Курыць не модна – МОДНА БЫЦЬ ЗДАРОВЫМ

31 мая – Сусветны дзень без тытыню

Так лічаць удзельнікі “круглага стала” ў рэдакцыі “ЛН”, якія імкнуцца пераканаць навакольных у шкоднасці гэтай звычкі.

Святлана ДЗМІТРЫЕВА, псіхолаг цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Жанна КУЛЕШ, валеолаг паліклінікі Лунінецкай ЦРБ.

Таццяна ТРЭГУБАВА, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі.

Сяргей МОЛЧАН, в.а. першага сакратара гаркама БРСМ.

Вядучы: На вашу думку, якія і з чыіх вуснаў аргументы могуць паўплываць на курыльшчыка, каб ён кінуў цыгарэту і больш не дакрануўся да тытуню? Магчыма, ёсць прыклады з асабістага вопыту?

С.І. Дзмітрыева: Па-мойму, самы важны – уласны выбар чалавека. Магчыма, у маладосці многія паспрабавалі гэту спакусу і свядома адмовіліся ад тытуню. А яшчэ важна, каб чалавек не залежаў ад думкі сяброў у адносінах курэння.

С.А. Молчан: Сябры могуць стаць і каталізатарам працэсу ў патрэбным рэчышчы. Спашлюся на сябе. Смаліў, як кажуць падлеткі, са старэйшых класаў, працягваў у інстытуце і на працы. Аднойчы паспрачаўся: захачу – і кіну курыць. Гэта быў сур’ёзны стымул: гаспадар я свайму слову ці не? Было складана. Спачатку сніліся цыгарэты! Але пік напружання прайшоў, антытытунёвую пазіцыю ўзмацнілі самаацэнка і самапавага. Цяпер стрымліваючым фактарам сталі дзеці – імкнуся, каб у іх быў станоўчы прыклад бацькі.

Т.Л. Трэгубава: Такі ж моцны характар меў мой дзед. Заўзяты курыльшчык, аднойчы прыйшоў на начную змену, забыўшыся дома пачак цыгарэт. У калектыве, які ўзначальваў, быў адзіным мужчынам. У той час жанчыны не курылі, гэта лічылася ганьбай у грамадстве. Выпакутаваўшы некалькі гадзін, раззлаваўся на сябе: што ж я за мужык, калі з гэткай слабасцю не спраўлюся? З таго часу не браў у рукі цыгарэт. Мае родныя выхавалі ў мяне непрыняцце курэння. Упэўнена, што менавіта сям’я адыгрывае галоўную ролю ў барацьбе з тытунёвай залежнасцю.

Ж.Л. Кулеш: Аўтарытэтны прыклад – самы пераканаўчы. Але часта заўважаю: калі ў школьных аўдыторыях педагогі ці медыкі гавораць аб шкодзе курэння, дзеці адносяцца да іх слоў дастаткова абыякава. Іх не хвалююць наступствы тытунёвай залежнасці, што напаткаюць потым. Старасць здаецца такой далёкай, навошта загадзя аб гэтым думаць? Згадзіцеся, інфармацыі аб шкодзе курэння больш, чым дастаткова: ролікі, буклеты, артыкулы, плакаты. Але і колькасць аматараў цыгарэты павялічваецца, маладзее і, самае прыкрае, зацягвае ў свой палон усё больш жанчын.

Вядучы: Спрэчным здаецца такі момант. На адзін прыклад з адмовай ад курэння могуць прывесці некалькі выпадкаў, калі чалавек з дзяцінства курыў, не хварэў, але дажыў да ста год і памёр ад старасці. Для большасці разумных людзей усё ж важкім будзе слова спецыяліста.

С.І. Дзмітрыева: Дакладна даказана, што курыльшчыкі рызыкуюць захварэць на рак лёгкіх.

Т.Л. Трэгубава: Для ахайных людзей першай прычынай адмовы ад курэння становяцца чыста знешнія рысы курыльшчыка: непрыемны пах, жоўтыя зубы. Але ж антытытунёвая інфармацыя прыносіць станоўчы плён. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі вялі маніторынг вучняў 5-11 класаў. Лічбы сведчаць аб змяненні сітуацыі да лепшага: калі ў 2007-ым сярод іх было 6,7 працэнта курыльшчыкаў, то летась – 3,8.

Ж.Л. Кулеш: На дзяцей вялікі ўплыў аказваюць кіно і тэлебачанне. Хаця і складана спаборнічаць з фільмамі, дзе галоўныя герой ці гераіня – абавязкова з цыгарэтай у руцэ. Але трэба аддаць належнае: апошнім часам рэкламы цыгарэт стала менш.

Т.Л. Трэгубава: Лічу, што падлетак можа выдзеліцца ў сваім асяроддзі не цыгарэтай, як гэта звычайна адбываецца, а дасягненнямі на алімпіядах ці канферэнцыях, у творчасці ці спорце. Але такую незалежнасць прадэманструе толькі самадастатковая асоба, якая мае сваю пазіцыю, не баіцца праслыць “белай варонай”, пэўным чынам супрацьпастаўляе сябе статкаваму пачуццю.

