ЛЕС стрымаў, але і ТОІЦЬ НЕБЯСПЕКУ
26 красавіка 1986 года жыццё мільёнаў беларусаў, расіян і ўкраінцаў моцна змянілася. Гэта дата падзяліла нашу гісторыю на «да” і «пасля”. 25 год таму на 4-ым энергаблоку ЧАЭС адбылася буйнейшая ядзерная аварыя ў свеце. Чарнобыльская катастрофа паўплывала і працягвае адмоўна ўплываць на ўсе асяроддзі жыцця пацярпеўшых рэгіёнаў, на эканамічныя і этнічныя сувязі паміж імі, якія склаліся стагоддзямі. Найбольш моцна негатыў буйнейшай тэхнагеннай і эканамічнай катастрофы планеты праявіўся ў Беларусі, на тэрыторыю якой выпала каля 70 працэнтаў паступіўшых у атмасферу радыеактыўных рэчываў.
Шырокамаштабнаму радыеактыўнаму забруджванню былі падвержаны і лясы нашай краіны. Гэта – кожны чацвёрты гектар ляснога фонду, каля 2 мільёнаў гектараў, з якіх больш як 200 тысяч гектараў былі цалкам выведзены з гаспадарчага абарота з-за высокай шчыльнасці. Загадчык абласной лабараторыі радыяцыйнага кантролю Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Іван ВАСІЛЕЎСКІ адначасова звяртае ўвагу і на вялікую пазітыўную ролю ў стрымліванні распаўсюджвання наступстваў бяды на тэрыторыі краіны:
–У першыя дні пасля аварыі 80 працэнтаў радыенуклідаў былі затрыманы ляснымі насаджэннямі, якія прылягалі да тэрыторыі рэактара. Роля лясоў як моцнага біялагічнага бар’ера звязана з іх здольнасцю да аэрадынамічнага супраціўлення працэсу перасоўвання паветраных мас, якія ўтрымліваюць радыенукліды. Лясныя экасістэмы валодаюць вялікай ёмістасцю паглынання і здольнасцю да трывалага ўключэння іх у свой біялагічны абарот. Гэта з’яўляецца дзейсным біягеахімічным асяроддзеўтвараючым фактарам, які грае істотную ролю ў рэгуляцыі радыеактыўных выпадаў на тэрыторыі, пацярпеўшай ад ядзернай катастрофы.
Па цяжкасці паражэння тэрыторыі радыенуклідамі ДЛГУ «Лунінецкі лясгас” быў аднесены да групы з сярэднім забруджваннем і прыймальнымі ўмовамі. Тут захаваліся абмежаванні па выкарыстанню драўніны на паліва і асобныя віды лесакарыстання.
Праз 25 год пасля катастрофы на ЧАЭС па цяжкасці радыеактыўнага забруджвання наша прадпрыемства знаходзіцца на 25-ым месцы сярод 52 пацярпеўшых лясгасаў краіны. Дагэтуль радыенукліды выяўляюцца на 32,5 тысячы гектарах (гэта 22,4 працэнта) са 145,2 тысячы гектараў плошчы ляснога фонду. Найбольш неспрыяльнымі з’яўляюцца лясы Краснавольскага і Вулькаўскага, дзе дагэтуль маюцца выпадкі перавышэння дапушчальных узроўняў ў паліўнай драўніне, а таксама Мікашэвіцкага, Сінкевіцкага, Сітніцкага, Дзятлавіцкага, Лунінецкага, Лунінскага лясніцтваў.
Лес і чалавек – гэта адзін з вобразаў жыцця насельніцтва Беларусі. Карыстанне дарамі, паляванне і проста як лепшае месца адпачынку ён трывала ўвайшоў у наш быт. Рэзкае абмежаванне гэтых даброт аказвала і аказвае вялікі ўплыў на сацыяльна-псіхалагічны стан як канкрэтнага чалавека, так і насельніцтва ў цэлым. Адразу пасля катастрофы на ЧАЭС жыхары забруджаных тэрыторый практычна цалкам адмовіліся ад карыстання дарамі лесу. Але з сярэдзіны 1990-ых выразна стала праяўляцца тэндэнцыя да зніжэння «радыяцыйнай насцярожанасці” ў адносінах да лесу. Насельніцтва ўсё больш актыўна пачало вяртацца да дааварыйнага ладу жыцця, збіраючы ягады і грыбы, здабываючы мяса дзікіх жывёл і лекавыя расліны.
Варта нагадаць, што за гэты час у забруджаных лясах адбыліся змяненні. Радыеактыўны распад кораткажывучых і міграцыя ўглыд глебы доўгажывучых ізатопаў прывялі да значнага зніжэння ўзроўню гама-выпраменьвання. Але ў той жа час прасякненне радыенуклідаў ў зону каранёвага сілкавання раслін павялічыла іх утрыманне ў дарах лесу. Асабліва моцнымі накапляльнікамі застаюцца грыбы і ягады.
З года ў год захоўваюцца ўзроўні забруджвання радыенуклідамі харчовай прадукцыі лесу. Перавышэнне дапушчальных узроўняў стабільна назіраецца ў сярэднім у 70-ці працэнтах проб грыбоў, 50-ці – дзікарастучых ягад, 30 – мяса дзікіх жывёл. Накіроўваючыся ў лес, падвяргаемся знешняму ўздзянню радыяцыі, ужываючы ў ежу яго дары, якія ўтрымліваюць радыенукліды, – унутранаму. Доза апраменьвання тых, хто ўжывае забруджаную радыенуклідамі прадукцыю, можа ў некалькі разоў перавышаць сярэднюю дозу апраменьвання для жыхароў наваколля. Галоўная праблема тут – у жаданні ці, хутчэй, нежаданні саміх людзей клапаціцца аб здароўі сваім і іншых.
Пад «чорным крылом” буйнейшай экалагічнай катастрофы ХХ стагоддзя, якая паўплывала на ўсе аспекты рэчаіснасці, нам наканавана жыць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Няхай гэта бяда не паўторыцца ніколі!