Лунінецкі “РАДАВОД”
У IV адкрытым абласным фестывалі фальклорнага мастацтва «Радавод” наш раён быў прадстаўлены пераважна школьнікамі малодшага і сярэдняга ўзросту, якія выступалі на роўных са старшакласнікаў з іншых раёнаў. Гэта адзначае ўдзельнік свята, якое сёлета праводзілася ў Івацэвічах, кіраўнік гуртка Люшчанскай яслі-сад-БШ Галіна Мікалаеўна ПРОФІТ:
– Нашы юныя землякі ў прыгожых сцэнічных убраннях перш-наперш захапілі танцамі. Аб поспеху «Сунічкі” з СШ в. Вулька 1 паведамлялася. У конкурсе фальклорных калектываў удала дэбютаваў ансамбль музычных і шумавых інструментаў «Кросны” (кіраўнік Сяргей Уладзіміравіч Рыхцер) Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў. Гэты калектыў атрымаў Дыплом ІІІ ступені, як і іншыя выканаўцы: чытальнікі баек Насці Якавец Дзіяна Несцерава і Сяргей Калешка з Лобчанскай СШ (настаўніца Людміла Міхайлаўна Сацкевіч), Уладзіслаў Захарчук з Рэдзігераўскай СШ (Марыя Васільеўна Шэляговіч), а таксама «бронзавыя” прызёры ў конкурсе танцавальных калектываў у стылі фольк-мадэрн (і самыя юныя ўдзельнікі ў гэтай намінацыі!) ансамбль «Зорачкі” Лунінскай СШ (харэограф Таццяна Аляксееўна Лабко).
– «Радавод” праводзіцца з 2004-га адзін раз у два гады. З вопыту папярэдніх фестываляў вядома, што вялікая праца педагогаў адлюстравана не толькі праз навучанне дзяцей, але і ўласнае майстэрства дарослых.
– У «Горадзе майстроў” гэта яскрава прадэманстравала мастацкая выстава, якую прадстаўлялі выхаванцы цэнтра дзіцячай творчасці Даша Васільева і Оля Беластоцкая. Журы асабліва адзначыла разнастайнасць тэхнік выканання, перадачу выдатных магчымасцей саломкі. Такая высокая ацэнка працы кіраўнікоў гурткоў ЦДТ Алены Яўгенаўны Гарбар («Мастацкае пляценне”) і Наталлі Васільеўны Каховіч («Саломапляценне”). Дыпломам удзельніка конкурсу вядучых народных гульняў адзначана культарганізатар ЦДТ Святлана Леанідаўна Філонік. Яе праграма «Смутак і турботу кінь – дапаможа дзедаў кій” з гульнямі «Торба”, «Пераскокі”, «Вяршок”, «Павадыр”, «Цягнем-пацягнем” сабрала самую вялікую колькасць дзяцей.
– У дэлегацыі раёна толькі вы і вашы выхаванцы прадстаўлялі базавую школу. За што такі гонар?
– Хутчэй адказнасць… Тэарэтычная праца нашых вучняў адзначана Падзячным пісьмом упраўлення адукацыі аблвыканкама за ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі «Фальклорная спадчына Брэстчыны як аснова этнакультурнага выхавання дзяцей і моладзі”. Люшчанскім дзецям было даверана прадстаўляць і выставу традыцыйных беларускіх страў «Бабуліна кухня”. Са сваёй лясной вёскі прывезлі дранікі і грыбы. Самым прыгожым і смачным прызнаны каравай з надпісам «Лунінец”. Інтарэс удзельнікаў выклікалі булачкі-«жавараначкі” і стравы ад СШ в. Вулька 1: «пячэня” (прасяная каша з гарбузом) і «бабка з грэчкі” ў «злівачку” (дыялектная назва чыгунка). А больш за ўсё на нашым стале ўразілі ласункі, якіх не было ў іншых дэлегацый: мёд у сотах ад Цнянскай БШ і самаробны сыр з Рэдзігераўскай СШ!
На пытанне аб уражаннях аб «Радаводзе” своеасаблівым пажаданнем адказала метадыст аддзела адукацыі Таццяна Георгіеўна СТАСЮК:
– У фестывалі удзельнічалі дэлегацыі 15-ці раёнаў і трох гарадоў Брэстчыны, замежныя госці з Польшчы, Расіі, Украіны. Лунінеччыну годна прадставілі 76 вучняў і педагогаў. Вельмі хацелася б, каб захапленне сучаснымі, стылізаванымі пад нацыянальныя, касцюмамі не пераўзышло замілаванне ад аутэнтычных убранняў. Каб дзеці дасталі іх з бабуліных куфраў, уразіліся прыгажосцю і абярэгамі, з малітвай занатаванымі ў кожным вышытым малюнку. Тады будзем мець рацыю гаварыць аб сапраўдным захаванні этнаграфічнай спадчыны…