НА ЯМІНЫ – ЗА СОМАМ
Гэта самая буйная рыба нашых вадаёмаў. Зафіксаваны рэкордны экзэмпляр сома, які быў злоўлены, і заўважыў ажно 200 кілаграмаў з даўжынёю цела 5 метраў.
Малады сом нагадвае мянтуза, але галава ў яго больш шырокая і сплюснутая. Вялікі рот з мноствам дробных і вострых зубоў, на ніжняй губе некалькі вусікаў. Афарбоўка зменлівая: цёмна-шэрая, аліўкавая, бывае поўнасцю чорная з пятнамі па баках. Нерастуе на трэцім-чацвёртым годзе. У гэты час даўжыня цела рыбіны дасягае 0,5 метра.
Лепшы перыяд клёву – пасля нерасту. Харчуецца рыба ў асноўным у начны час. Любімая прынада – жаба, выпаўзак, піяўка, мяса ракушкі-перлавіцы.
Звычайна ловяць сома на донку. Вопытныя рыбаловы прымяняюць «квок” – прыстасаванне, якое нагадвае кваканне жабы. Донка павінна быць з металічным павадком і буйным кручком. Сом выбірае сабе глыбокія рачныя яміны, адкуль па начах выходзіць на паляванне. Значыць, і донку трэба ставіць непадалёк ад такіх месцаў.
Сом любіць выходзіць у залівы, вусці невялікіх рачулак. Часам яго можна заўважыць на мелкаводдзях, дзе ён плешчацца, цярэцца аб пясок, вызваляючыся ад «паразітаў”.
НА ПУЧОК ЧАРВЯКОЎ
Гэты падзабыты, але ўловісты і актыўны спосаб здаўна прымяняюць рыбаловы. На яго ідзе толькі буйная і самая разнастайная рыба: судак, галаўль, язь, лешч, акунь. На такую прынаду часам трапляюць і шчупакі. Сам не вельмі донкі і спінінг люблю, бо перавагу аддаю паплавочнай вудачцы. А калі белая рыба маўчыць, а драпежнік не прачнуўся? Такое бывае. Гэта можна заўважыць на вока, калі судакі шчупакі і буйныя акуні выганяюць дробязь у бераг і тут харчуюцца. У гэтым выпадку можна хутка перасталяваць паплавочную вудачку з безінерцыйнай катушкай. Паплавок і грузік здымаем, да асноўнай лёскі прывязваем самаробную мармышку 10-20 грамаў. Для нажыўлення пучка чарвякоў прымяняем буйнейшы кручок. Гноевыя чарвякі хутка псуюцца, больш трывалыя – белыя і выпаўзак. Закідваем вуду з берага, крыху супраць цячэння. Мармышка дасягае дна, яе па дузе пачынае зносіць да берага. Можна лавіць перазакідваючы пасля сцягвання прынады на берагавую мель. Каб рыбалка развівалася больш паспяхова, трэба рабіць актыўную праводку. У канцы яе хватка асабліва верагодная, хаця актыўны драпежнік трымаецца непадалёку ад берага, таму за дальнімі закідамі ганяцца не трэба.
САЛАТ «ЗАЛАТАЯ РЫБКА”
Для яго нам спатрэбіцца 0,5 кілаграма рыбнага філе, вараны рыс, 2 яйкі, 3 яблыкі, сталовая ложка маянэзу, соль, зяленіва.
Філе адварыце ў падсоленай вадзе да гатоўнасці, ахаладзіце, нарэжце кавалачкамі. Яблыкі ачысціце, парэжце, дробна пасячыце яйка. Падрыхтаваныя інгрыдыенты змяшайце з рысам, пасаліце, запраўце маянэзам. Перад падачай салат паліце застаўшымся маянэзам, аформіце кавалачкамі яблыка і пасыпце дробна нарэзаным зяленівам.
Маладая жанчына звоніць маці:
– Мама, майму мужу не спадабалася твая фірменая юшка. Нагадай, калі ласка, рэцэпт!
– Бярэш крупу, адварваеш…
– А! Адварваеш!…