Красавіцкі НАСТРОЙ
Інжынер бюро Пінскага філіяла Брэсцкага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру Віктар Андрэевіч ПІНІГІН удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у маі-чэрвені 1986 года:
– Праз месяц пасля трагедыі ў Чарнобылі нас накіравалі ў Нараўлянскі раён для правядзення геадэзічных здымкаў. Тады вырашылі, што, калі пакрыць глебу асфальтам, здымецца небяспека радыеактыўнага забруджання. Час вызначыў памылковасць гэтага меркавання. Але мы дакладна выканалі сваю работу.
Шок, які напаткаў на тэрыторыі 30-кіламетровай адлегласці ад ЧАЭС, перажыў днямі, калі даведаўся аб тэракце ў Мінскім метро… Забівала цішыня: ні людской гаворкі, ні дзіцячага смеху. Пустыя вёскі, забітыя хаты. У гасцініцы не было месцаў, паставілі раскладушкі на калідоры. У той год была страшэнная жара. Пыл і бруд з сябе змывалі ў Прыпяці. Запомніліся цудоўныя пляжы ўздоўж ракі, проста палескія «Залатыя пяскі”! Уразілі дрэвы: іх верхавіны каля 1,5 метра былі голыя, без лісця, сосны – без хвоі. Галіны-рукі цягнуліся ў неба, быццам молячы аб дапамозе… Кароткае па часе знаходжанне адлюстравалася ў шэрагу вершаў, у тым ліку – «Нараўлянская яблыня”:
У Данілееўцы, мабыць, ці ў Ліхаўні,
Дзе бываць давялося калісьці,
Бачыў я каля хаты пакінутай
Яблыню ў квецені з верхам без лісця.
Не гулі заклапочана пчолы,
Не было птушак чуць мітусні,
Назаўжды толькі болем застаўся
Ў сэрцы жудачны крык цішыні.
Нехта словам бязлітасным «зона”
Тыя месціны стаў называць…
Колькі год асыпаюцца яблыкі –
Іх ніхто не прыходзіць збіраць!
Тры трохкутнікі чорных на жоўтым –
Знак вялікай народнай бяды,
Сухазеллем гасцінец заросшы –
Шлях, вядучы ўжо ў нікуды.
Вёсак гэтых няма ўжо болей,
На іх месцы лес гонкі расце…
Ды штогод тое дрэва здзічэлае
Для жыцця ўсё роўна цвіце!
25 год прайшло з таго трагічнага красавіка. Мне ўласцівы аптымістычны погляд на рэчаіснасць, што стараюся занатаваць і ў творчасці. Вось і месяц гэты ўспрымаю ў радужным колеры. 1-га – адзначылі 20-годдзе малодшай дачкі, 20-га – 55-гадовы юбілей жонкі. Унучка Аляксандра нарадзілася 27 красавіка – сёлета адсвяткуем 10-годдзе. Сімвалічны прыклад: насуперак Чарнобылю – жывем!