КОЖНЫ ГОРАД ПАЧЫНАЎСЯ З ВЁСКІ…

Сустрэча прадстаўнікоў роду Шпакоўскіх, звесткі аб якім адноўлены з дапамогай Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь, упершыню адбылася ў Вулькаўскім 1 Цэнтры культуры і народнай творчасці.

У пачатку ХХ стагоддзя класік нацыянальнай літаратуры адрасаваў грамадству такія пытанні:

«Прыйдуць людзі з Усходу, прыйдуць з Захаду людзі, і спытаюцца ў нас:

«Зкуль? Якога вы роду? Дзе зямля ваша будзе? Дзе Айчызна ў вас?”

Адказы на іх паспрабавалі даць прадстаўнікі нашага роду. Дакументальна пацверджана яго прыналежнасць да дваранскага саслоўя. У Агульным Гербоўніку змешчаны выява і апісанне геральдычнага сімвалу і ўказваецца: «Из фамилии Шпаковских многие служили Российскому Престолу дворянские службы в разных чинах и жалованы были от государей поместьями, что доказывается выпиской Смоленского Губернского Архива…”.

Некалькі пакаленняў нашчадкаў смаленскага роду засталіся ў гісторыі Беларусі як «дворяне застенка Сушицка”, што на Піншчыне. У нашым краі, у 1871 годзе абвянчаўшыся з уражэнкай «села Вулька Лунинская” Дарыяй Васільеўнай Дунько-Дуньчык, стварыў сям’ю Міхаіл Фаміч Шпакоўскі. Яго маёмасная спадчына зменшылася: трое дзяцей лічыліся ўжо «мяшчанамі”, хаця дагэтуль род ведаюць пад мясцовай мянушкай «шляхта”. Аб былой заможнасці нагадвае хіба што дыхтоўны надмагільны помнік дачцэ Параскеве (1889-1909) – пасля бацькі яна працягнула пахаванні сям’і на могілках Вулькі 1… Зямля, дзе стаяла радавая сядзіба, размешчана па вул. Кастрычніцкай, 89. Насупраць, як і іншыя вясковыя хаты, звычайна выглядае дом Васіля Міхайлавіча Шпакоўскага (1875-1931). Ён з’яўляецца агульным продкам для прадстаўнікоў 5-ці пакаленняў нашчадкаў.

Ад першай жонкі, якая памерла маладой, у яго было трое дзяцей, ад другой – васьмёра. Зводныя браты і сёстры захавалі сваяцкія адносіны. Цяпер з 11-ці застаўся адзін – 82-гадовы Васіль Васільевіч Шпакоўскі.

– Сямейны дуэт з жонкай Нінай Сямёнаўнай праславіў прозвішча на ўсю Беларусь, – адзначае дырэктар Цэнтра Вольга Мелюх. – Аб Шпакоўскіх здымалі фільм, іх не раз паказвалі па тэлебачанні і адлюстроўвалі ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку, запрашалі на шматлікія святы. Іх песенная творчасць – сапраўдны здабытак нашай спадчыны…

Вядома толькі дата нараджэння яго старэйшага брата Рамана. Маладой пайшла з жыцця сястра Ганна (1897-1924). Здымак Мікалая (1901-1974) з яшчэ трыма аднавяскоўцамі змешчаны ў раённай газеце «Ленінскі шлях” у 1965 годзе з такім подпісам: «Гэта – радавыя калгаснікі сельгасарцелі «Авангард”. Кожнаму з іх ідзе ўжо сёмы дзесятак год. І нягледзячы на гэта, старэйшыя хлебаробы аддаюць нямала сіл для памнажэння багацця сваёй калектыўнай гаспадаркі…”.

У мясцовым калгасе таксама працавалі Антон (1931-1994) – бацька пяцярых дзяцей – і яго чацвёра сясцёр, якія ў замужжы змянілі прозвішчы. Цікава, што дзве мелі адно імя – Марыя, але ў вёсцы іх не блыталі, ведаючы як Марусю Лабко (1919-1998) і Маню Дараховіч (1924-2007). Абедзьве былі маці-гераінямі: адна выгадавала васьмёра, другая – шасцёра дзяцей. У Вольгі Дуньчык (1913-1993) нарадзілася трое, у Настассі Жданько (1918-1993) – чацвёра. Таццяна Піліпцэвіч (1927-1996) выйшла замуж у Лахву. У 1948 годзе зарэгістраваны другі шлюб Параскевы (1915-каля 1980) з Д.Я. Лук’янчанкам – дырэктарам доследна-балотнай станцыі ў Крэстынова. Пазней сям’я выехала на яго радзіму ў Расію. Болем усяго роду застаецца яе першынец Мікалай, які ў перыяд фашысцкай акупацыі трапіў у аблаву. 7-гадовы хлапчук прапаў без вестак… Апошнім часам імкнемся аднавіць сувязі з яе пасляваеннымі сынам і дачкой.

Яны належаць да 8-га пакалення ў ліку 43 унукаў В.М. Шпакоўскага, шасцёра з якіх захавалі яго прозвішча. Стрыечныя браты і сёстры радасна віталі малую радзіму. Цяперашнія жыхары Лунінца, Пінска, Парахонска, Салігорска, Барысава расказвалі пра бацьку ці маці, выконвалі іх любімыя песні. Калі гучалі вядомыя словы «Деревня моя, деревянная, дальняя”, многія не стрымлівалі слёз…

Сустрэчу прысвяцілі 7-му пакаленню, але і наступныя адметны працавітымі і творчымі асобамі, якіх шануюць у розных гарадах і краінах. 9-ае пакаленне – гэта 80 праўнукаў В.М. Шпакоўскага, у 10-ым (да яго належу і я) – 67 прапраўнукаў, двое мужчын носяць прозвішча продка. Верым, што захаваецца яно і ў 11-ым пакаленні, якое пакуль налічвае 20 нашчадкаў.

Дакументы сведчаць, што ў самыя складаныя часы Шпакоўскія не здрадзілі радзіме і веры, заўсёды заставаліся прыхільнікамі праваслаўя. У царкоўным хоры Парахонскага храма ўдзельнічае Вольга Лабко-Еўтух, спеў-малітву якой на завяршэнні сустрэчы падтрымалі ўсе прысутныя…

Алена СТАСЮК, настаўніца Вулькаўскай 1 СШ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть