – 26,5 працэнта, на прыбытак – 9,2, на здабычу – 7,8 і на нерухомасць – 7,1 працэнта.
Расходы, як і ў папярэднія гады, маюць сацыяльную накіраванасць. Улічана неабходнасць забеспячэння грашовымі сродкамі заработнай платы работнікам бюджэтнай сферы, трансфертаў насельніцтву, аплаты камунальных плацяжоў, прадуктаў харчавання, лекаў, субсідзіраванне жыллёва-камунальных і транспартных паслуг, аказваемых насельніцтву.
У артыкулах расходаў асноўную частку, як і раней, займае фінансаванне  сацыяльна-культурнай сферы, куды  будзе накіравана 336 мільярдаў 48,6 мільёна рублёў, што складае 66,6 працэнта ад усіх расходаў з тэмпам росту 125,5 працэнта. 
Расходы на аплату працы работнікаў бюджэтнай сферы складуць 249 мільярдаў 186,9 мільёна рублёў, або 49,4 працэнта ад агульнай сумы расходаў.   
Як і ў папярэднія гады, з раённага бюджэту будзе фінансавацца ўтрыманне дзяржапарата, агульнадзяржаўныя пытанні, падтрымлівацца сельская гаспадарка. У прыватнасці, на ўтрыманне ветэрынарнай сеткі плануецца накіраваць 3 мільярды 188,6 мільёна рублёў, яшчэ 1 мільярд 458,1 мільёна рублёў – на рамонт тэхнікі і набыццё паліва. Прадугледжаны сродкі на ўдзешаўленне некаторых відаў паліва, рэалі-зуемых насельніцтву, на фінансаванне пасажырскіх перавозак. Не застануцца без падтрымкі раённая сістэма бытавога абслугоў-вання насельніцтва і кінасетка. У 1,26 раза вырастуць выдаткі на медыцынскае абслугоўванне.
Вызначаны сродкі на развіццё спорту і турызму, ахову навакольнага асяроддзя. 
Расходы на жыллёвыя, камунальныя і іншыя паслугі па прадпрыемствах ЖКГ прадугледжаны ў аб’ёме 82 мільярды 125,2 мільёна рублёў, што амаль на 17 мільярдаў рублёў больш, чым у 2012 годзе. Амаль 11 мільярдаў рублёў будзе накіравана на бягучае ўтрыманне аб’ектаў добраўпарадкавання ў Лунінцы і Мікашэвічах, яшчэ 4 мільярды рублёў –  на іх капітальны рамонт.
71 працэнт затрат на жыллёва-камунальныя паслугі па-ранейшаму будуць аплачвацца з бюджэту і толькі  16 працэнтаў – насельніцтвам. На фінансаванне капітальнага рамонту жыллёвага фонду плануецца накіраваць 4 мільярды 990 мільёнаў рублёў, што на 1 мільярд 449 мільёнаў рублёў больш, чым у 2012-ым. 
У 2013 годзе прадугледжаны  сродкі на рамонт Лахвенскага СДК і ўзвядзенне прыбудовы да гарадской СШ №1. 
Увыступленні  старшыні Мікашэвіцкага гарвыканкама Анатоля Давыдовіча адчуваўся гонар за малады горад. Сродкі на добраўпарадкаванне Мікашэвіч паступалі з абласнога, раённага бюджэтаў, а таксама ад мясцовых прадпрыемстваў. Сярод іх – РУВП «Граніт”, які на працягу года аказаў фундатарскай дапамогі на 3 мільярды рублёў. Накіраваны на развіццё Мікашэвіч і сродкі, атрыманыя ад 5 суботнікаў. За сродкі абласнога бюджэту заасфальтавана вуліца Першамайская да выезду на аўтатрасу М-10. Патрэбны грошы на будаўніцтва лазні, гасцініцы, стадыёна.
Значныя для рэгіёна  праблемы агучыў дырэктар КУП ВКГ «Водаканал”  Аляксандр Ра-дзіяновіч. Найперш ён прапанаваў на «Палессеэлектрамашы” ці рамонтна-механічным заводзе, дзе ёсць ліцейная вытворчасць, наладзіць выпуск запорнага абсталявання, накшталт рознага роду засовак, якія ў краіне не вырабляюцца. Гэта дазволіць вырашыць пытанне па імпартазамяшчэнню, прыцягнуць у раён добрыя грошы і стварыць дадатковыя рабочыя месцы.
Аляксандр Георгіевіч назваў станоўчымі сумы бюджэтных сродкаў, накіраваныя ў камунальную гаспадарку. Пашкадаваў, што не знайшлося іх для «Водаканала”, які пастаянна працуе па мадэрнізацыі і ўдасканаленню  вытворчасці, зніжае затраты, аднак, вырашыць усе пытанні самастойна не можа. І адно з іх – пасёлак Сельгастэхніка, дзе поўнасцю зношана сістэма водаадвядзення. Няма грошай і на пракладванне новага калектара, праект якога падрыхтаваны. Менавіта гэты аб’ект павінен палепшыць экалагічную абстаноўку ў Сельгастэхніцы, якая церпіць ад зношаных ачысных збудаванняў малочнага завода і райаграсервіса. Усяго на мадэрнізацыю сетак, пракладку калектара неабходна каля 3 мільярдаў рублёў.  
Сродкі паабяцалі знайсці. Адной з крыніц іх паступлення стане павелічэнне для насельніцтва каэфіцыента падатку на нерухомасць і зямлю.
Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Піліпцэвіч паведаміў, што на тэрыторыі раёна выяўлены месцы знаходжання, вяртлявай чарацянкі  і грыба фістуліны пячоначнай, занесеных у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь, і выступіў з прапановай аб перадачы іх пад ахову дзяржавы. 
Уходзе работы сесіі быў зацверджаны план работы раённага Савета дэпутатаў і яго органаў на 2013 год, прыняты рашэнні па многіх пытаннях, сярод якіх: «Аб некаторых змяненнях падаткаабкладання”, «Аб змяненнях у раённым бюджэце за 2012 год”, «Аб спісанні асноўных сродкаў”, «Аб лімітах здабычы карысных выкапняў і падземных вод”, «Аб некаторых пытаннях прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці Лунінецкага раёна, і пераўтварэння КУП у ААТ”. Старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч прапанаваў да абмеркавання нарматыўны дакумент «Аб частковым фінансаванні клубаў па гульнявых відах спорту”. 
Удзел у рабоце сесіі прымалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Удавенка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу  Рэспублікі Беларусь Валянціна Верас. 
Запісала Галіна КУЧЭЙКА.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть