МАСТАЦТВА ПЕРАМАГАЦЬ СЯБЕ ДЗЕСЯЦЬ РАЗОЎ

Аматары спорту ўсяго свету з нецярпеннем чакаюць чарговы
галоўны спартыўны форум – летнія Алімпійскія гульні. Удзел у іх настолькі
прэстыжны, што аб гэтым мараць усе спартсмены. Відаць, невыпадкова 35-ы
прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі неяк сказаў: «Для прэстыжу нацыі па-сапраўднаму
важныя толькі дзве рэчы: палёт на Луну і алімпійскія медалі”.

У жніўні ў Лондане стартуе юбілейная ХХХ летняя
Алімпіяда. Сярод яе ўдзельнікаў, не выключна, будзе і наш зямляк дзесяціборац
Эдуард МІХАН. Дэкатлон – самы складаны від лёгкай атлетыкі, і дзесяціборцаў
невыпадкова называюць рыцарамі каралевы спорту. А значыць, лонданская міссія
Міхана не абмяжуецца простым удзелам у спаборніцтвах – Эдуард мае намер даць
бой сапернікам.

Летась майстар спорту міжнароднага класа Эдуард МІХАН
стаў сярэбраным прызёрам маладзёжнага Чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў
дзесяцібор’і. Сёлета ён удастоенны звання «Чалавек года-2011”.

Сваю спартыўную кар’еру юнак пачынаў у Лунінецкай ДЮСШ у
2001-ым годзе. Як і большасці равеснікам, яму вельмі падабаўся футбол, таму
спачатку ён паспяваў наведваць адразу дзве секцыі. Але першы трэнер Валерый
Жукоўскі зрабіў усё магчымае, каб прывіць любоў да каралевы спорту. Хударлявы,
але вельмі жвавы хлопчык хутка паверыў у свае сілы, і перамогі не прымусілі
сябе чакаць. Ён неаднаразова станавіўся чемпіёнам і прызёрам абласных і
рэспубліканскіх спаборніцтваў у бегу на 110 метраў з бар’ерамі і скачках у
вышыню. Гэтыя тэхнічныя дысцыпліны складаныя і вельмі важныя для будучага мнагаборца.
Таму невыпадкова аднойчы на яго звярнуў увагу заслужаны трэнер Рэспублікі
Беларусь Іван Гардзіенка і запрасіў у сваю групу ў Гомель. Так Эдуард трапіў у
вучылішча алімпійскага рэзерву. Трэніроўкі побач са славутымі спартсменамі,
сярод якіх быў і сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Андрэй Краўчанка, не
прайшлі дарма. У 2010 годзе Эдуард заваяваў серабро юнацкага чэмпіянату свету,
а летась такой жа ўзнагароды удастоены на маладзёжным еўрапейскім чэмпіянаце.

У дзесяціборцаў ёсць добрая традыцыя – паважаць і
падтрымліваць канкурэнтаў. У гэтым высакародным відзе спорту сапернікі
спаборнічаюць з вынікам і адначасова дапамагаюць адзін аднаму словам,
разумеючы, якія перашкоды яны пераадолелі, каб трапіць на элітныя спаборніцтвы.
Эдуард з разраду тых, хто не паказвае свае эмоцыі, кантралюе іх, таму што
разумее: непатрэбныя ўсплескі забіраюць энергію, аслабляюць нервовую сістэму.
Так спартсмен ведае, што яму неабходна «завесці” сябе ў штурханні ядра і
кіданні дыска, сур’ёзна настроіцца ў скачках у даўжныню і з шастом, а падчас
скачкоў у вышню трэба мець халодную галаву, каб кантраляваць кожны рух.

Трэніровачны працэс спартсмен удала спалучае з вучобай у
Гомельскім дзяржаўным універсітэце, з’яўляючыся трэцякурснікам. Нягледзячы на
занятасць, знаходзіць час наведаць малую радзіму, дзе жывуць яго маці і сястра
Святлана. І хаця малады чалавек ужо дасягнуў вышынь у спорце, «зорнай” хваробы
няма. Ён з задавальненнем наведвае лунінецкую СШ №2, дзе вучыўся, і іншыя
навучальныя ўстановы горада. Сустракаючыся са школьнікамі, расказвае аб
перавагах здаровага ладу жыцця і пра тое, як важна займацца фізічнай культурай
і спортам.

Эдуард Міхан з’яўляецца членам асноўнага складу
нацыянальнай зборнай, па выніках года названы лепшым лёгкаатлетам краіны сярод
моладзі і ўзначальвае спіс дзесяці лепшых дзесяціборцаў.

Юнак удзячны ПВУП «Вікторыя” (дырэктар Таццяна Удавенка)
за матэрыяльную падтрымку ў падрыхтоўчым перыядзе да Алімпійскіх гульняў у
Лондане.

Верым, што самыя важныя перамогі ў нашага земляка
наперадзе.

Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть