МЕСЦА ШЧАСЛІВЫХ СУСТРЭЧ

27 сакавіка – Міжнародны дзень тэатра

Аб гэтым нагадваюць
здымкі з сямейнага альбома, занатаваўшыя нас у маладосці.

Захоўваецца і фота 1950-га
танцавальнага гуртка і іншых удзельнікаў мастацкай творчасці Лунінецкага клуба
чыгуначнікаў. На заднім плане 4-ы злева (высокі, крыху закрыты) – мастацкі
кіраўнік, артыст Пінскага абласнога драмтэатра. У другім радзе сядзяць аматарка
самадзейнасці Клара Мяшкова (1-ая) і дырэктар клуба Раманькова (4-ая).

Выпускнік-1954 Ленінградскага
інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту, я быў накіраваны на станцыю Лунінец.
У клубе запомнілася бібліятэка, дзе нашы працаўнікі – вячэрнікі ці завочнікі –
бралі падручнікі, а многія іншыя чытачы – проста цікавыя кнігі. Самым
прыцягальным часам для моладзі былі танцы пад радыёлу (а летам на танцпляцоўцы
іграў духавы аркестр). Тут сустракаліся і знаёміліся, стваралі сямейныя пары.

Выбраны сакратаром камсамольскай
арганізацыі, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Да святаў ставілі невялікія
п’есы (памятаю «Шэльменка-дзяншчык”), Кастрычніку прысвячалі спектакль «За
ўладу Саветаў”, з п’есай Астроўскага «Свеціць, ды не грэе” выступалі ў Пінску,
Гацавічах, Мікашэвічах, многіх вёсках. Для гастролей тэатральнай «трупе”
выдзялялі асобны вагон.

Да лунінецкіх чыгуначнікаў прыязджалі
аперэта з Магілёва і Мінска, цырк, выступаў папулярны маскоўскі артыст Барыс
Андрэеў.

За вялікую выхаваўчую работу
сярод моладзі я двойчы быў удастоены Ганаровых грамат ЦК ЛКСМБ (1956 и 1958).
Іграўшы на сцэне з лунінчанкай Кларай Мяшковай, усвядоміў, што гэта дзяўчына –
адзіная на ўсё жыццё… Потым пераведзены ў Баранавічы, працаваў намеснікам начальніка
аддзялення.

З гістарычнай літаратуры даведаўся, што ў Лунінцы клуб чыгуначнікаў
адкрыўся 12 лютага 1912-га, а на першую мастацкую праграму лунінчан запрасілі
27 сакавіка і паказалі п’есу Паўлава «На парозе вялікіх падзей”. Застаецца
павіншаваць цяперашніх культработнікаў і самадзейных артыстаў чыгуначнага вузла
са 100-гадовым юбілеем клуба, пажадаць, каб вечна жылі традыцыі тэатральнага
мастацтва.

Мікалай БЕЛЫ, начальнік станцыі Лунінец у 1956-1958 гг. г. Баранавічы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть