“МОЛІ”, “ЖУРАВІНКА” ЦІ “КУРАЖ”?
Згодна з народнай прыкметай, лепшай парой для пасадкі бульбы з’яўляецца час цвіцення чаромхі. Аднак зараз гэтага правіла амаль ніхто не прытрымліваецца. Вось і фермерская гаспадарка «Юліян” свае бульбасаджалкі вывела на поле праз дзень пасля Благавешчання.
– Спяшацца прымушае час, – расказвае кіраўнік «Юліяна” Міхаіл Грыневіч. – Працуючы па дзяржаўнай праграме «Бульбаводства” сёлета ўдвая павялічылі плошчы і давялі іх да 150 гектараў. На мінеральных землях, якіх у нас няшмат, размесцім, так званы, «пітомнік размнажэння”. Для гэтых мэт прывезлі з Палескай станцыі эліту гатункаў «молі” і «журавінка”. Тэхналогія яе пасадкі ад прывычнай розніцца, хіба што, меншай адлегласцю паміж клубнямі: (на гектар высаджваецца 70 тысяч бульбін). Неабходныя параметры задаюцца аўтаматычна на бульбасаджалках. Іх і ў нас дзве – галандская, якой кіруе Ігар Фурсевіч і нямецкая (трактарыст Міхаіл Підура). Першую набылі летась, перад заканчэннем пасадкі клубняў, таму на поўную магутнасць так і не выкарысталі. Другую купілі зусім нядаўна. Перавага гэтых агрэгатаў у тым, што яны не траўміруюць бульбінкі, а акуратна ўкладваюць іх у мяккую глебу. Усё насенне прама на агрэгатах апрацоўваем «прэстыжам”. Гэта засцеражэ будучы ўраджай ад шкоднікаў і хвароб. Разам з насеннем айчыннай селекцыі выкарыстоўваем і імпартнае, якога сёлета набылі 60 тон. Гатункі, сярод якіх і «кураж”, увесь час разнастайваем, затым адбярэм самыя ўраджайныя і перспектыўныя.
Глебу падрыхтавалі з восені. На вызначаных плошчах пасеялі на сідэрат рэдзьку маслічную, зааралі яе і ўнеслі калійныя ўгнаенні. На вясну застаецца толькі пасадзіць клубні.
З заўтрашняга дня паралельна прыступаем да сяўбы ячменю. Нам даведзены дзяржзаказ па продажу 200 тон харчовай пшаніцы і 100 тон ячменю. Усяго пад збожжавыя адвялі 200 гектараў. Палову плошчаў занялі азімымі: пшаніцай гатунка «багатка” і трыцікале «Міхась”. З зімоўкі выйшлі яны выдатна. Праўда, зараз месцамі на паніжэннях стаіць вада, таму дзе-нідзе назіраецца вымаканне культур…
Паназіраўшы некаторы час за работай агрэгатаў, Міхаіл Юльянавіч акуратна разгроб невысокі, толькі што пасаджаны радок бульбы. Чырвоныя клубеньчыкі ляжалі, як і належыць, на роўна вымеранай адлегласці адзін ад другога. Здавалася б, праблем няма. Аднак гаспадар заўважыў недапрацоўку – не зусім роўна кладуцца радочкі. Калі ж аб гэтым сказаў аднаму з механізатараў, той запярэчыў: вельмі доўгае поле, амаль кіламетр, мы і так стараемся.
– Ну што ж, гэта можна будзе крыху паправіць праз тыдзень-другі, як пачнем нарэзваць грэбні, – згадзіўся фермер.