Леанід АНФІМАЎ: “ДА ПРАДСТАЎНІКА ЎЛАДЫ ЧАЛАВЕК МОЖА ПРЫЙСЦІ З ЛЮБЫМІ ПРАБЛЕМАМІ…”

Гэта перакананне пацвердзіў прыём грамадзян, які намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Леанід Васільевіч АНФІМАЎ на мінулым тыдні правёў у Доме Саветаў. Дыялог з жыхарамі горада і раёна доўжыўся чатыры гадзіны.
Адна з вясковак паскардзілася на стварэнне банкам, на яе погляд, штучных перашкод у атрыманні крэдыту на рэканструкцыю дома. Як высветлілася, ускосна на гэта паўплывала бюракратычнае стаўленне да праблемы ў сельвыканкаме. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Аляшкевіч атрымаў даручэнне да канца дня вырашыць пытанне з афармленнем неабходных дакументаў.
Двое грамадзян звярнуліся з праблемай працаўладкавання. Пэўныя ўскладненні выклікае той факт, што работу трэба дапамагчы знайсці чалавеку, якія мае ІІІ групу інваліднасці. Другі скаржнік не губляе надзеі ўладкавацца на працу туды, адкуль не так даўно звольніўся па ўласным жаданні. Райвыканкам, пракуратуру, а цяпер вось і адміністрацыю Прэзідэнта ён пераконвае, што на такі крок яго вымусіў пайсці кіраўнік навучальнай установы, дзе ён працаваў вартаўніком. Чарговая праверка павінна даць адказ, ці мелі месца шматлікія парушэнні, пра якія заяўляе грамадзянін.
Візіт жыхароў з в.Яжаўкі ў пэўным сэнсе можна назваць перастрахоўкай. Праблему домаўладальнікаў названай вёскі ведаюць і ў райвыканкаме, і ў службах, якія непасрэдна зацікаўлены ў хутчэйшым яе вырашэнні. Справа ў тым, што па прычыне недасканаласці праекта, да магістральнага газаправоду не былі падключаны 56 дамоў. Сёння цяжка ўстанавіць, чыя тут віна – праектнай арганізацыі «Брэстпраект”, сельвыканкама, упраўлення капітальнага будаўніцтва, якое было першапачатковым заказчыкам, ці раённай газавай службы, якім праект перадалі на этапе яго практычнай рэалізацыі. У выніку «галавацяпства” каштавала абдзеленым вяскоўцам нерваў і хвалявання. Але сёння важней іншае. У бюджэце 2011 года радком чарнобыльскага фінансавання прадугледжаны недастаючыя 506,8 мільёна рублёў грошай. Як запэўніў дырэктар раённага ўпраўлення газавай гаспадаркі Вячаслаў Сыцэвіч, праблема ў наступным годзе абавязкова будзе вырашана.
Не зусім правільныя маніпуляцыі з чэкамі «Жыллё” сёння вымусілі адну з гараджанак звяртацца ў самыя высокія інстанцыі. Але і яны наўрад ці дапамогуць вырашыць праблему. У свой час жанчына замест таго, каб падарыць, прадала дачцэ названыя чэкі. Сёння апошняя хацела б выкарыстаць іх для пагашэння крэдыту, выдаткаванага дзяржавай на будаўніцтва кватэры, аднак праіндэксаваць права не мае менавіта з-за факту продажу каштоўных папер. Гэтая гісторыя яшчэ раз нагадвае грамадзянам пра тое, што, перш чым прыступаць да якой бы то ні было юрыдычнай здзелкі, варта атрымаць кваліфікаваную кансультацыю. Гэта засцеражэ ў будучым ад падобных непажаданых наступстваў.
Былі ўзняты ў ходзе дыялогу пытанні добраўпарадкавання вуліцы Лінейная ў горадзе, абсталявання на вуліцы Фабрычная штучнай няроўнасці, якая б спыніла аўтамабільных ліхачоў, а таксама праблема продажу ў магазінах спажыўкааперацыі прадукцыі мясцовага хлебазавода.
Бяда прывяла да сталічнага чыноўніка жыхарку в. Дзятлавічы. Маці дагэтуль не можа паверыць у горкую страту сыноў. Адзін, будучы ваенным, 10 год таму бясследна знік падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху. Другі летась трагічна загінуў пры нявысветленых абставінах на дарозе нападалёк ад Ганцавічаў. Леанід Васільевіч уважліва слухаў жанчыну і паабяцаў звярнуцца з адпаведным запытам да азербайджанскага ўрада – па першай трагедыі і да праваахоўнікаў высокага рангу – па другой.
Справядлівасці дзеля варта заўважыць, што многія з бедаў, з якімі прыходзілі людзі, зусім не патрабавалі ўмяшальніцтва сталічнага чыноўніка: іх можна было б аператыўна вырашыць, звярніся скаржнік да старшыні райвыканкама В.М. Агіевіча, які рэгулярна вядзе прыём грамадзян. Доказам стаў візіт аднаго з гараджан, які выказаў нараканні на работу камунальнай службы. У пад’ездзе шматкватэранага дома, дзе ён жыве, згарэў электрычны шчыток. Новае абсталяванне ўстанавілі хутка, але саму прычыну ўзнікнення кароткага замыкання не ўхілілі: на шчыток аднекуль паступае вада. Выкліканы для тлумачэння дырэктар жылфонда Мікалай Лышчык запэўніў, што цеча ў кароткі час абавязкова будзе ўхілена.
Тое ж можна сказаць і пра візіт гараджанкі, якая ніяк не можа ўзаконіць адсуджаную ў былога мужа маёмасць. Праблемай усё роўна займаюцца мясцовыя падатковыя, страхавыя і праваахоўныя органы, і для гэтага зусім неабавязкова было імкнуцца трапіць на прыём адразу да прадстаўніка адміністрацыі Прэзідэнта краіны.
З рознымі пытаннямі звярталіся да Л.В. Анфімава людзі. На некаторыя намеснік кіраўніка даваў адказы адразу, некаторыя браў на заметку для больш дэталёвага высвятлення. Ніводзін са зваротаў не застаўся без увагі. Зрэшты, менавіта так і павінны працаваць прадстаўнікі ўлады, незалежна ад таго, якога яна ўзроўню – рэспубліканская, абласная ці мясцовая.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть