НА ШТО СКАРДЗЯЦЦА ЛУНІНЧАНЕ?

Напрыканцы мінулага тыдня ў райвыканкаме правёў “Прамую
лінію” і прыём грамадзян намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю
вобласці Васіль ЖУК.

Першым патэлефанаваў жыхар Лунінца, які неаднаразова
ўзнімае праблему пастаўкі ў гандлёвую сетку малочнай сыроваткі. Справа ў тым,
што мясцовае перапрацоўчае прадпрыемства гэты прадукт не вырабляе. Пэўны час,
каб зняць праблему, перыядычна пастаўлялі сыроватку з іншых гарадоў, але
апошнім часам яна з продажу наогул знікла. Васіль Міхайлавіч паабяцаў узяць пад
кантроль вырашэнне гэтага пытання.

Васьмідзесяцічатырохгадовая жыхарка Мокрава ўсё жыццё
старанна працавала на вытворчасці. Нават дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, не
пакінула роднае прадпрыемства і яшчэ 10 год з’яўлялася адной з самых старанных
яго работніц. Сёння яе цікавяць льготы, на якія варта разлічваць у такім сталым
узросце. У прыватнасці, ці можна па льготных рэцэптах купляць лекі ў аптэках?
Як стала вядома, па льготных рэцэптах лякарствы могуць купіць інваліды І, ІІ і
ІІІ груп, а таксама тыя, чые хваробы занесены ў спецыяльны пералік Міністэрства
аховы здароўя. Гэтыя дыягназы ўстанаўліваюцца спецыяльнай
ўрачэбна-кваліфікацыйнай камісіяй.

У сваіх тэлефанаваннях грамадзяне звярталі ўвагу на факты
злоўжывання службовым становішчам у асобных калектывах і нават скардзіліся на
дзеянні праваахоўнікаў. Кожнаму з іх В.М. Жук растлумачыў, што ўмешвацца ў
работу суда, пракуратуры, міліцыі супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю права не
маюць. У гэтых выпадках трэба звяртацца ў вышэйстаячыя інстанцыі – абласныя
суд, пракуратуру ці ўпраўленне ўнутраных спраў.

На прыёме прысутнічалі кіраўнікі многіх зацікаўленых
службаў, а таму пэўныя праблемы знімаліся адразу ж. Тыя, што патрабавалі
ўдакладнення, узяты на кантроль і будуць правераны. Так, адна са скражніц шмат
год спрабуе “ўстанавіць ісціну”, выказваючы незадаволенасць звальненнем з
работы і парадкам канчатковага разліку. У першым выпадку справядлівасць
установіць суд, куды грамадзянцы рэкамендавана звярнуцца. А вось дакладнасць і
правільнасць разліку з работніцай правераць супрацоўнікі КДК.

Перыядычна з Мікашэвіч у розныя інстанцыі паступаюць
скаргі на тое, што ў продажы адсутнічае хлеб мінскай вытворчасці. Вось і на
гэты раз жыхар маладога горада бедаваў, што купіць мінскі хлеб у Мікашэвічах
немагчыма. Начальнік аддзела эканомікі Уладзімір Кавалевіч, які прысутнічаў на
“Прамой лініі” і прыёме, растлумачыў, што на Лунінеччыне вытворчасцю хлеба
займаецца хлебазавод і цэх хлебапячэння райспажыўтаварыства. Яны пастаўляюць у
гандлёвую сетку дастатковую колькасць гэтай прадукцыі. Нараканняў на яе якасць
таксама няма. Вазіць хлеб з Мінска эканамічна нямэтазгодна.

Жыхар Лунінца, не задаволіўшыся раней атрыманымі
тлумачэннямі, вырашыў звярнуцца за дапамогай да В.М. Жука. Праблема, аднак, у
тым, што заяўляльнік сам пакуль не вызначыўся, што рабіць яму з недабудаваным
домам, улічваючы змену сямейнага становішча і, адпаведна, састава сям’і.
Візіцёру растлумачылі, што як толькі ён сам вызначыцца, будзе дом дабудоўваць,
закансервуе ці надумае прадаваць у сённяшнім выглядзе, спецыялісты падкажуць
алгарытм далейшых дзеянняў.

На асабісты прыём завіталі таксама два лунінчаніны,
занепакоеныя экалагічным станам Прыпяці і яе ваколіц. З іх вуснаў прагучалі
нараканні на змест работы, праводзімай раённай інспекцыяй аховы прыродных
рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, супрацоўнікамі заказніка рэспубліканскага
значэння “Сярэдняя Прпыпяць” і некаторымі іншымі зацікаўленымі службамі. Усе
выкладзеныя факты будуць правераны міжраённым камітэтам дзяржаўнага кантролю.

Таццяна ПЯТРОВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть