КРОЧАЦЬ У НАГУ З ЧАСАМ
Падчас апошняга візіту на Лунінеччыну Прэзідэнта краіны
Аляксандра Лукашэнкі жыхары заводскага мікрараёна выказалі пажаданне, каб побач
з універсамам «Заходні” быў магазін, дзе можна было б набыць тавары
паўсядзённага попыту, а таксама аб’ект грамадскага харчавання.
І вось за кароткі час «Заходні” пераўтварыся ў сучасны
гандлёвы цэнтр. Днямі тут адкрыўся прамысловы магазін і піцэрыя «Фіеста”.
Падчас урачыстай цэрымоніі старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч адзначыў, што
райспажыўтаварыства не перастае здзіўляць і па праву займаць высокую прыступку
ў «турнірнай табліцы” сярод прадпрыемстваў кааперацыі ў краіне.
– Піцэрыя – гэта новы напрамак дзейнасці для нас, –
зазначыў старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар. – Пастараемся
зрабіць усё магчымае, каб наведвальнікі не расчараваліся. Спадзяюся, што
«Фіеста” стане любімым месцам адпачынку моладзі, а таксама сем’яў з дзецьмі. На
ўзвядзенне новых аб’ектаў зрасходвалі каля 4 мільярдаў рублёў, але не ўсе
работы яшчэ завершаны. Працягваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Будзем
удасканальваць і сістэму абслугоўвання. З часам піцу будзем дастаўляць па
заяўках на дом.
Трэба сказаць, што вельмі ўражвае інтэр’ер памяшкання.
Зручная і сучасная мэбля, каляровая гама – усё гэта стварае камфорт і цудоўны
настрой. І цэны, трэба сказаць, не завоблачныя. Піца – ад 16000 да 33500
рублёў, кава ці марожнае – ад 3-х тысяч рублёў. Па словах дырэктара філіяла
«Грамадскае харчаванне” Валянціны Швед, тут прапануюць дэсерты, салаты і нават
гарачыя стравы.
Прыемна парадаваў і новы прамысловы магазін. Дызайн,
эстэтычнасць, шырокі асартымент і, зразумела, цэны – вось што сёння прываблівае
пакупнікоў. Менавіта на гэтую акалічнасць звярнула ўвагу дырэктар філіяла
«Аптова-рознічнае аб’яднанне” Ніна Віцэнка. Плошча гандлёвай кропкі здаецца
невялікай, але тут знайшлі суседства тавары неабходныя грамадзянам у
паўсядзённым ужытку: ад іголкі да буйнагабарытнай бытавой тэхнікі. А якія тут
посуд, люстры, падстаўкі пад кветкі, сродкі для гігіены, сувеніры і іншае! Каб
убачыць усё гэта, трэба абавязкова зазірнуць у новы прамысловы магазін
«Заходні”. Адной з першых гэта зрабіла Вера Драніч:
– Цудоўны магазін. І нікуды не трэба ехаць, усё пад
бокам. Дачцэ, якая жыве ў Брэсце, змагла выбраць падарункі. Між тым, вочы
разбягаюцца ад колькасці тавараў і ад іх прыгажосці. Раю ўсім наведаць
«Заходні”!