ЛЮДЗІ з адкрытай душой

5 снежня – Сусветны дзень валанцёраў
У 1985 годзе Генеральная Асамблея ААН прапанавала краінам штогод святкаваць 5 снежня Дзень валанцёра. Гэта свайго роду даніна павагі тым людзям, якія добраахвотна выконваюць дабрачынную працу. 
Зараз валанцёрствам займаецца ўвесь свет. У нашай краіне і на Лунінеччыне, у прыватнасці, актыўна развівае гэты напрамак дзейнасці Беларускі Чырвоны Крыж. Больш як 20 тысяч добраахвотнікаў падтрымліваюць прынцыпы таварыства. Каля 80% валанцёраў – моладзь. Як адзначае старшыня раённай арганізацыі Таццяна Кацуба, на Лунінеччыне без малога 150 юнакоў і дзяўчат, якія па поклічу сэрца аказваюць у вольны час дапамогу тым, каму яна патрэбна.
У краіне рэалізуюцца праекты, накіраваныя на барацьбу са СНІДам, сухотамі і малярыяй, вядзецца праца па прапагандзе донарства, аказваецца пасільная дапамога малазабяспечаным сем’ям, інвалідам, ветэранам. А наогул Чырвоны Крыж сёння ажыццяўляе больш за 26 маштабных праектаў. Сярод апошніх добрых спраў валанцёраў на Лунінеччыне – акцыя “Клопат”, мерапрыемствы, прысвечаныя Сусветнаму дню барацьбы са СНІДам і Дню інвалідаў. Цяпер юнакі і дзяўчаты рыхтуюцца да правядзення традыцыйнай “Ёлкі жаданняў”, каб напярэдадні Новага года наведаць малазабяспечаныя і нядобранадзейныя сем’і, перадаць дзеткам падарункі.
Беларускія валанцёры і святы адзначаюць разам. Адно з іх – сёння. Дзень валанцёра! Стаць добраахвотнікам проста. Трэба патэлефанаваць у раённую арганізацыю 2-38-47, ці завітаць на адрас: вул. 50 год Кастрычніка, 4 і выказаць жаданне. Ваша «я жадаю дапамагчы» абавязкова знойдзе адрасата!
Аляксандр КОЎКА.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть