КРОК НАСУСТРАЧ АДЗІН АДНАМУ
Гэты двор можна назваць самым незвычайным у Лунінцы – яго ствараюць пяць шматпавярховак, кожная з якіх мае свой адрас на розных вуліцах: Сялянская, 6 “А”; Кулакевіча, 15; Акружная, 11; Чырвоная, 105 і 105 “А”. Сёлета тут амаль завершаны работы па добраўпарадкаванню, якія вяліся не адзін год. Тым не менш, жыхарка аднаго з дамоў даслала ліст у рэдакцыю “ЛН” з выказваннем шэрагу прэтэнзій да камунальнай службы. Пракаменціраваць іх папрасілі намесніка дырэктара Лунінецкай ЖКГ Георгія ШПАКОЎСКАГА.
– Адкажыце, калі ласка, на канкрэтныя заўвагі, указанныя ў лісце. “На вуліцы Кулакевіча, 15 работы не закончаны”.
– Дазвольце пачаць з таго, што добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый вядзецца не па жаданню жыхароў ці камунальнікаў, а згодна з графікам, зацверджаным райвыканкамам. Рамонтныя работы ў двары дома па вуліцы Кулакевіча, 15 сёлета не планаваліся. Але наша прадпрыемства вышукала ўнутраныя рэзервы. За кошт уласных сродкаў выкладзена тратуарнай пліткай дарожка, устаноўлены новыя бардзюры, пашырана стаянка для аўтамабіляў. Засталося заасфальтаваць пад’язную дарогу і саму пляцоўку (у апошні тыдзень лістапада работы былі завершаны. – Т.К.). Вядзем перамовы з ДРБУ-101, каб выканаць гэта хутчэй. Але трэба і жыхарам зразумець: фінансаванне ў крызісны год наогул ідзе вельмі складана, тым больш на аб’ект, не пазначаны ў плане.
– А па якіх адрасах было запланавана добраўпарадкаванне?
– Сёлета прадугледжваліся рамонтныя работы па вуліцах: Сялянская, 6 “А”, 38 “А”, 40 “А”; Чырвоная, 105 і 105 “А”; Акружная, 11.
– Ёсць скарга і наконт аднаго з названых вамі адрасоў. “На вуліцы Сялянская, 6 “А” ў двары асфальт не пакладзены”. Так?
– Гэту няпраўду пакінем на сумленні аўтара ліста. Двор заасфальтаваны яшчэ ў ліпені. Дарэчы, у сваю чаргу выкажу заўвагу жыхарам дома па вуліцы Акружная, 11. Пракладзена выязная дарога, а абазначаная бардзюрам тэрыторыя будучага газону была закрыта цэментнымі кветніцамі. Іх адсунулі ў бок і працягваюць ездзіць аўтамабілямі па зямлі, псуючы добраўпарадкаванне.
– Відавочна, да гэтых парушальнікаў грамадскага парадку трэба прыцягнуць увагу ўчастковага інспектара РАУС… Але вернемся да ліста. “Калі ў нас будзе чыста ў двары? З вясны ніхто не прыбірае. Паскардзімся – прыйдуць. Прамаўчым – смецце так і валяецца”.
– Гэта сапраўды праблема. Дворнікам тут працавала жанчына, якая была замацавана за ЖКГ па рашэнню суда. Яна то выходзіла на работу, то не. Калі статус абавязанай асобы быў зняты, вымушаны былі звольніць гэтага нядбайнага работніка. Трэці месяц шукаем дворніка…
– Чарговае пытанне аўтар ліста адрасуе ад імя многіх жыхароў гэтага мікрараёна: “Ці будзе пракладзены асфальт ад вуліцы Сялянская каля магазіна “Меркурый” па вуліцы Кулакевіча ў бок паліклінікі?”.
– У межах маёй кампетэнцыі – дваровыя тэрыторыі, але адкажу і на гэта пытанне. Упраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама зрабіла праекта-каштарысную дакументацыю, а работнікі ДРБУ-101 цяпер вядуць добраўпарадкаванне дарогі. Зноў жа – гэтыя работы сёлета не запланаваны, толькі дзякуючы райвыканкаму вышуканы дадатковыя сродкі.
Разам наведалі двор, які выклікае столькі прэтэнзій. Безумоўна, камунальнікам яшчэ будуць адрасаваць пытанні і аб лужынах, ад якіх вельмі складана пазбавіцца (у той час, калі будаваліся шматпавярхоўкі, ліўнёвая каналізацыя не была прадугледжана), і аб затапленні падвалаў, на што паскардзілася сустрэтая намі жанчына. Яна адмовілася прадставіцца, таксама патрабаваўшы хутчэй замацаваць за дваром пастаяннага прыбіральшчыка. Але лунінчанка згадзілася, што і санітарная культура жыхароў прымушае жадаць лепшага. Аб гэтым сведчылі не толькі поліэтыленавыя пакеты са смеццем, пастаўленыя ўздоўж бардзюраў (у той час, як машына, што вывозіць камунальныя адходы, працуе строга па графіку, а значыць кожны мае магчымасць выкінуць іх, не забруджваючы наваколле), але і ператвораныя ў сметнік скрынкі для раздзельнага збору другаснай сыравіны.
На фоне рознакаляровых новабудоўляў дастаткова сумна выглядаюць старыя шматпавярхоўкі. Але восеньская непагадзь быццам падкрэслівае прыкметныя вартасці добраўпарадкавання. Хочацца верыць, што вясной газонная трава і кветкі ўпрыгожаць двор на радасць жыхарам. Георгій Георгіевіч заўважае:
–Калі сёння стала добра ў параўнанні з учарашнім горшым, жыхарам хочацца, каб было яшчэ лепш. Зразумелыя іх жаданні, але трэба ўсвядоміць: магчымасці камунальнікаў – не бязмежныя. Па-за планам сёлета з Фонду садзейнічання занятасці насельніцтва былі выдзелены сродкі, на якія змаглі пакласці 1300 квадратных метраў асфальтабетоннага пакрыця ў дварах дамоў па вуліцы Сялянская, 38 “А” і 40 “А”. Тут пашырана аўтамабільная стаянка і пад’язныя пуці, устаноўлены новы дарожны бардзюр, выкладзена тратуарная дарожка. Цяпер прывезлі шыфер. У дамах па вул. Чырвоная, 105 “А” і вул. Сялянская, 6 “А” рамантуем дахі на ўваходах у пад’езды з устройствам водаадліваў. Да канца года ўпарадкуем 8 пад’ездаў… Гэта жыццё – нешта ламаецца-псуецца, значыць, будзем замяняць ці рамантаваць. На маю думку, перш, чым скардзіцца ва ўсе інстанцыі, жыхары маглі б адзначыць, колькі сіл і сродкаў укладваецца камунальнікамі ў добраўпарадкаванне жылога фонду, і больш актыўна спрыяць навядзенню агульнага парадку. Дзе – падказкай, дзе – парадай, а самае галоўнае – асабістым удзелам ва ўпрыгожанні пад’ездаў і дваровых тэрыторый. Давайце рабіць больш крокаў не супраць, а ў напрамку адзін да аднаго.