ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Мінулае

Чарнобыльская АЭС размешчана на поўначы Украіны ў 130 кіламетрах ад яе сталіцы – Кіева, у некалькіх кіламетрах ад мяжы з Беларуссю.

Аварыя на 4-ым блоку ЧАЭС адбылася ў 01 гадзін 23 хвіліны 26 красавіка 1986 года, у час правядзення запланаванага эксперыменту з абсталяваннем станцыі.

З разбуранага рэактары ў навакольнае асяроддзе трапілі частка ядзернага паліва і назапашаныя за час работы радыеактыўныя рэчывы, інтэнсіўны выкід якіх з рэактара працягваўся каля 10 дзён.

Чарнобыльская аварыя была самай цяжкай за ўсе 55 год эксплуатацыі атамных станцый у свеце. Эканамічны ўрон склаў сотні мільярдаў долараў.

У 134 чалавек з ліку першых удзельнікаў работ па ліквідацыі аварыі на пляцоўцы станцыі ноччу 26 красавіка была дыягнастыравана вострая прамянёвая хвароба. 28 з іх памерлі ў той жа год, яшчэ 19 – пазней.

Праз 35-40 гадзін пасля аварыі з горада Прыпяць, які размяшчаўся ў 2,5 кіламетра ад ЧАЭС, тэрмінова былі эвакуіраваны каля 50 тысяч чалавек. У маі-чэрвені 1986 года з сельскіх населеных пунктаў у радыусе 30 кіламетраў вакол станцыі – яшчэ 70 тысяч чалавек. Планавае адсяленне працягвалася да сярэдзіны 1990-ых. Усяго было пераселена больш як 300 тысяч чалавек.

Доза апраменьвання шчытападобнай залозы ў дарослых была прыкладна ў 10 разоў менш, чым у дзяцей.

Будаўніцтва саркафага над 4-ым разбураным энергаблокам завяршылася ў лістападзе 1986 года. Да гэтага часу аднавілі работу 1-ы і 2-і, а забруджаны радыеактыўнымі абломкамі 3-і энергаблок быў ачышчаны і пачаў работу ў канцы 1987-га. Станцыя працавала яшчэ 13 год і была спынена ў канцы 2000-га па меркаваннях бяспекі і палітычных матывах.

Да Чарнобыля шчыльнасць забруджання тэрыторыі цэзіем-137 за кошт глабальных радыеактыўных выпадзенняў пасля выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы складала 2-4 кБк/м2 (каля 0,1 Кі на 1 км2).

Пасля аварыі на ЧАЭС пацярпеўшымі лічыліся тэрыторыі пры забруджанні вышэй за 37 кБк/м2 (1 Кі на 1 км2). Плошча радыеактыўна забруджаных тэрыторый розных краін у 1986 годзе складала: Расійская Федэрацыя – 60 тысяч км2, Беларусь – 46 тысяч, Україна – 38 тысяч, Швецыя – 23 тысячы, Фінляндыя – 19 тысяч, Аўстрыя – 11 тысяч км2.

 

Цяперашняе і будучае

Існуючыя цяпер у Беларусі, Расіі і Украіне гігіенічныя нарматывы для ўтрымання радыенуклідаў ў харчовых прадуктах і пітной вадзе з’яўляюцца самымі нізкімі ў свеце.

Напрыклад, для малака – у 4 разы, для хлеба – больш як у 10 разоў ніжэй у параўнанні з патрабаваннямі Еўрапейскага Саюза.

Сёння на так званых “чарнобыльскіх тэрыторыях” у трох краінах пражываюць каля 5 мільёнаў чалавек.

У сувязі з практычна паўсямеснай нармалізацыяй радыяцыйнай сітуацыі колькасць населеных пунктаў, якія маюць чарнобыльскі статус, павінна істотна скараціцца. Колькасць насельніцтва на тэрыторыях, дзе неабходны працяг абаронных мер, складзе прыкладна 200 тысяч чалавек.

Ва ўсіх трох краінах маюцца планы па рэабілітацыі раней выведзеных з гаспадарчага выкарыстання тэрыторый.

У шэрагу выпадкаў для рэалізацыі гэтага патрабуецца прымяненне аж да 2056 года розных контрмер, якія забяспечваюць непавелічэнне дозавых нарматываў для мясцовага насельніцтва і вытворчасць нарматыўна чыстай сельскагаспадарчай прадукцыі.

У выніку спынення дзейнасці людзей зона адчужэння ЧАЭС стала ўнікальным запаведнікам біяразнастайнасці.

У трох краінах па-ранейшаму будзе праводзіцца медыцынскае назіранне і дыспансерызацыя розных катэгорый пацярпеўшых, а вынікі абследавання – уносіцца ў адпаведныя дзяржаўныя рэгістры.

Мясцовыя жыхары могуць палепшыць уласнае здароўе пры захаванні элементарных гігіенічных правілаў і вядзенні здаровага ладу жыцця.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть