“МАЯ ЗЯМЛЯ ЗАВЕЦЦА АЗЯРНІЦАЮ”
Самым любімым у сельскіх жыхароў па-ранейшаму застаецца
свята вёскі, якое, улічваючы спецыфіку сялянскай працы, звычайна праводзяць
паміж цыкламі палявых работ. У Азярніцы
выбралі перапынак у жніве, выкліканы непагаддзю.
Вясёлая музыка, што з самага ранку лілася над хатамі,
настройвала людзей на адпачынак. Каля сельскага клуба разгортвалі гандлёвыя
палаткі, усталёўвалі гасцінныя столікі з крэсламі, надзімалі батуты… Прыкладна
ў абед усё гэта стала цэнтрам свята, якое адкрыла загадчыца мясцовага клуба,
яна ж бібліятэкар і стараста вёскі, Наталля Бярозка.
Па традыцыйнаму сцэнарыю першымі ўшаноўвалі самых пажылых
жыхароў вёсак Азярніца і Боркі Васілісу Ермаковіч, Веру Юрцэвіч, Васілісу
Емельяновіч, якія перасягнулі 90-гадовы рубеж. З-за слабога здароўя на свята
яны не прыйшлі. Сувеніры і паштоўкі прымалі іх родныя.
Будучыня вёскі – моладзь. Дыпламант абласной канферэнцыі
«З навукай – у будучыню” Ігар Рамановіч
рамантык па натуры, шчыра верыць у перамогу дабра над злом, выдатна ведае вершы
класікаў і сам робіць першыя крокі ў паэтычнай творчасці. Ён – самы малодшы з
трох сыноў вадзіцеля аўтапарка №10 Міхаіла Васільевіча і палявода Наталлі Сцяпанаўны Рамановічаў.
Прырастае вёска маладымі сем’ямі. Сёлета ў Азярніцы
ўтварылася тры.
Няўмольны час забірае ў небыццё ўдзельнікаў мінулай
вайны. Словы ўдзячнасці за мірнае неба над галавой і падарункі атрымліваў
адзіны ўдзельнік Вялікай Айчыннай Мікалай Ярмаковіч. Даслалі прывітанне і
ветэрану Васілю Бярозка, які зараз пражывае ў горадзе з дзецьмі.
Сведкамі адданасці роднай зямлі і вёсцы сталі землякі,
якія адпрацавалі ў гаспадарцы больш як 40 год. Гэта трактарыст Фёдар Ліхтар,
вадзіцель Міхаіл Пятніца, даярка Кацярына Тупека, палявод Марыя Канановіч.
Залатым названы працоўны стаж Васіля Ермаковіча (53 гады ў якасці палявода і
конюха).
Павагі годныя былі мнагадзетныя маці, якія выгадавалі па
5 і больш дзяцей. Сярод 33 такіх жанчын у намінацыі «бабуля” вызначылі Марыю
Шпак. Яна нядаўна адзначыла 75-годдзе і адначасова нараджэнне свайго 41-га
ўнука Мікіты. Папоўнілася сёлета Азярніца і нованароджанай дзяўчынкай. Ёю стала
Караліна Лебядзеўская.
Старасць не заўсёды бывае бязвоблачнай. Многія бабулі і
дзядулі застаюцца без падтрымкі родных і блізкіх, аднак дзесяць сацыяльных
работнікаў даглядаюць каля 20 чалавек. Толькі добрых слоў заслугоўвае работа
Святланы Коваль, якая клапоціцца аб чатырох адзінокіх жанчынах, дасягнуўшых
80-гадовага ўзросту.
Асаблівая ўвага на свяце была ўдзелена Году кнігі. У
конкурсе на супер-чытача, які праводзіўся сярод дарослых, перамаглі Кацярына
Бондар, Вольга Грудзько, Васіль Грудзько, а сярод дзяцей – Марына Грудзько.
Ушанавалі і старэйшую настаўніцу мясцовай школы Ніну Арсенцьеўну Пясоцкую, якая
навучала роднай мове не адно пакаленне вяскоўцаў.
Народныя майстры і дбайныя гаспадары. На іх таксама
багата вёска. Уразілі прадстаўленыя вышыванкі Валянціны Неўдах і Наталлі
Бярозка. Сярод двароў лепшымі прызнаны ўладанні Валянціны Емельяновіч з
Азярніцы і Таццяны Чарняковіч з Борак. Асобна выдзелілі патанаючую ў кветках
сядзібу адзінока пражываючага пенсіянера
Васіля Ванюка.
Музычны падарунак прагучаў і для імяніннікаў, якія
нарадзіліся ў жніўні. Цікава прайшла беспройгрышная латарэя. Разнастайнай была
і музычная праграма, падрыхтаваная сумеснымі намаганнямі самадзейных артыстаў з
Азярніцкага, Сінкевіцкага, Любачынскага, Краснавольскага сельскіх клубаў і
Дамоў культуры.
Арганізатары выказваюць вялікую ўдзячнасць фундатарам –
кіраўніку СВК «Азярніца” Івану Ванюку, фермерскім гаспадаркам Валянціны
Емельяновіч, Вольгі і Рыгора Богданаў – без падтрымкі якіх немагчыма было б
зрабіць свята настолькі цікавым і захапляльным.
Запісала Галіна КУЧЭЙКА.