КРЫК ДУШЫ
Толькі ўбачу, як кружаць над вёскай у чыстым і бязвоблачным небе буслы, узгадваю радкі з песні ў выкананні знакамітай спявачкі Сафіі Ратару: «Над землей летели лебеди в солнечный денек, было им светло и радостно в небе вдвоем, земля казалась ласковой им в этот миг… Вдруг по птицам кто-то выстрелил, и раздался крик…”. Дык чаму ж так кранаюць сэрца гэтыя словы? Можа таму, што шчасліва ў пары жылі і жывуць гэтыя дзве птушкі – беласнежныя лебедзі і буслы. Іх вернасці можна толькі пазайздросціць. І калі здараецца бяда з адной, другой у роспачы толькі і застаецца жыць з болем, адзінотай, сумам. Узгадваецца, як даўным-даўно на былых Грычынскіх балотах пад шатром векавых дубоў ля калгасных механізатараў узвялі палявы стан. Тут для іх гадавалі сняданкі, абеды і вячэру. У той жа год на воданапорнай вежы маладая пара буслоў збудавала гняздо. А на наступны – чацвёра дзетак-буслянят узнялося з яго на крыло. Ды нядоўгім было шчасце – вясной на роднае гняздоўе вярнуўся толькі адзін бусел. Для кожнага, хто бываў на палявым стане, гэта стала трывожнай нечаканасцю. Розныя хадзілі чуткі ды размовы. Ды хіба птушка раскажа, падзеліцца смуткам і трывогай? Бусел адзінока стаяў на гняздзе, агучваючы наваколле раскацістым, балючым клекатаннем. А то моўчкі хадзіў па ўзаранай раллі, часам кудысьці надоўга знікаў. А вярнуўшыся зноў трывожыў людзей сваёй жалобнай песняй-крыкам і днём, і ноччу. Як толькі настаў час адлёту ў вырай, разам з іншымі падаўся і адзінокі бусел. Якой была радасць людзей, калі пасля доўгай зімовай сцюжы над палявым станам закружылася двое буслоў. Відаць там, у цёплай краіне, знайшла птушка сабе пару і цяпер гатова прадоўжыць свой род. Пацвярджэнне таму – вясёлы і радасны клёкат над Грычынскімі прасторамі.
Рыгор ЖУК.