ЛЯСНЫЯ ЛЮДЗІ

Чарнявая, невысокага росту Ганначка, з загадкавымі і таямнічымі, як сам лес, вачамі, выйшла замуж за статнага хлопца-хутараніна Івана. Вяселле згулялі ледзь толькі адгымелі апошнія залпы вайны. Там, у партызанскім лагеры, дзе і пазнаёміліся, Ляскоўскім давялося зведаць голад і холад, спёку і зімовую сцюжу. Перажылі невыносна цяжкія дні блакады. Ідучы на заданні ў варожыя гарнізоны, яны не аднойчы рызыкавалі жыццём, гэтак жа, як і іх таварышы.

Але лёс злітасцівіўся. І цяпер гэтыя людзі, як і тады ў юнацтве, парадніўшыся з лесам, дажываюць свой век сярод раскідзістых векавых дубоў, што з усіх бакоў абступаюць жытло. Пабудаваны не адзін дзясятак год таму дом да гэтага часу пахне настояным водарам хвоі. А цішыня тут такая звонкая, што нават чуваць, як з-пад перапрэлага за зіму лісця асін, бяроз ды арэшніку, прабіваюцца пралескі.

У лясны хутарок Ляскоўскіх ніхто, акрамя дзяцей ды ўнукаў, не заглядвае. Хіба што паляўнічыя калі-нікалі зойдуць узімку пагрэцца ці адпачыць пасля доўгіх вандраванняў ў пошуках дзічыны па лесе. Пастаяльцам на двары стала адзінокая ваўчыца, яка зрабіла сваё прыстанішча пад стажком мурожнага сена. Жыла чамусьці паасобку ад сваіх сабраццеў. Шкоды гаспадарам не рабіла, на каня, каровы ды авечак, якіх гаспадар выпускаў на вадапоў, ніякай увагі не звяртала. Агрэсіўнасці да звера гаспадары сядзібы не праяўлялі, хаця і пабойваліся. Калі ж да вясны павеяла цёплым ветрыкам, ваўчыца падалася з паселішча.

Бліжэйшая вёска і тая аддалілася, прытулілася да суседняй, больш люднай. Па разбітай лясной каляіне-сцежцы шпарка снуюць хіба што лясныя мурашы, ды зрэдку выйдуць на яе звяры.

І тым не менш жыццё хутаран цячэ сваім паўсядзённым рэчышчам. Самі вырошчваюць зерне на хлеб, пякчы які вельмі здорава ўмее Ганначка. З лясных дзядлянак ды паплавоў удосталь нарыхтоўвае духмянага сена Іван. Пачарнелі ад часу вуллі-калоды і ўсё ж даюць яшчэ нямала духмянага мёду, бо наўкола некранутыя чалавекам меданосныя паляны.

Нідзе як тут ў лясным гушчары, не пабачыш болей такіх надворных пабудоў, як у Ляскоўскіх. Пад адным дахам туляцца хлявы для жывёлы і птушкі, повець для сена і дрывотня, бліжэй да ўзгорка сама хатка з выцвіўшай ад часу фарбай на вокнах. Ціха шапоча лістота на дубах, пад якімі любяць сядзець за вячэрай, дажываючы свой век Іван з Ганначкай.

Показать больше

Похожие статьи

Одно Сообщение

  1. Прачытау апавяданне,спадабалася.
    Дзякуй.
    З павагай-Лявон.

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть