МЕЛОДЫЯ ЛЮБВІ
15 мая – Міжнародны дзень сям’і
гучыць у душы лунінчанкі Зінаіды Канстанцінаўны КІШЭЯ.
З 95-годдзем яе павіншавалі старшыні грамадскіх арганізацый дыстанцыі пуці, дзе старажыл у свой час працавала.
Яе бацька нарадзіўся ў Міры, які, дзякуючы сярэднявечнаму замку, вядомы ва ўсім свеце. Захапіўшыся чыгуначнай справай, перасоўваўся па Расіі, на станцыях якой была запатрабавана прэстыжная спецыяльнасць. Разам з жонкай выхоўвалі дзевяць дзяцей, якія нарадзіліся ў розных мясцінах, дзе давялося служыць бацьку. У перыяд Грамадзянскай вайны з Мінска яго накіравалі ў Лунінец.
– Палескія мясціны лічым сапраўднай радзімай, – гаворыць юбілярка. – У маім пашпарце адзначана, што нарадзілася ў горадзе Рамны Сумской губерніі, але вырасла на Баханова і амаль усё жыццё звязана з Лунінцам…
З устанаўленнем польскай улады чыгуначнік, не здрадзіўшы праваслаўю, застаўся без пастаяннага месца працы. Перабіваўся выпадковымі заробкамі, але імкнуўся даць адукацыю дзецям. Сыны вучыліся ў гімназіі: старэйшыя – у рускай рэальнай, малодшыя, пасля яе закрыцця, – у польскай; дочкі – у «паўшэхнай” школе. Гэта дапамагло ім пры далейшым уладкаванні.
– Сястра працавала на фанернай фабрыцы кампаніі «Ольза”, – расказвае Зінаіда Канстанцінаўна. – Пазней яна і мяне забрала да сябе. У Мікашэвічах я пазнаёмілася з будучым мужам…
18 лютага 1940 года Зінаіда Навіцкая і Мікалай Кішэя абвянчаліся ў Лунінецкім храме. З бацькоўскага дома ў спадчыну нявесце засталася карціна на біблейскі сюжэт (падобныя своеасаблівыя іконы захоўваюць многія гараджане, гісторыя роду якіх звязана з чыгункай). Праз паўгода мужа прызвалі ў Чырвоную армію.
– Вайна раскідала вялікую сям’ю па розных гарадах і краінах, – адзначае Зінаіда Канстанцінаўна. – Старэйшы брат Пётр на фронце быў цяжка паранены, страціў вока. Пасля вайны жыў у Расіі, працаваў інжынерам… Яшчэ двое паспелі эвакуіравацца. Уладзімір застаўся ва Украіне, быў рэвізорам. Мікалай вярнуўся ў Лунінец, працаваў механікам у ПМК-47…
У гады акупацыі яе з малодшымі сястрой і братам вывезлі на прымусовую працу ў Германію. Пасля вызвалення Варвара выйшла замуж за такога ж «остарбайтэра” з Польшчы і засталася на яго радзіме. Двое Навіцкіх вярнуліся ў Лунінец. Яўген пэўны час узначальваў упраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама. Пісьменная маладая жанчына, якая да вайны год была тэлефаністкай станцыі Лунінец, пасля вяртання з Нямеччыны зноў прыйшла на чыгунку. Працавала дыспетчарам дыстанцыі пуці і чакала мужа.
Мікалаю Кішэі, які ўдзельнічаў у вайне з кастрычніка 1941-га па май 1945-га, пашчасціла прайсці франтавы шлях без раненняў. Адзначаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За баявыя заслугі”, у мірным жыцці працаваў слесарам у паравозным дэпо. Адначасова кіраваў духавым аркестрам, які быў упрыгожаннем святаў у Лунінцы. На ўрачыстыя сходы ў клуб чыгуначнікаў складана было трапіць, але муж заўсёды даставаў запрашэнні жонцы.
Музыка была неад’емнай часткай жыцця Навіцкіх. Браты Зінаіды Канстанцінаўны ігралі на гітары, мандаліне, домры, духавых інструментах, прыгожа спявалі. Муж валодаў усімі пералічанымі, а таксама іграў на акардэоне, цымбалах, якія набыў першым у нашым горадзе. Сямейныя і дзяржаўныя святы, калі да сястры ў Лунінец з’язджаліся родныя з розных гарадоў і краін, ператвараліся ў канцэрты, якімі заслухоўваліся суседзі. Успаміны шчаслівага жыцця занатаваны ў шматлікіх фотаздымках сямейнага аркестра. Захапленне спевамі юбілярка захавала на працягу ўсяго жыцця, з песняй выконвала любую гаспадарчую справу.
З маленства тагачасныя лунінчане былі прывучаны і да наведвання царквы. Зінаіда Канстанцінаўна аддана служыла Свята-Крыжаўзвіжанскаму храму, а Мікалай Сцяпанавіч нават спяваў у царкоўным хоры. Цяпер месца на клірасе заняла дачка – Людміла Арашкевіч. Яна амаль 20 год была дырэктарам дзіцячай музычнай школы. У складаныя атэістычныя часы не дэманстравала рэлігійнасць, але штогод напярэдадні Вялікадня ў 4 гадзіны раніцы прыходзіла ў царкву і схілялася перад плашчаніцай. Цяпер яна шчаслівая гармоніяй у грамадстве, якая дазваляе спалучэнне свецкага і духоўнага жыцця. Яшчэ больш – тым, што дагэтуль называецца «дочачкай”. Яе малітвы і клапатлівы догляд працягваюць век самаму дарагому чалавеку. Цяжкім быў мінулы год: на Вадохрышча страцілі бацьку і мужа… Моц духу вызначае Зінаіду Канстанцінаўну:
– Мама пражыла амаль 95 год, а дзеці звычайна ж пераўзыходзяць бацькоў. Адзначым і мой 100-гадовы юбілей!
Уручыўшы падарункі, старшыні грамадскіх арганізацый дыстанцыі пуці: прафкама – Вячаслаў Туркевіч і савета ветэранаў – Надзея Лазіцкая, з радасцю прынялі запрашэнне старажыла.