С.А. Молчан: Згадзіцеся, пакуль прапаганда здаровага ладу жыцця прайграе агрэсіўнасці вытворцаў тытуню. Яны шукаюць новыя метады прыцягнення курэння, новыя формы тытунёвай спакусы. У прыватнасці, у сталіцы папулярныя кальяны: прыгожа, эстэтычна, прыемны пах. І ніхто не гаворыць, што шкода – тая ж! А рэклама электронных цыгарэт – апошняе дасягненне ў справе спакушэння моладзі ХХІ стагоддзя.

С.І. Дзмітрыева: Між тым, канцэрагеннай уласцівасцю валодае не столькі нікацін, колькі араматычныя смолы, якія ўтрымліваюцца ў цыгарэтах, а іх узровень практычна не мяняецца – ці ў самасадзе, ці ў кальяне.

Вядучы: Існуе думка, што прывычкі, якія адмоўна ўплываюць на здароўе чалавека, – яго асабістая справа. Лічу гэта памылковым меркаваннем. Па горадзе гуляюць многа мамачак з малышамі. Побач – мужчыны атручаваюць паветра цыгарэтамі. Чаму дзеці і дарослыя павінна цярпець ад курыльшчыкаў?

С.І. Дзмітрыева: Мноства фактаў сведчыць аб тым, што ўдыханне забруджанага тытунёвым дымам паветра садзейнічае развіццю ў тых, хто не курыць, захворванняў, уласцівых курыльшчыкам. А асяроддзе людзей з цыгарэтамі ўсіх нас робіць пасіўнымі курыльшчыкамі. Знаходжанне чалавека, які не курыць, на працягу 8 гадзін у закрытым памяшканні, дзе кураць, раўнацэннае для яго 5-ці выкураным цыгарэтам. Дзеці бацькоў, якія кураць, больш схільныя да розных інфекцый дыхальных шляхоў, уключаючы бранхіт і пнеўманію, бранхіяльную астму, інфекцыйныя хваробы вуха, якія з’яўляюцца частай прычынай глухаты ў дзяцей.

Ж.Л. Кулеш: Загадам галоўнага ўрача УАЗ “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца” забаронена курэнне ва ўсіх службовых, рабочых і іншых памяшканнях і на тэрыторыях устаноў аховы здароўя.

Т.Л. Трэгубава: Адміністрацыйныя будынкі ўстаноў адукацыі таксама з’яўляюцца зонамі, свабоднымі ад курэння.

Вядучы: Вось бы, па прыкладу абмежавання продажу спіртных напояў на вызначанай адлегласці ад школ, забараніць і курэнне на цэнтральнай плошчы…

Т.Л. Трэгубава: Для гэтага неабходна адпаведная заканадаўчая база. Але з курэннем у грамадскіх месцах можна змагацца і на мясцовым узроўні. Грамадскія арганізацыі праводзяць шмат антытытунёвых акцый. Ёсць прапанова. Калі адбываюцца маштабныя культурныя мерапрыемствы на плошчы ці каля стадыёна, прадстаўнікі маладзёжнага руху могуць размясціць некалькі плакатаў з заклікамі накшталт: “Не курыце побач з дзецьмі!”.

С.А. Молчан: У аўдыторыях школ і каледжаў часта гучаць словы аб шкодзе курэння. Ва ўстановах аховы здароўя паўсюдна бачыш знакі, якія забараняюць курыць. А на вытворчасці? Пракураныя кабінеты і цэхі, непрыемны пах у месцах так званага агульнага карыстання. Шырэй трэба пераймаць вопыт замежных фірм, дзе чалавек, які не курыць, заахвочваецца матэрыяльна.

С.І. Дзмітрыева: Усё залежыць ад кіраўнікоў. Калі яны будуць паказваць прыклад, ад курэння адмовяцца і многія падначаленыя. У калектыўныя дагаворы шэрагу прадпрыемстваў унесены пункт аб заахвочванні тых, хто на працягу года не знаходзіўся на бальнічным. У прыватнасці, у нашым цэнтры такім людзям уручаюць вітаміны. Істотным стымулам для барацьбы з курэннем была б надбаўка да зарплаты тым, хто не курыць, ці тым, хто кінуў курыць.

Т.Л. Трэгубава: Для мяне важна, што на чале барацьбы са шкоднай звычкай стаіць дзяржава. Мяняюцца формы антытытунёвай прапаганды. Раней людзей палохалі, але да страшылак прызвычаіліся. Цяпер перакананне адбываецца на пазітыўным матэрыяле.

Ж.Л. Кулеш: Сёлета загадам міністра аховы здароўя прынята Канцэпцыя рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі фарміравання ладу жыцця насельніцтва да 2020 года і галіновы план мерапрыемстваў да 2015-га. Чакаецца, гэта дазволіць, па-першае, удасканаліць заканадаўства ў гэтым напрамку, а па-другое – знізіць распаўсюджанасць курэння на працягу 10 год на 10 працэнтаў. Курыць – не толькі небяспечна, але і не модна. Модна быць здаровым. Спадзяемся, такі падыход дасць большы плён.

Вядучы: Зробім вывады. Кожны, хто курыць, у стане сам спыніць курэнне. Хутчэй бы ім усвядоміць небяспеку гэтай звычкі і праявіць дастатковую сілу волі! Але ад курэння іншых церпяць і навакольныя людзі. Значыць, антытытунёвыя дзеянні – гэта барацьба за здароўе ўсяго грамадства.

“Круглы стол” правяла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть