Каб на ўроку гучала: “ЭЎРЫКА”!

Вопытам работы выхавання даследчай дзейнасці школьнікаў з пазіцыі фарміравання матывацыі да далейшага навучання дзеліцца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Люшчанскай яслі-сад-БШ Галіна Мікалаеўна ПРОФІТ:
– Прымусіць думку школьніка працаваць – вось асноўная задача педагога. Як забяспечыць вучня неабходнымі ведамі, выклікаць асабістую цікаўнасць да вучобы? Як падрыхтаваць дзіця да працы ў грамадстве, літаральна начыненым новымі тэхналогіямі?
Адказам на пастаўленыя пытанні можа быць выкарыстанне праектнага і даследчага падыходу ў навучанні, развіццё навыкаў даследчых паводзінаў вучняў. Ён будуецца на аснове натуральнага імкнення дзіцяці да самастойнага вывучэння асяроддзя.
Мая даследчая дзейнасць з вучнямі пачалася на ўроках. Па-першае, дасканала прадумваю формы: урок-творчая справаздача, урок-семінар, урокі «Мой паэт” ці ”Мой герой”, урок адкрытых думак. Па-другое, вызначаю вучняў, схільных да пэўнага віду дзейнасці. «Разведчыкі”, «ідэолагі”, «архіварыусы” – сур’ёзная назва пасады падкрэслівае важнасць іх асабістага ўкладу ў агульнае даследаванне.
Як выглядае гэта на практыцы? Напрыклад, урок-абарона ідэй па «Слову аб палку Ігаравым”. Працуем над мовай твора, вызначаючы наступныя напрамкі даследавання: фарбавая і гукавая гамы; дзеясловы руху; тапанімічны слоўнік; геаграфія, складанне карты; псіхалагічны партрэт аўтара і г.д.
Такія урокі разлічаны хутчэй на старэйшых вучняў. З 5-6-класнікамі складаем вершы і казкі. Аб’ёмная даследчая праца атрымалася з актыўнымі ўдзельнікамі школьнага краязнаўчага гуртка.

7-класнікі Кацярына Гулько і Артур Піпчанкаў, 6-класніца Аліна Кавалевіч зацікавіліся вопраткай прадзедаў. Атрымалася даследчая праца на тэму «Жаночы касцюм дзятлаўскага строю ў пачатку XX стагоддзя”. Як даведалiся ў працэсе даследвання, менавіта суседняя вёска ў тыя часы выступала як заканадаўца мод гэтай мясцовасцi, у тым ліку і Люшчы. Сустракаліся са старажыламі. 85-гадовая Вольга Іванаўна Канапацкая распавяла, як яе бабуля, збіраючыся ў царкву, апранала намітку. Яе равесніца Лукер’я Ігнатаўна Кацуба прадэманстравала, як трэба абуваць лапці. А 90-гадовая Надзея Апанасаўна Брэзіна дагэтуль захоўвае «куфар” з пасагам, які да шлюбу ёй падрыхтавала мама. Дзеці былі ўражаны, што састарэлыя жанчыны і цяпер не сядзелі без працы: хто вышываў ручнік для ўнучкі, хто вязаў шкарпэткі, але кожная была занята карыснай справай. Правялі апытанне, занатавалі, зафіксавалі iнфармацыю ў форме відэазапісаў і фотаздымкаў на лічбавых носьбітах, знялi фiльм.
З гэтай працай занялі другое месца ў раённым конкурсе «З навукай у будучыню”, прынялі ўдзел ў абласной дзіцячай навукова-практычнай канферэнцыі па традыцыйнай культуры у г.Брэсце, дзе атрымалі лісты падзякі, і ў міжнародным фальклорным фестывалі «Радавод”. Даследчая праца дала вучням магчымасць пераканацца: веды, атрыманыя на уроках, – гэта не мёртвы груз, з якім не зразумела, што трэба рабіць, а сродак для ўсведамлення падзей і з’яў, што адбываюцца ў сучасным свеце.
Адначасова іІмкнуся фарміраваць у дзяцей гатоўнасць да самастойных учынкаў і дзеянняў; прыняцця адказнасці за іх вынікі; мэтанакіраванасць і настойлівасць у дасягненні мэт.
Даследчая дзейнасць вучняў адносіцца да тэхналогій развіваючага навучання, таму што садзейнічае развіццю крытычнага мыслення; інфармацыйнай культуры; творчых і камунікацыйных здольнасцей; уменню ставіць мэты і знаходзіць шляхі іх рэалізацыіі.
Усё магчыма ў любой школе, калі ёсць жаданне і імкненне настаўнікаў і вучняў. У сучасным грамадстве развіццё кампетэнцыі асобы адбываецца на працягу ўсяго жыцця. І навыкі, у тым ліку і даследчыя, закладзеныя у школьныя гады, могуць і павінны служыць асновай для далейшага паспяховага засваення сістэмы ведаў на кожнай наступнай прыступцы адукацыі.
Падрыхтавала Таццяна КАНАПАЦКАЯ.