ЛЕТАПІС ВЁСКІ АД ЗЕМЛЯКА
Вёска Астрамечава Брэсцкага раёна – адна з найбольш вядомых у Беларусі. І не толькі тым, што ў пачатку мінулага стагоддзя тут была адкрыта народная бібліятэка, але і сённяшнімі дасягненнямі аднайменнага сельгаскааператыва, якім шмат год кіруе доктар эканамічных навук Аляксей Скакун.
З нядаўняга часу да набыткаў далучылася і ўнікальная кніга Івана Панасюка «Остромечево и «остромычивцы”. Выданне ўражвае сучасным паліграфічным афармленнем, глыбокім зместам, дакладнай вызначанай аўтарскай пазіцыяй – яшчэ вышэй падняць на п’едэстал вёску, якая неўзабаве ўрачыста сустрэне сваё 500-годдзе!..
Трывалай падковай зместу стала ўдумлівае і паслядоўнае вывучэнне гістарычных пісьмовых крыніц, сярод якіх і «Кніга судовых спраў” (1506-1523). Надзвычай цікавыя звесткі сабраны краязнаўцам.
Значная ўвага нададзена сучаснікам, таму асяродку, у якім сталеў будучы настаўнік гісторыі, асабістым назіранням за жыццём землякоў. Прозвішчы многіх з іх трапілі ў аповяд, як і здымкі з сямейных фотаальбомаў. Нават працуючы на Лунінеччыне, Іван Аляксеевіч не губляў сувязі з астрамечаўцамі, а найбольш цікавыя лісты ўключыў у змест кнігі.
Не забыў краязнаўца і пра вірлівае жыццё нашых сучаснікаў, дасягненні працаўнікоў СВК «Астрамечава”. Менавіта Аляксей Сцяпанавіч пасадзейнічаў напісання грунтоўнага летапісу прыбужскай вёскі. На старонках кнігі знайшлося месца і «Астрамечаўскаму вальсу”, аўтар якога – вядомы беларускі паэт Уладзімір Сітуха.
З глыбінь стагоддзяў упэўнена вядзе чытача да нашых светлых дзён аўтар-укладальнік кнігі Іван Панасюк – творца высокага палёту, думак, пачуццяў і канкрэтных спраў, агульным здабыткам якіх мацнее з году ў год тутэйшая гаспадарка. Адна з лепшых у нашай краіне.
Мікола ПАНАСЮК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.