ЛАВІСЯ, РЫБКА,
вялікая і маленькая, акрамя вугра і сцерлядзі
21 мая заканчваюцца абмежаванні аматарскага і прамысловага рыбалоўства, устаноўленыя адпаведнымі Правіламі.
Аматарскае рыбалоўства ажыццяўляецца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, іншаземцамі і асобамі без грамадзянства за плату ці бясплатна. У рыбалоўных угоддзях, што складаюць фонд запасу, а таксама ў тых, што прадастаўлены ў арэнду без арганізацыі платных паслуг, яно таксама вядзецца бясплатна ў парадку агульнага карыстання. Можна лавіць усе віды рыбы, выключаючы вугар і сцерлядзь.
Рыбаловам дазваляецца выкарыстоўваць для аматарскага рыбалоўства нахлыстовыя, паплавочныя і донныя вуды ўсіх сістэм, спінінгі, кружкі, дарожкі, жарліцы, з агульнай колькасцю кручкоў не больш як 10 штук. Норма вылаву – не больш як 5 кілаграмаў рыбы на аднаго рыбалова ў суткі.
Забараняецца выкарыстанне жарліц (кружкоў, ставак, калабашак) без указання на іх прозвішча, ініцыялаў і адрасу ўладальніка, а таксама пакідаць устаноўленыя прылады рыбалоўства без нагляду. У выніку выяўлення апошніх яны прызнаюцца безгаспадарчымі і забіраюцца органамі рыбалоўнага кантролю.
Лоў рыбы на дарожку з судоў з рухавікамі дазволены на ўчастку ракі Прыпяць ад вусця р. Цна да вусця р. Смердзь (арандатар – УКП «Паляўніча-рыбалоўная гаспадарка «Лунінец”), за ўстаноўленую ім плату. У астатніх месцах інтэнсіўны спосаб лову рыбы забаронены.
Па ўзнікаючых пытаннях звяртайцеся на нумар «гарачай лініі” інспекцыі 3-64-61 кругласутачна. Тэлефон дзяржаўнай інспекцыі – 8-017-390-00-00.
Аляксандр ГРЫНЕВІЧ, намеснік начальніка Мікашэвіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.