ЛЮБОЎ ДА РАДЗІМЫ ВЫКАЗВАЛІ ВЕРШАМІ
ўдзельнікі Х раённага конкурсу аўтараў твораў краязнаўчай тэматыкі.
Сёлета Беларусь святкавала шэраг адметных дат. Важнейшая з іх – 65-годдзе Вялікай Перамогі. На нацыянальным узроўні адзначаны і 80-гадовы юбілей славутага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. І традыцыйны раённы конкурс заклікаў уславіць «Зямлю пад белымі крыламі”. Пры вызначэнні дыпламантаў журы кіравалася адпаведнасцю тэматыкі конкурсу, узроўнем мастацкага афармлення зборнікаў, мастацкай якасцю твораў, сабраных пад вокладкай. Пераможцы Х конкурсу атрымалі дыпломы аддзела адукацыі і кнігі. Узнагароды ўручыў намеснік старшыні райвыканкама, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Андрэй Мазько. Сёлета конкурс аматараў літаратурнага слова сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў: 212 вучняў з 26-ці сярэдніх і 3-х базавых школ. Лепшымі калектыўнымі працамі прызнаны зборнікі СШ №1 г. Лунінца, СШ №1 г. Мікашэвічы (настаўніца Ніна Уладзіміраўна Ніцэвіч адзначана і спецыяльным прызам), гімназія імя Уладзіслава Нядзведскага, Багданаўская СШ. Спецыяльныя прызы ўручаны таксама: ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва – Люшчанскай яслі-сад-БШ; ад раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы – Вялуцкай СШ і 11-класніцы Лахвенскай СШ Алене БАЙДА (на здымку), якая зборнік сваіх вершаў аформіла ўласнымі малюнкамі. Дыпломамі ўзнагароджаны і асобныя здольныя аматары літаратурнай творчасці: 5-класніца СШ №2 г. Лунінца Ганна Кавалец, 6-класніца СШ №3 г. Лунінца Аліна Кухарчук, 7-класніцы Люшчанскай яслі-сад-БШ Кацярына Гулько і Ганна Бойка, 8-класніца Язвінскай СШ Наталля Пінчук, 9-класнік гімназіі Дзмітрый Рудэнка, 10-класніца Багданаўскай СШ Вольга Ільючык, 11-класніца гімназіі Святлана Ляўковіч. Цяпер зборнікі экспануюцца ў чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі і кожны жадаючы можа пазнаёміцца з натхняючай творчасцю школьнікаў. Настаўнікі, якія дапамагалі вучням, адзначаны прызам рэдакцыі раённай газеты «Лунінецкія навіны” – кнігай «Памяць. Лунінецкі раён”. Каб новыя пакаленні грамадзян дзяржавы ўсведамлялі, што мірнае жыццё працягваецца, дзякуючы пераможцам Вялікай Айчыннай, агульным падарункам юным творцам і іх педагогам стаў прагляд беларуска-расійскага фільма-рэквіема «Брэсцкая крэпасць”. Таццяна СТАСЮК, метадыст аддзела адукацыі.