КВЕТКІ ЛЯ ДОМА
Настаўніца рускай мовы і літаратуры Мікашэвіцкай гімназіі Алена Міхайлаўна НЯМЧЭНЯ адзначыла 55-годдзе.
– Добразычлівага, адказнага педагога, пэўна, вас больш ведаюць як краязнаўцу. Ураджэнка Леніна, некалі ствараўшага аднайменны раён з цэнтрам у цяперашнім маладым горадзе, вы колькі жывяце ў Мікашэвічах, столькі і вывучаеце стаўшае другой радзімай паселішча, ці не так?
– Вытокі любові да мінулага – усё ж на малой радзіме. Збіраннем гістарычных звестак захапіў настаўнік геаграфіі Уладзімір Уладзіміравіч Баярын. Яго імя вядома ў краязнаўстве Беларусі, дзякуючы захаванню многіх артэфактаў. Другім чалавекам, які паўплываў на будучыню выпускніцы, быў дырэктар школы. Мама працавала тэхнічкай, дык ён проста загадаў паступаць мне у Мазырскі педагагічны інстытут. Хіба начальству адмовіш? Цяпер удзячна яго рашучасці. Тады ж вясковая дзяўчына так разгубілася ў вялікім горадзе, што гатова была, але баялася вярнуцца дамоў. У пераадоленні сябе дапамог сваяк дзядзька Павел…
– Вельмі высакародна – у юбілейны год прыгадваць людзей, з якіх, як прынята гаварыць, «рабілі” жыццё… ЦІ былі такія асобы ў Мікашэвічах?
– Безумоўна. Першае месца працы – родная школа. Мужам стаў аднакласнік. Наш першынец паявіўся на свет яшчэ ў Леніне. Хутка, дарэчы, 30 год таму, пераехалі ў Мікашэвічы. Працавала ў дапаможнай школе-інтэрнаце, СШ №1, СШ №2. Была і піянерважатай, і выкладчыкам. Да 40-годдзя Вялікай Перамогі ў першай школе з тагачасным дырэктарам Аркадзем Чашам стваралі музей баявой славы. З ветэранамі вайны наведвалі дачку Васіля Захаравіча Каржа ў Мінску, яго родную вёску Хорастава, райцэнтры, якія мелі вопыт занатавання гісторыі партызанскага руху. Дзеці назбіралі брусніц, здалі ў аптэку, атрымалі 95 рублёў. На гэтыя сродкі мастак аформіў стэнды… Калі ў 1994-ым Аркадзь Паўлавіч узначаліў СШ №3, запрасіў мяне намеснікам дырэктара.
– Вядомы педагог і чалавек вялікай душы, і тут працягваў захоўваць сведчанні мінулага, стварыўшы першы музей гісторыі Мікашэвіч. Вы заўсёды былі вернай памочніцай кіраўніка.
– З таго часу і лічу краязнаўства сваім прадвызначэннем… Калі ў гэтым старым драўляным будынку здарылася аварыя ацяпляльнай сістэмы, экспанаты, без перабольшання, выратаваў Сяргей Паўлавіч Высоцкі, таксама патрыёт Мікашэвічаў. Гімназія дала другое жыццё музею. Працую тут на працягу 4 год. Маю 12 гадзін выкладання прадмета, а пераважна займаюся краязнаўствам.
– Будынак першага музею знеслі. Такі вялікі горад, як Мікашэвічы, варты паўнацэннага сховішча каштоўных звестак адметнага вялікімі падзеямі мінулага. Шкада, цяпер толькі ў фае можна праглядзець экспанаты, што не садзейнічае іх захаванасці. Ды і знешне стэнды састарэлі, не маючы адпаведных умоў зберажэння. Відавочна, праблема стварэння музея ў Мікашэвічах выходзіць за рамкі ўстановы адукацыі – патрэбна ўвага гарадскіх улад.
– Гэта – мой боль і мая мара… Упэўненасць у неабходнасці пошукавай справы падмацоўваюць аднадумцы. Перш-наперш, мая калега Зінаіда Паўлаўна Дыдышка – настаўнік гісторыі, ураджэнка Мікашэвіч. Цікавяцца мінулым родных мясцін дзеці. З вучнямі, якія займаюцца ў краязнаўчым гуртку, працягваем збор матэрыялаў. Навукова-доследчая праца 9-класніцы Кацярыны Рабец заняла 2-ое месца ў вобласці. Са старажытным рамяством ткацтва пазнаёміла бабуля Насці Крывулец у вёсцы Сінкевічы. Кожны ўносіць свой уклад, вынікам чаго ствараецца цэласнае аблічча Мікашэвічаў – учора і сёння.
– Апошнім часам раённы аддзел і абласное ўпраўленне адукацыі адзначае пераважна вашу краязнаўчую работу. Але і за прафесійныя набыткі ў выкладанні філалогіі таксама маеце Ганаровыя граматы. Літаратура – аддушына ў складаных сітуацыях?
– Упэўнена, кніга лечыць душу мноству людзей, не толькі прафесійна звязаных з літаратурай. Мой своеасаблівы малітоўнік – расказы Чэхава. Маю не так шмат вольнага часу, але ў дарогу заўсёды бяру з сабой зборнік любімага пісьменніка… Заўсёднае захапленне – земляробства. Як любіла вырошчваць памідоры і перцы! Сяброўкі вохкалі – у наваколлі не было смачнейшай і прыгажэйшай агародніны, чым на нашым участку. Але перанесла цяжкую хваробу, і муж прадаў дачу. Нават не адну – цэлых тры. Пераканаў, што нашых заробкаў дастаткова, каб быць забяспечаным садавіной і гароднінай.
– Раскажыце, калі ласка, пра вашу сям’ю.
– Муж, Васіль Віктаравіч, будаўнік па спецыяльнасці, працуе ў «КубГраніт”. Сын Павел – добры псіхолаг. Дае мне больш парад, чым маці – яму. У прафесіі пайшоў па слядах бацькі. Узводзіць свой дом, высадзіў сад. Нявестка – таксама настаўніца, выкладае гісторыю ў гімназіі. Радасць усёй сям’і – 1,5-гадовы ўнучак Максім… Дачка Святлана нарадзілася ў Мікашэвічах. Сёлетні год знамянальны яшчэ адной падзеяй – атрымала дыплом лінгвістычнага універсітэта. Адораная натура – піша вершы і навелы, малюе. Уладкавалася ў адной з фірмаў у Мінску. Перакладчык – запатрабаваная прафесія… Больш-менш дзеці вызначыліся. Мы з мужам вырашылі збіраць грошы на лодку, каб у выхадныя дні адпачываць на Прыпяці, – рыбалку любім абодва. Лічым самым лепшым адпачынак у нашых маляўнічых наваколлях.
Па крупіцах збіраючы сведчанні мінулага, Алена Міхайлаўна імкнецца да стварэння прыгажосці ў сучаснасці. Шматлікія кветкі каля пад’езда шматпавярховага дома, у адной з кватэр якога жыве сям’я, – клопат настаўніцы. Асабліва прывабныя вяргіні, упрыгожваючыя жыццё ў пачатку восені…